• Слоўнікі беларускае мовы
  • 04.05.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы слоўнікаў беларускае мовы.

У артыкуле На 100-годзьдзе беларускага слоўніка (Раман Шарупіч – псэўданім Вітаўта Тумаша, у: „Беларус”, № 169, Нью-Ёрк, травень 1971, с. 2) газэта „Беларус” прыгадвае значэньне Слоўніка Насовіча, у якім сабрана і растлумачана 30 тысяч словаў жывой беларускай мовы.

„Гэты тлумачальны слоўнік беларускай мовы XІX стагодзьдзя быў першым і грунтоўным дасьледваньнем у галіне беларускай лексыкаграфіі, які адлюстроўваў багацьце лексычных рэсурсаў гутарковай беларускай мовы. Укладаньню Слоўніка І. Насовіч прысьвяціў каля 20 год жыцьця.” (Тамсама )

Часопіс „Крывіч” адзначае таксама выхад Віцебскага краёвага слоўніка Мікалая Касьпяровіча, выданага ў 1926 годзе Віцебскім акруговым таварыствам краязнаўства й выдавецтвам „Заря Запада”. Слоўнік надрукаваны на 192 старонках і толькі ў 10 экзэмплярах. Краёвыя слоўнікі павінны легчы ў аснову беларускае мовы – чытаем у рэцэнзіі, зьмешчанай на старонках „Крывіча” (М. І. Касьпяровіч. Віцебскі краёвы слоўнік, у: „Крывіч”, № 12, Каўнас 1927, с. 117-118). Іх асноўнае заданьне – зафіксаваць правінцыянальныя асаблівасьці мовы. Віцебскі краёвы слоўнік ня вывязаўся з гэтага заданьня, таму што характэрныя віцебскія словы, вядомыя з этнаграфічных запісаў, у слоўніку прадстаўлены даволі рэдка. Аднак, нягледзячы на некаторыя недахопы, Віцебскі краёвы слоўнік дае многа цікавага й цэннага.

Часопіс „Крывіч” адзначае выхад у 1927 годзе ў Менску накладам 10 тысяч асобнікаў Беларуска-расійскага слоўніка Мікалая Байкова й Сьцяпана Некрашэвіча (М. Байкоў і С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік, тамсама, с. 116-117).

„Гэта адзін з чародных слоўнікаў, якія павінны служыць часова да практычнага ўжытку, а пасьля легчы ў аснову, нараўне з іншымі падобнымі слоўнікамі, як матэр’ял да апрацоўкі навуковага слоўніка беларускай мовы. (...) Вялікай нястачай слоўніка ёсьць тое, што ён не дае этымолёгічнага значэньня слоў. (...) Слоўнік грашыць такжа этымолёгічнымі спамылкамі. (...) Слоўнік мае багата няўдалых новатвораў («мігаваньне» – міміка, «мігадзея» – пантоміна і г. пад.) Слоўнік далёка няпоўны. (...) Выданы слоўнік сьціпла. Сустрачаюцца словы са слоўніка В. Ластоўскага, але апошні чамусьці ў ліку матэр’ялаў не паказаны.” (Тамсама, с. 117)

Выхаду Беларуска-рускага cлоўніка ў 1962 годзе была прысьвечаная рэцэнзія Станіслава Станкевіча, зьмешчаная на старонках „Запісаў” (Беларуска-Рускі Слоўнік. Пад рэдакцыяй акадэміка К. Крапівы. Акадэмія Навук Беларускай ССР. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Дзяржаўнае Выдавецтва замежных і нацыянальных слоўнікаў, Масква, 1962, каля 90 000 слоў, тыраж 15 000 экз., бач. 1048, у: „Запісы”, кн. 2, Нью-Ёрк 1963, с. 205-207). На думку аўтара публікацыі:

„Выданьне гэтага слоўніка наагул – зьява бясспрэчна пазытыўная. Аднак зрэдагаваньне яго й падбор уведзеных у яго словаў выразна йшлі па лініі агульнае бальшавіцкае моўнае практыкі – нівэляцыі апрычонасьці й самабытнасьці беларускае мовы й мэханічнага набліжэньня яе да мовы расейскае.” (Тамсама, с. 205)

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што да гэтае мэты ўкладальнікі й рэдактар слоўніка йшлі наступнымі шляхамі:

1. Яны паўтарылі ў Беларуска-рускім слоўніку ўсе тыя русыцызмы, якія былі ўжо ўведзеныя ў беларускую частку Руска-беларускага слоўніка, напрыклад: зьнешні замест вонкавы; каварны замест падступны, зрадлівы; разараць замест разбураць, спусташаць, руйнаваць; сукупнасьць замест суцэльнасьць і г. д.

2. Адпаведныя русыцызмам беларускія словы найчасьцей падаюцца ў слоўніку таксама, але са звужаным значэньнем, напрыклад: вогнішча пададзенае толькі ў асноўным значэньні, якому адпавядае расейскае слова костёр, а ў пераносным значэньні замененае русыцызмам ачаг; слова лекар выступае з азначэньнем размоўнае, значыць, слоўнік не рэкамэндуе яго ўжываць у літаратурнай мове;

3. У Беларуска-рускім слоўніку зьявіліся й такія чыста расейскія словы, якіх яшчэ не было ў беларускай частцы Руска-беларуcкага слоўніка з 1953 году, напрыклад: аберагаць замест ашчаджаць, ахоўваць; дзяшовы замест танны і г. д.;

4. У Беларуска-рускім слоўніку няма цэлага шэрагу беларускіх словаў, якія шырока ўжываюцца беларускімі пісьменьнікамі, напрыклад: няма слова нямогласьць, як сыноніму словаў нездаровасьць, хворасьць (Тамсама, с. 205-206).

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на інфармацыю ў Прадмове да слоўніка, дзе паведамляецца, што падаецца ў ім „навейшая лексыка”, якая ўвайшла ў ужываньне „ў гады сацыялістычнага будаўніцтва”. Па словах аўтара рэцэнзіі:

„Гэта ня што іншае, як мэханічны перанос у беларускую мову чыста расейскіх словаў на месца выціснутых зь яе беларускіх словаў, якія сваім каранём, марфалягічнай структурай або сэмантычным значаньнем розьняцца ад адпаведных словаў расейскае мовы. Гэткая бязьлітасна хірургічная практыка над жывой і здаровай беларускай мовай афіцыйна завецца ў Савецкім Саюзе «ўзбагачаньнем і ўдасканаленьнем беларускае мовы».” (Тамсама, с. 206)

С. Станкевіч адзначае, што прыведзеныя прыклады „даволі паказваюць, што гэта ня слоўнік запраўднай беларускай мовы, але слоўнік беларускай савецкай зрусыфікаванай і далей саветызаванай-русыфікаванай беларускай мовы.” (Тамсама, с. 207)

Абодва слоўнікі: Руска-беларускі слоўнік 1953 году й Беларуска-рускі слоўнік 1962 году былі падрыхтаваныя пасьпешліва, на недастаткова багатай лексычнай базе. У Руска-беларускім слоўніку часта на першым месцы ставілася калька, а толькі далей арыгінальнае беларускае слова.

Беларускі эміграцыйны дасьледнік зьвяртае ўвагу й на сьцьвярджэньне ў Прадмове да Беларуска-рускага слоўніка, што павінен ён служыць ня толькі практычным дапаможнікам пры перакладах зь беларускае мовы на расейскую, але й сродкам павышэньня культуры беларускае мовы. З гэтага вынікае, што ўкладальнікі слоўніка й ягоны рэдактар імкнуліся надаць слоўніку нарматыўны характар.

„Але такое «павышэньне культуры беларускае мовы», якое дае гэты Слоўнік, гэта ня што іншае, як зьдзек над беларускай мовай, зьдзек над беларускай культурай наагул.” (Тамсама )

Ніна Баршчэўская