• Алег Лойка на шляху да нацыянальнага
  • 01.05.2006

1 траўня 75 гадоў спаўняецца беларускаму пісьменьнікаму й вучонаму Алегу Лойку. У сувязі з гэтым прапануем тэму разважаньняў – Алег Лойка на шляху ад інтэрнацыянальнага да нацыянальнага.

Ужо шмат гадоў Алег Лойка належыць да найбольш плённых і унівэрсальных беларускіх літаратуразнаўцаў, паэтаў, празаікаў і выдаўцоў.

Нарадзіўся ён у сям’і фэльчара ў Слоніме 1 траўня 1931 году. Ягонае раньняе дзяцінства праходзіла ў польскай даваеннай рэчаіснасьці, калі родны Лойкаў Слонім, як і ўся Гарадзеншчына, уваходзіў у склад міжваеннай Польшчы. Фэльчарская прафэсія бацькі запэўнівала сям’і Лойкі параўнаўча неблагі ўзровень матэрыяльнага жыцьця.

Зь верасьня 1939 году па ліпень 1944 году малады Лойка й ягоныя бацькі бытавалі ў складанай рэчаіснасьці новых сыстэмаў – савецкай і нямецкай. Пасьля адыходу зь Беларусі гітлераўскай арміі ў ліпені 1944 году жыцьцё сям’і Лойкаў акунулася з галавою ў савецкую праўду й савецкую ману.

Малады Алег Лойка, закончыўшы сярэднюю школу, паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і стаў спачатку асьпірантам, а пасьля кандыдатам навук, дацэнтам, прафэсарам і ўрэшце чальцом Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Ужо шмат гадоў Алег Лойка знаходзіцца ў гушчы беларускага літаратурнага, навуковага й дыдактычнага жыцьця. Здабыў ён вялікую папулярнасьць, прызнаньне й славу як шматгадовы загадчык Катэдры беларускай літаратуры й дэкан філялягічнага факультэту БДУ, а таксама як апякун вялікай пляяды пачынаючых маладых пісьменьнікаў ды навуковы кіраўнік многіх асьпірантаў і актыўны ініцыятар польска-беларускага навуковага й літаратурнага супрацоўніцтва.

Спэцыфіка літаратурнага шляху Алега Лойкі палягае на тым, што свае першыя вершы апублікаваў ён падчас нямецкай акупацыі ў 1943 годзе на старонках „Баранавіцкай газэты”.

Сапраўдны росквіт ягонага паэтычнага таленту прыпаў на 50-80-я гады мінулага ўжо стагодзьдзя. Сьведчаньнем вялікіх посьпехаў Алега Лойкі ў паэтычнай галіне зьяўляюцца такія зборнікі, як: На юначым шляху (1959), Задуменныя пералескі (1961), Дарогі і летуценьні (1963), Блакітнае азерца (1965), Каб не плакалі кані (1967), Дзівасіл (1969), Калі ў дарозе ты (1971), Шчырасьць (1973), Пачуцьці (1976), Лінія жыцьця (1978), Скрыжалі (1981), Няроўныя даты (1983), Грайна (1986), Пралескі ў акопах (1987), Балады вайны і міру (1989). Апрача гэтага Алег Лойка выдаў цэлы шэраг паэтычных зборнікаў для дзяцей.

Па сутнасьці, амаль усе названыя зборнікі ўтрыманыя ў нарматывах прынцповасьці сацрэалізму. Паэт славіў у вершах векапомныя дасягненьні сацыялістычных пераўтварэньняў, хваліў геніяльнасьць і высакароднасьць партыі, прарочыў вялікую перамогу сацыялізму над капіталізмам. Стараўся зашчапіць чытачам перакананьне аб тым, што сацыялізм і камунізм – гэта радасная пэрспэктыва ня толькі для савецкіх людзей, але й людзей добрай волі ўсяго сьвету.

Нельга не падкрэсьліць вялікага значэньня для беларускага літаратауразнаўства ягонай кнігі Як агонь, як вада (1984), прысьвечнай жыцьцю й творчасьці Янкі Купалы.

З задзіўляльнай лёгкасьцю Алег Лойка перакінуўся з сучаснасьці ў далёкую мінуўшчыну, што праявілася ў ягоным рамане–эсэ Францыск Скарына або сонца маладзіковае(1990). Гэтая кніга выйшла напярэдадні развалу і ўпадку Савецкага Саюзу, які на працягу карокага часу з гордай будучыні сьвету пераўтварыўся ў магільнік гісторыі.

Узьнікненьне незалежнай Рэспублікі Беларусь сталася пачаткам рэзкага павароту ў творчасьці Алега Лойкі, які рашуча перайшоў на грунт беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. Уся ягоная творчасьць пасьля 1991 году пранізаная духам беларускага сувэрэнітэту як найвышэйшай маральнай, грамадзянскай і нацыянальнай каштоўнасьці.

Нельга не згадаць і пра тое, што Алег Лойка зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэньне польска-беларускіх літаратурных і культурных сувязяў. Сьведчаньнем гэтага зьяўляюцца ягоныя манаграфіі: Адам Міцкевіч і беларуская літаратура, Беларуска-польскія літартаурныя сувязі, два тамы Анталогіі польскай паэзіі XX стагодзьдзя. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, Алег Лойка надалей актыўна працуе як у галіне паэзіі, гэтак і ў дасьледаваньні гісторыі беларускай літаратуры й культуры.

У сувязі з 75-годзьдзем гэтага творцы хочам ад душы пажадаць яму далейшай прысутнасьці ў нацыянальным духоўным беларускім жыцьці ды актыўнага ўдзелу ў будаваньні нармальных і прыязных польска-беларускіх дачыненьняў.

Алесь Барскі