• Яўхім Карскі - стваральнік лінгвістычнай геаграфіі
  • 29.04.2006
ЯЎХІМ КАРСКІ

29 красавіка мінае 75 гадоў з дня сьмерці беларускага мовазнаўцы й фальклярыста Яўхіма Карскага. У сувязі з гэтым прыгадаем важнейшыя моманты зь ягонага жыцьцёвага й творчага шляху.

Нарадзіўся Яўхім Карскі 1 студзеня 1861 году ў сям’і вясковага настаўніка пачатковай школы ў вёсцы Лаша Гарадзенскага раёну. Вучыўся ў Ятранскім і Бярозавецкім народных вучылішчах, у Менскай духоўнай сэмінарыі, а ў гадох 1881-1885 – у Нежынскім гісторыка-філялягічным інстытуце. У гэтым інстытуце пад кіраўніцтвам праф. Р.Ф.Бранта Яўхім Карскі напісаў сваю першую працу, прысьвечаную гукавому ладу й марфалёгіі беларускае мовы.

17 верасьня 1891 году ён пасьпяхова вытрымаў магістарскі экзамен у Варшаўскім унівэрсытэце. 24 кастрычніка 1893 году Кіеўскі ўнівэрсытэт таксама прысвоіў яму званьне магістра за дасьледаваньне фанэтыкі й граматыкі беларускае мовы. Пасьля гэтага Карскі стаў штатным выкладчыкам, а празь некаторы час – дацэнтам катэдры царкоўнаславянскай і расейскай моваў гісторыка-філялягічнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту. 14 сьнежня 1896 году пасьпяхова абараніў ён доктарскую дысэртацыю пра беларускія пераклады Псалтыра ў XV-XVII ст.ст. у Маскоўскім унівэрсытэце, а 14 лютага 1897 году Варшаўскі ўнівэрсытэт прысвоіў яму званьне штатнага прафэсара. Карскі чытаў лекцыі па розных лінгвістычных дысцыплінах у некалькіх унівэрсытэтах: да 1915 году – у Варшаўскім унівэрсытэце, у 1915 годзе – у Растоўскім-на Доне, а з 1916 году – у Петраградзкім.

Яўхім Карскі быў сапраўдным філёлягам. Ён займаўся старажытнымі славянскімі мовамі, палеаграфічнымі асаблівасьцямі пісьмовых помнікаў, літаратурай і фальклёрам уходніх славянаў ды ўзаемаадносінамі сучасных славянскіх моваў. Але асноўны яго падзьвіг – стварэньне навукі пра беларускую мову. Дзеля гэтага яму трэба было апісаць асноўныя пісьмовыя помнікі беларускай мовы, пачынаючы з XIII-XIV ст.ст., дасьледаваць сучасную жывую мову, на якой напісаныя літаратурныя творы, розныя мясцовыя гаворкі, зрабіць выбар з фальклёрных, этнаграфічных і дыялекталягічных запісаў, параўнаць факты беларускае мовы з адпаведнымі фактамі расейскай, украінскай і польскай моваў.

Асноўным дасягненьнем Яўхіма Карскага зьяўляецца 3-томная праца Беларусы. У 1 томе аўтар зьмясьціў 2 карты: Этнаграфічную карту беларускага племені і Этнаграфічную карту беларускага племені. Беларускія гаворкі. Асаблівую каштоўнасьць мае другая карта, на якой пазначана тэрытарыяльнае пашырэньне фанэтычных зьяваў беларускае мовы ды зроблена клясыфікацыя беларускіх дыялектаў. На ёй вызначаны паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні й сярэдні дыялекты беларускае мовы, адзначаны таксама масыў палескіх гаворак. Клясыфікацыю беларускіх гаворак Карскі правёў на аснове такіх рысаў, як: цьвёрдае й мяккае р, моцнае і ўмеранае аканьне, цоканьне, саканьне, дыфтонгі. З гэтай карты, г.зн. з 1903 году ў беларускім мовазнаўстве пачалася новая навука – лінгвістычная геаграфія.

Жывучы ў Петраградзе, Карскі цікавіўся разьвіцьцём беларускага мовазнаўства й актыўна ўключаўся ў абмеркаваньне пытаньняў нармалізацыі мовы, распрацоўкі навуковай тэрміналёгіі, укладання тлумачальнага й гістарычнага слоўнікаў. У 3 томе Беларусаў, які выйшаў у 1922 годзе, вучоны прапанаваў цэлую праграму лексыкаграфічнай працы на Беларусі.

Карскі быў вельмі плённым дасьледчыкам. У сьпісе ягоных прац налічваецца больш за 100 публікацыяў, сярод якіх ёсьць шмат грунтоўных дасьледаваньняў, манаграфіяў, дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшых школ, навуковых дакладаў, публічных выступленьняў, крытыка-бібліяграфічных артыкулаў і г.д.

Карскі быў таксама выдатным арганізатарам унівэрсытэцкай працы. Яго двойчы выбіралі на пасаду рэктара Варшаўскага ўнівэрсытэту (у 1905 і 1908 гадох), а зь пераездам у 1916 годзе ў Петраград, зьяўляўся ён сябрам Управы й Прэзыдыюма Акадэміі Навук, дырэктарам Музэя антрапалёгіі й этнаграфіі, старшынём Слоўнікавай камісіі. У 1916 годзе Карскі быў абраны акадэмікам Расейскай Акадэміі Навук, а ў 1929 годзе – Чэскай Акадэміі Навук.

Памёр Яўхім Карскі 29 красавіка 1931 году ў Ленінградзе.

Ніна Баршчэўская