• Выдавецкая дзейнасьць у Беларусі - 3
  • 27.04.2006
Беларускія газэты шмат пісалі пра выдавецкую дзейнасьць у Беларусі, у тым ліку пра падручнікі й вучнёўскія часопісы.

Выхад падручнікаў па беларускай мове ацэньвае беларускі эміграцыйны часопіс „Запісы”.

Рэцэнзію на падручнік Белорусский язык для небелоруссов аўтарства А. Крывіцкага, А. Міхневіча й А. Падлужнага зьмясьціў на старонках „Запісаў” Ян Садоўскі (Я. Садоўскі, А. А. Кривицкий, А. Е. Михневіч, А. И. Подлужный. Белорусский язык для небелоруссов. Минск, издат. „Вышэйшая школа”, 1973, 272 бач., у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1957, с. 127-128). Паведамляе ён пра структуру падручніка. Піша, што Беларуская мова для небеларусаў, апрача ўводзінаў, мае сем разьдзелаў. Кароткі гістарычны агляд беларускай мовы паданы на ўводзінах. А. Падлужны падкрэсьліў важную ролю беларускае мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. На жаль, ніводнага слова няма аб беларускай мове ці літаратуры ў Заходняй Беларусі паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі.

Разьдзел Фанетыка і вымаўленне добра апрацаваны, але ёсьць і некаторыя недахопы. Вельмі карысныя адзінаццаць рысункаў, зь якіх чытач навочна даведваецца аб палажэньні вуснаў і языка пры вымаўленьні розных гукаў. Аднак аканьне й яканьне апісаныя недастаткова, толькі павярхоўна разгледжанае ў. Падлужны канстатуе недакладнасьць, хоць толькі ў выпадку зьмякчэньня с, з, ц і дз беларускага савецкага правапісу.

У разьдзеле Марфалогія, найдаўжэйшым у кнізе, шмат месца прысьвечана апісаньню й клясыфікацыі часьцінаў мовы за кошт аналізу граматычных формаў, асабліва дзеяслоўных. Падбор прыкладаў, у якіх ясна паказаная розьніца паміж беларускай і расейскай мовамі, у некаторых выпадках вельмі трапны (Тамсама, с. 127).

Я. Садоўскі зьвяртае ўвагу на чужое беларускай мове выкарыстаньне вышэйшай ступені прыметнікаў у якасьці найвышэйшай. Прыводзіць таксама кур’ёзны прыклад складанае вышэйшае ступені ад прыметніка малы – куды больш малы.

У трэцім разьдзеле Сінтаксіс разглядаюцца правілы пабудовы сказу, агульныя для ўсіх славянскіх моваў, і пададзены асаблівасьці беларускае мовы. Аўтар рэцэнзіі падкрэсьлівае, што добра адзначаная розьніца сынтаксічнае структуры словазлучэньняў, ужываньня поўных і кароткіх формаў прыметнікаў і дзеяпрыметнікаў ды некаторых зваротаў зь дзеяслоўнай асновай у расейскай і беларускай мовах. Аднак нярэдка розьніца паміж гэтымі мовамі ня вельмі відавочная з прычыны няўдала падабраных прыкладаў. Цяжка зразумець, якім матывам кіраваўся А. Міхневіч, абмяжоўваючы аналіз складанага сказа да аднаго параграфу, калі простаму сказу прыдзяліў месца амаль у дваццаць разоў большае – дакарае Я. Садоўскі.

Чатыры апошнія разьдзелы кароткія. У Хрэстаматыі, найдаўжэйшым з усіх, перадрукаваныя кароткія творы ці ўрыўкі зь беларускага фальклёру, прозы й паэзіі. Падбор тэкстаў трапны. Вельмі дзіўна, што ў разьдзеле, прызначаным для слоўніка, няма беларуска-расейскага слоўніка, які быў бы куды карысьнейшы за зьмешчаны Кароткі дыфэрэнцыяльны расейска-беларускі слоўнік.

Размоўныя выразы ў разьдзеле пад такім назовам падзеленыя на групы, але выразы ў кожнай групе не пададзеныя ў альфабэтным парадку. Выбраная бібліяграфія беларусікі закароткая нават для выбранай. Прапушчаная, прыкладам, нават Беларуская граматыка для школ Б. Тарашкевіча, аб якой успамінаецца ў уводзінах, не пададзены заходнія лінгвістычныя бібліяграфіі, розныя слоўнікі ды працы аб беларускай мове, выдрукаваныя за межамі Савецкага Саюзу.

Тым ня менш, пры ўсіх сваіх недахопах і памылках, Беларуская мова для небеларусаў мае сваю вартасьць – падкрэсьлівае Ян Садоўскі (Тамсама, с. 128).

Пасьля моўнага рэфэрэндуму ў траўні 1995 году, разам з адыходам ад беларусізацыі школьнай сыстэмы, пачаўся вывад падручнікаў, апрацаваных у гадох 1992-1995, калі праводзілася нацыяналізацыя школьніцтва. „Беларус” спасылаецца на газэту „Свабода”, згодна зь якой, такія падручнікі, як: Гісторыя Беларусі для 8-9 клясаў (выданьня 1992-1993 гадоў), Беларуская мова для 3 клясы (1994 год), Буквар Анатоля Клышкі ды іншыя, пачалі дастаўляцца са школьных бібліятэкаў Беларусі на папяровыя фабрыкі дзеля перапрацоўкі ў кардон.

„Неўзабаве – піша «Беларус» – у школы паступяць новыя падручнікі, зьмест якіх канцэптуальна й факталягічна мае на мэце апраўдаць паняволеньне Беларусі расейцамі ў мінулым ды выхоўваць ухвалу сучаснай палітыкі лукашызму, скіраванай на разбурэньне й здачу беларускай дзяржаўнасьці.” (Зьнішчэньне падручнікаў, у: „Беларус”, № 437, Нью-Ёрк, жнівень 1996, с. 4).

Ніна Баршчэўская