• „Паляніяда 2006”
  • 14.04.2006
Яшчэ перад святамі некаторым з вас, паважаныя слухачы, пачтальён можа прынесьці запрашэньне ў Варшаву да ўдзелу ў сёлетнім фінале „Паляніяды 2006”. Гэтая інфармацыя датычыць тых, хто выслаў заяўку да ўдзелу ў мерпрыемстве й тэрмінова выслаў напісаную на польскай мове працу ў польскую дыпляматычную ўстанову, якая перадала ўсе дасланыя працы „Фундацыі Маладой Палёніі” - галоўнаму арганізатару Паляніяды.

На днях у Варшаве журы завершыла ацэнку працаў і пачало падрыхтоўку фіналу. А тым, хто ніколі ня чуў пра Паляніяду, прапануем наступны сюжэт. З галоўным арганізатарам ініцыятывы „Паляніяда 2006” Юзэфам Качмаркам гутарыць Караліна Русіновіч.

Скажыце, калі ласка, як нарадзілася гэтая іныцыятыва й што мае на мэце?

Юзэф Качмарэк:
Ініцыятыва мерапрыемства нарадзілася ў 1993 годзе, а першы конкурс адбыўся ў 1994 годзе. І што два гады сустракаемся ў Варшаве на конкурсах. На першую Паляніяду прыехалі пардстаўнікі з 16 краінаў. А на сёлетні конкурс заяўку на ўдзел даслалі прадстаўнікі з 32 краінаў. Так што спадзяемся багатых плёнаў нашай сёлетняй сустрэчы.

Ведаеце, усё залежыць ад таго, як польскія дыпляматычныя ўстановы падрыхтуюць інфармацыю пра імпрэзу й распаўсюдзяць сярод польскіх дыяспараў. Адныя пасольствы з зацікаўленьнем падыходзяць да нашай прапановы, а іншыя ўвогуле не выказваюць зацікаўленасьці.

Таксама супрацоўнічаем зь Міністэрствам замежных справаў Польшчы ды Міністэрствам асьветы. Кожнае міністэрства ахвотна дапамагае нам у рэалізацыі нашых праграмаў.

А якія тэмы закранаюцца ў працах часьцей за ўсё? І ці чытаючы працу можна даведацца нешта пра ўдзельніка?

Юзэф Качмарэк:
У працы трэба напісаць пра знакамітых ці ўвогуле невядомых палякаў. Напрыклад, пра мясцовых польскіх дзеячаў, пра якіх мы нічога ня ведалі, а яны адыгралі нейкую вялікую ролю ў сваім асдяродзьдзі ў 19 ці 20 стагодзьдзі. Вось, напрыклад, некалькі гадоў таму польская дзяўчына з Кубы, якая некалькі гадоў жыла ў Польшчы, а потым з бацькамі выехала на Кубу, прыслала вельмі цікавую працу пра подзьвігі гэнэрала Бялоўскага, які дзейнічаў ў 19 стагодзьдзі й для кубінцаў зьяўляеца прыкладам патрыятызму. Нават сёньня кубінцы ім ганарацца, а Фідэль Кастра ставіць яму помнікі. А ён быў палякам.

А хто больш цікавіцца конкурсам: моладзь з Захаду, ці з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы?

Юзэф Качмарэк:
Ведаеце, цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Нельга сказаць, што моладзь з Усходу больш цікавіцца Паляніядай. Можна сказаць, што на палову. Бо вельмі часта з Захаду таксама прысылаюць вельмі цікавыя рэфэраты, напрыклад, з Канады ці Амэрыкі. А з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы дамінуе Летува. Таму што там на высокім ўзроўні праводзіцца адукацыя ў польскіх школах. Але й моладзь зьБеларусі штогод таксама бярэ актыўны ўдзел у Паляніядах. Напрыклад, на сёньняшні дзень мы атрымалі цікавую працу ад дзяўчыны зь Беларусі, якая напісала пра знакамітага майстра Патэка , які ў 19 стагодзьдзі рабіў эксклюзіўныя швэйцарскія гадзіньнікі.

А што дае моладзі ўдзел у падобнага тыпу мерапрыемствах?

Юзэф Качмарэк:
Некаторыя зь ляўрэатаў маюць магчымасьць вучыцца ў польскіх вышэйшых навучальных установах. Напрыклад, Вераніка Наўмовіч зь Беларусі напісала прыгожую працу пра Агінскага. Трэба дадаць, што Агінскі нарадзіўся ў Слоніме ў Беларусі. Там яшчэ засталіся руіны яго палацу. І вось за гэтую працу Вераніка за ўзнагароду атрымала магчымасьць вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце на юрыдычным факультэце. А трэба зазначыць, што яна зьяўляецца найлепшаю студэнткай на 2 курсе юрфака Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Фінал „Паляніяды 2006” пачнецца ў Варшаве 26 чэрвеня ў сядзібе таварыства ”Wspólnota Polska”. Трэба дадаць, што тых, чые працы закваліфікаваліся да фіналу , яшчэ чакае абарона працаў перад камісіяй, а таксама шмат конкурсаў. Арганізатары прадугледзелі таксама разнастайныя культурныя мерапрыемствы.

Караліна Русіновіч