• Выдавецкая дзейнасьць у Беларусі
  • 13.04.2006
Беларускія газэты шмат пісалі пра выдавецкую дзейнасьць у Беларусі, у тым ліку пра падручнікі й вучнёўскія часопісы.

Газэта „Раніца” паведамляла пра беларускія падручнікі, якія паяўляліся ў часе Другой сусьветнай вайны. Адзначыла выхад 6-га выданьня (на 104 балонках) Беларускай Граматыкі Браніслава Тарашкевіча ў 1943 годзе. Гэта перадрук 5-га выданьня, якое было падрыхтаванае аўтарам да друку ў часе ягонага знаходжаньня ў польскім астрозе. У 6-м выданьні назіраюцца толькі некаторыя зьмены ў правапісе. Яны ўзгодненыя з раней выданым правапісам Антона Лёсіка, напрыклад, ужываюцца толькі дзеяпрыметнікі залежнага стану на -ны і -ты, а дзеяпрыметнікі незалежнага стану на -ўшы недапушчальныя. Замест іх часам выкарыстоўваюцца формы з суфіксам -л- (пасівелы, струхнелы). Дапаўненьні й зьмены былі зробленыя А. Лёсікам, К. Шкуцькам ды А. Адамовічам.

„Раніца” высока ацаніла выхад 6-га выданьня Граматыкі.

„Беларуская Граматыка Браніслава Тарашкевіча загадам Гэнэральнага Камісара Беларусі зацьверджаная і дапушчаная да школьнага ўжытку, выдана ў колькасьці 100.000 экзэмпляраў. Яна будзе безумоўна вялікім дапаможнікам у вывучэньні беларускае пісьменнасьці.” ( Б. Тарашкевіч, Беларуская Граматыка. Выданьне шостае. Менск, 1943 г. 104 бал. Выдавецтва Школьных Падручнікаў і Літаратуры для Моладзі ў Менску, у: „Раніца”, Бэрлін, 9 студзеня 1944)

Другое паведамленьне ў „Раніцы” датычыцца кніжкі Яна Станкевіча Вучыцца чытаць і пісаць, якая была выдадзеная на 48 балонках у Менску ў 1943 годзе Выдавецтвам школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. „Раніца” прыводзіць зьмест кніжкі ды паведамляе, што прыстасаваная яна да вучэньня дзяцей у пачатковых школах, у ІІ і ІІІ аддзелах. (Я. Станкевіч – Кніжка вучыцца чытаць і пісаць. 48 бал. Менск, 1943 г. Выдавецтва Школьных Падручнікаў і Літаратуры для Моладзі ў Менску, тамсама)

У 1943 годзе ў Рызе выйшла чытанка Канстантына Езавітава Беларуская Школа. Гэта было 3-е выданьне. Чытанка прызначаная для беларускіх школ. Выйшла яна невялікім накладам, у колькасьці 3.000 асобнікаў. „Раніца” шкадуе, таму што такога сьціплага накладу хапала толькі дзеля забесьпячэньня беларускіх школаў у Латвіі. Тым часам на гэтакую літаратуру існавала вялікае запатрабаваньне і ў іншых краінах.( К. Езавітаў – Беларуская Школа. Выданьне трэйцяе. Рыга, 1943 г. , тамсама)

Чарговая інфармацыя датычыць „Школы й Жыцьця”. Гэта вучнёўскі часопіс для ІІ клясы народнае школы. Апрацаваны для ўжытку ў школах Аддзелам культуры Гэнэральнага Камісарыяту ў Менску й выданы на 32 балонках Выдавецтвам падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Асноўнае прызначэньне часопіса – заступіць недахоп падручнікаў і служыць у працы настаўнікам ды вучням. Часопіс быў багата ілюстраваны. („Школа і Жыцьцё” – вучнёўскі часапіс для ІІ клясы народнае школы. Сшыток 1-2. Частка ІІ. Апрацаваны для ўжытку ў школах Аддзелам Культуры Гэнэральнага Камісарыяту ў Менску. Адказны за выпуск Э. Бэтхэр. 32 бал. Менск, 1943. Выдавецтва Падручнікаў і Літаратуры для Моладзі ў Менску, тамсама)

Вялікую ролю добрых падручнікаў падкрэсьлівае газэта „Бацькаўшчына”. Аднак у Беларусі іх шлях ад моманту напісаньня да атрыманьня вучнямі вельмі доўгі. Да 1953 году была выпушчана толькі 31 назва падручнікаў.

„Кнігі доўга залежваюць у рэдактароў і карэктараў выдавецтва, затрымліваюцца ў наборы. Па два і больш месяцаў знаходзіцца амаль гатовая прадукцыя ў брашуравальным і пераплётным цэхах. Усё гэта прыводзіць да таго, што ўстаноўлены графік работы над падручнікамі з месяца ў месяц не выконваецца. (...) Значная колькасьць падручнікаў затрымліваецца з прычыны адсутнасьці картаў, незадавальняючай арганізацыі вытворчага працэсу выдавецтва і друкарні. Асабліва марудна выдаецца мэтадычная літаратура. З заплянаваных 46 назваў надрукавана толькі 5. (...) Падручнікі друкуюцца на дрэннай паперы, вокладкі іх маюць дрэнную афарбоўку. Асабліва нізкай якасьцю вызначаецца работа брашуравальнага й пераплётнага цэхаў. Многія кніжкі пры самым старанным абыходжаньні зь імі хутка ломяцца і расшываюцца.” (В. Б., Школьнае будаўніцтва ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, № 44 (175), Мюнхэн, 8 лістапада 1953, с. 2)

Ніна Баршчэўская