• Янук Журба – паэт нацыянальнага абавязку
  • 30.04.2006

На 30 красавіка 2006 году прыпадае 125 гадавіна з дня народзінаў Янука Журбы – паэта грамадзянскага й нацыянальнага абавязку. Гэтая дата зьяўляецца нагодай да таго, каб успомніць добрым словам творцу, які ўсё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў роднай гаротнай старонцы – Беларусі.


Янук Журба (сапраўднае прозьвішча Іван Івашын) нарадзіўся 30 красавіка 1881 году ў Чашніках Віцебскай губэрні ў параўнаўча заможнай сялянскай сям’і. Бацькі будучага паэта высока цанілі адукацыю, і таму пасьля заканчэньня сынам пачатковай і сярэдняй школаў накіравалі яго ў Полацкую настаўніцкую сэмінарыю, якую ён закончыў у 1902 годзе. Характар адукацыі адкрыў яму шлях да настаўніцкай прафэсіі. Аднак, кіруючыся прагай пашырэньня й паглыбленьня ведаў, у хуткім часе паступіў ён у Глухаўскі настаўніцкі інстытут на Чарнігаўшчыне, які закончыў у 1909 годзе.

Зразумела, што ўсе этапы яго адукацыі адбываліся на расейскай мове. Мовай гэтай карыстаўся будучы пісьменьнік, працуючы настаўнікам у шматлікіх школах на Беларусі, Украіне і ў Расеі.

Пасьля рэвалюцыі Янук Журба працаваў у школьных інспэктаратах у некалькіх раёнах Усходняй Беларусі. Пэрыядычна настаўнічаў таксама на Віцебшчыне й Полаччыне.

На шчасьце, сталінскае ліхалецьце з пачатку 1930-х гадоў нейкім шчасьлівым спосабам абмінула гэтага настаўнікай й асьветніцкага дзеяча.

У 1934 годзе Янук Журба пасяліўся ў Менску й патрапіў уладкавацца на прэстыжную працу ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Цяжкая хвароба вачэй прымусіла яго пакінуць акадэмічную прафэсію ды зноў пераехаць на родную Віцебшчыну й працаваць у школах, галоўным чынам настаўнікам сьпеву.

Апошнія гады свайго жыцьця правёў пісьменьнік на Полаччыне, дзе застала яго сьмерць 7 студзеня 1964 году.

Літаратурныя й публіцыстычныя здольнасьці ў жыцьці Янука Журбы праявіліся досыць рана. Ужо ў 1902 годзе пачаў ён друкаваць этнаграфічна фальклёрныя нарысы ў расейскамоўнай газэце „Витебские губернские новости”. У сваіх публікацыях аўтар моцна акцэнтаваў культурна-духоўную беларускую самабытнасьць роднага краю.

З 1909 году пачаў ён зьмяшчаць свае беларускія вершы на старонках „Нашай Нівы”. Ужо на самым пачатку ягонай літаратурнай кар’еры паявіліся адназначныя сымптомы сымпатыі да такіх пісьменьнікаў–нашніўцаў, як Якуб Колас, Янка Купала, Эліза Пашкевіч-Цётка, якія дэманстравалі сваё поўнае аднародзтва зь беларускім сялянствам і гатоўнасьць служыць ідэі грамадзянскага й нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

Грамадзянская нацыянальная лірыка Янука Журбы адзначалася заўсёды спакоем і гарманічнасьцю. Чужымі ёй былі дэмагагічныя дэклярацыі й рэвалюцыйныя заклікі. Янук Журба са спакоем і пасьлядоўнасьцю сеяў свае паэтычныя зерні на беларускай грамадзянскай і нацыянальнай глебе, верачы, што ў канцы канцоў ягоная творчасьць прычыніцца да нацыянальнага беларускага адраджэньня.

Паўнейшы росквіт яго паэтычнай творчасьці прыпаў на савецкі час, калі паэт выдаў такія зборнікі, як: Заранкі, Ясныя шляхі, Вершы, Роднае, Мае песьні.

Бадай што найглыбей талент Янука Журбы праявіўся ў такіх яго зборніках для дзяцей, як: Ластаўкі, Сонечная раніца, Сьветлыя дні. У гэтай катэгорыі творчасьці выступілі найбольш поўна прыроджаныя здольнасьці паэта, узмоцненыя настаўніцкай адукацыяй ды шматгадовай працай у беларускіх школах.

Янук Журба вядомы таксама як аўтар перакладу на беларускую мову знакамітага раман Фёдара Дастаескага Бедныя людзі.

Алесь Барскі