• Васіль Якавенка ў пошуках горкай беларускай праўды
  • 05.05.2006


Васіль Якавенка ў пошуках горкай беларускай праўды – гэта тэма перадачы, навеяная 70-мі ўгодкамі з дня народзінаў гэтага выдатнага беларускага пісьменьніка.


Васіль Якавенка нарадзіўся ў сялянскай сям’і 5 траўня 1936 году ў вёсцы Пажыхар Пінскага ваяводзтва. Ягонае дзяцінства й раньняе юнацтва прыпалі на даваенную польскую рэчаіснасьць, савецкую ўладу ў гадох 1939-1941, нямецкую акупацыю з пэрыяду 1941-1944 і ўрэшце ізноў савецкую рэчаіснасьць, якая паўторна вярнулася на Палесьсе ў 1944 годзе ў выніку бліскучай вайсковай апэрацыі „Баграціён”, праведзенай Чырвонай арміяй у 1944 годзе.

У часе нямецкай акупацыі малая айчына Якавенкі была ўключана немцамі ў межы Ўкраіны. Пасьля паражэньня Нямеччыны Палесьсе ізноў вярнулася ў склад Беларусі.

Пасьля вайны маладому Васілю Якавенку ўдалося вырвацца з пакутлівага калгаснага бытаваньня, закончыць сярэднюю школу геалягічнага характару, адбыць вайсковую службу, удзельнічаць у шматлікіх геалягічных экспэдыцыях, папасьці на працу ў Беларускае радыё, урэшце ў 1966 годзе закончыць завочна Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і ў 1972 годзе стаць рэдактарам аддзелу Навукі й мастацтва ў рэдакцыі штомесячніка „Полымя”.

У гадох 1977-1978 Васіль Якавенка быў сакратаром Праўленьня Саюзу кінэматографаў БССР.

Чарнобыльскую катастрофу Якавенка ўспрыняў як асабістую трагедыю і трагедыю малой айчыны – Палесься, якая апынулася амаль у эпіцэнтры чарнобыльскага катаклізму. Менавіта гэты факт паспрыяў яго заангажаваньню ў працэс ратаваньня ахвяраў чарнобыльскага няшчасьця. У 1990 годзе стаўся ён прэзыдэнтам Беларускага сацыяльна-эканамічнага саюзу „Чарнобыль”.

У другой палове 1990-х гадоў Васіль Якавенка быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў СССР і Саюз пісьменьнікаў Беларусі.

Першыя празаічныя творы Васіля Якавенкі паявіліся ў друку ў 1957 годзе. Друкаваў ён іх у такіх газэтах, як „Гомельская праўда” і „Калгасная праўда”. Ужо тады здабыў ён даволі вялікую папулярнасьць як аўтар такіх кніг, як: расейскамоўная Земля открытая нами і беларускамоўныя: Пробны камень, Пакуль сонца ў зеніце, Дайсці да ладу, Вясковыя дыспуты, Другой зямлі не будзе.

Па сутнасьці, усе гэтыя творы былі ўтрыманыя ў нарматывах сацрэалізму. У названай прозе дамінавалі: праграмная радасьць савецкага жыцьця, гармонія паміж савецкімі людзьмі, прадбачлівасьць і высакароднасьць кіраўнічых савецкіх камуністычных органаў, ідэя перавагі сацыялізму над капіталізмам. Варта аднак адзначыць, што ў яго раньняй прозе нярэдка паяўляліся крытычныя тэндэнцыі ў характарыстыцы савецкага паваеннага жыцьця.

У 2003 годзе Васіль Якавенка напісаў і выдаў раман Надлом, які стаўся пераломным і наватарскім ня толькі ў творчасьці самога пісьменніка, але й ва ўсёй беларускай прозе. У гэтым творы Васіль Якавенка выступіў як дасканалы знаўца й геніяльны назіральнік тых перамен, эвалюцыяў, крахаў, катастрофаў і пераўтварэньняў, якія наступілі ў Беларусі, і асабліва на Палесьсі, пачынаючы ад упадку царызму, праз узьнікненьне Савецкага Саюзу, адраджэньне незалежнай Польшчы ды ўпадак яе ў 1939 годзе, прыход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, пераможны паход Вэрмахту ў 1941 годзе, а канчаючы разгромам нямецкай арміі на Беларусі ў 1944 годзе. Пісьменьнік прадставіў шырокую характарыстыку нямецкай акупацыі, разьвіцьцё савецкага партызанскага руху, спробы сьвядомых беларусаў выкарыстаць акуапцыйную рэчаіснасьць да стварэньня хаця б уяўнасьці беларускай незалежнасьці.

Наватарства пісьменьніка праявілася, між іншым, у яскравай карціне разгулу савецкіх партызанаў, якія нярэдка замест таго, каб змагацца зь немцамі, распраўляліся зь мясцовым насельніцтвам. Апрача гэтага Якавенка вельмі арыгінальна паказаў сужыцьцё на Палесьсі беларусаў, палякаў і габрэяў, а таксама такіх грамадзкіх праслоек, як сяляне, рамесьнікі, гандляры, сьвятары, чыноўнікі, урэшце шляхцічы й памешчыкі. Адным словам, Якавенка стварыў выключна цікавую мазайку нацыянальнага, сацыяльнага й палітычнага жыцьця ў пэрыяд вялікіх пераўтварэньняў, зрухаў і войнаў на прыкладзе галоўным чынам жыцьця жыхароў палескага мястэчка Мотыль. Ваенныя катаклізмы кінулі многіх герояў рамана Надлом на заходнія землі Польшчы, у Нямеччыну ды ў далёкую Амэрыку.

Мы ня ведаем творчых плянаў Васіля Якавенкі, аднак – у сувязі зь 70-годзьдзем – хацелася б пажадаць яму, каб у далейшай сваёй творчасьці нязьменна й пасьлядоўна трымаўся таго шляху праўды, аўтэнтызму, а таксама той вернасьці беларускай тоеснасьці й змагарнасьці, на які ўзышоў у сваім знакамітым рамане Надлом, што зьвястуе новую эпоху ва ўсёй беларускай прозе.

Алесь Барскі