• Слоўнікі беларускае мовы - 2
  • 11.05.2006
Нью-ёрскі часопіс „Навіны зь Беларусі” заўважыў неабходнасьць выданьня беларускага біяграфічнага слоўніка, да якога быў сабраны багаты матэрыял. Газэта „Звязда” даўжэйшы час вяла на сваіх старонках разьдзел Нашы слаўныя землякі, у якім падаваліся біяграфіі выхадцаў зь Беларусі, што зрабілі ўнёсак у разьвіцьцё навуковага й культурнага прагрэсу, найчасьцей царскае Расеі.

„Разьдзел гэты можна было-б пашырыць і на пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага, у гісторыі якога цімала слаўных «землякоў». Зь беларускага народу выйшлі тысячы выдатных людзей. Гісторыкі Беларусі зрабілі-б вялікую справу, калі-б сабралі весткі пра іх у вялікі Беларускі біяграфічны слоўнік, што быў-бы манумэнтам творчаму таленту нашага народу.” (Беларускі біяграфічны слоўнік, у: „Навіны зь Беларусі”, № 13 (60), Нью-Ёрк, 15 ліпеня 1966, с. 7)

Важнай падзеяй у галіне беларускай лексыкаграфіі быў выхад у 1963 годзе Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, які аднак, на жаль, абмежаваны толькі да тэрыторыі Беларусі, быццам бы гаворкі беларускае мовы не выходзяць па-за дзяржаўныя межы краіны – заўважае Янка Запруднік на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус”:

„Калі-б выданьне называлася Дыялекталягічны атляс беларускай мовы ў БССР, такі падыход быў бы зразумелы. Але-ж не, гэта мае быць, як кажа загаловак, атляс беларускае мовы наагул. Досыць аднак узяць моўную карту акадэміка Карскага, другі том манумэнтальнае працы якога пра беларускую мову быў перавыдадзены ў Маскве ў 1955-56 гадох, каб пабачыць, які вялікі беларускі моўны прастор на ўсходзе й паўночным-усходзе ад сучаснае мяжы БССР выкінуты за борт усякіх навукова-дасьледніцкіх узважаньняў...” (Русыфікацыя ў „навуковым” пляне, у: „Беларус”, № 139, Нью-Ёрк, лістапад 1968, с. 2)

У лютым 1968 году ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР прайшла першая міжрэспубліканская канфэрэнцыя па беларускай лексыкалёгіі й этымалёгіі. На канфэрэнцыі былі зачытаныя мовазнаўцамі зь Менску, Горадні, Мазыра, Вільні, Рыгі, Кіева, Львова, Адэсы, Масквы, Ленінграду, Нікалаева й Арла 63 даклады. Часопіс „Навіны зь Беларусі” зьвяртае ўвагу на сумесны даклад А. Жураўскага й І. Шадурскага пра сучасны стан і задачы беларускай лексыкалёгіі, у якім былі ахарактарызаваныя дасягненьні беларускае лексыкалёгіі й лексыкаграфіі за пэрыяд ад узьнікненьня беларускага мовазнаўства да 1968 году. У 60-х гадох ХХ стагодзьдзя найважнейшай працай у гэтай галіне зьяўлялася падрыхтоўка тлумачальнага, этымалягічнага, гістарычнага й дыялектных слоўнікаў беларускае мовы, безь якіх немагчыма было праводзіць плённую працу ў галіне лексыкалёгіі й этымалёгіі. Пэрспэктыўнымі ўяўляліся таксама дасьледаваньні аб сувязях беларускае мовы зь іншымі мовамі ў галіне лексыкі, асабліва вывучэньня лексычнага ўплыву беларускае мовы на іншыя суседнія славянскія й неславянскія мовы. У прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі канфэрэнцыі выказалі пажаданьне выдаць канфэрэнцыйныя матэрыялы асобным зборнікам. У рэзалюцыі было ўказана на неабходнасьць падрыхтоўкі й абмеркаваньня ў 1969 годзе пробных выпускаў Этымалагічнага слоўніка беларускай мовый Слоўніка старабеларускай мовы. Прызначана мэтазгодным пачаць працу па складаньні беларуска-ўкраінскага і ўкраінска-беларускага слоўнікаў, а таксама адваротнага, частотнага й прадметна-сынанімічнага слоўнікаў беларускае мовы. Выказана пажаданьне распачаць публікацыю раней падрыхтаваных беларускіх лексыкаграфічных працаў, якія па розных прычынах ня выйшлі з друку, ды слоўнікаў, якія сталіся бібліяграфічнай рэдкасьцю. Неабходнай умовай для плённага вывучэньня лексыкі беларускае мовы прызнана працу па выданьні важнейшых помнікаў старабеларускае пісьмовасьці. Усе ўдзельнікі канфэрэнцыі адзінадушна падтрымалі думку пра неабходнасьць выданьня спэцыяльнага беларускага мовазнаўчага часопіса. (Рэзалюцыя пра слоўнікі й часапіс, у: „Навіны зь Беларусі”, № 18 (113), Нью-Ёрк, 30 верасьня 1968, с. 4, спасылка на: А. С. Аксамітаў, А. І. Жураўскі, В. У. Мартынаў, Першая міжрэспубліканская канферэнцыя па беларускай лексікалогіі і этымалогіі, „Весці АН БССР”. Серыя грамадскіх навук, № 3, Мінск 1968, с. 131-133).

Алесь Яськевіч уважае, што нявырашанасьць многіх праблемаў разьвіцьця мовы, яе культуры, правапісу, вымаўленьня, нармалізацыі, пытаньняў стылістыкі ды адарванасьць беларускага мовазнаўства ад жывое практыкі слова ў значнай ступені тлумачыцца адсутнасьцю друкаванага воргану, які б зьвязваў навуку з жыцьцём і на старонках якога можна было б правесьці шырокае абмеркаваньне моўных працэсаў. (Яшчэ адна спроба „дома быць ня госьцем”(Да пытаньня беларускага моваведнага часапісу), у: „Навіны зь Беларусі”, № 2 (121), Нью-Ёрк, 31 студзеня 1969, с. 2, спасылка на: А. Яськевіч, Неўладкаванае філалагічнае сумежжа, „Маладосць”, № 11, Мінск 1968, с. 145)

Ніна Баршчэўская