• Барыс Сачанка – летапісец роднага краю
  • 15.05.2006


15 траўня мінае 70 гадоў з дня народзінаў Барыса Сачанкі – выдатнага беларускага празаіка, летапісца роднага краю. Прайшоў ён складаны жыцьцёвы й палітычны шлях, які прывёў яго да ідэі вернай службы адроджанай незалежнай Беларусі.

Барыс Сачанка паходзіў з Гомельшчыны зь сям’і саўгаснага рабочага. Ягонае дзяцінства прайшло ў нястачах і бедах, выкліканых прымусовай калектывізацыяй беларускай вёскі. У час акупацыі ў 1943 годзе цэлая сям’я Сачанкаў была вывезеная ў Нямеччыну на прымусовую працу, адкуль на радзіму вярнулася ў 1945 годзе.

У 1960 годзе Барыс Сачанка скончыў філялягічны факультэт БДУ. Працаваў журналістам у часопісе „Вожык”, літаратарам у часопісе „Полымя”, сакратаром Управы Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, загадчыкам рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры ў выдавецтве „Мастацкая літаратура”, і наканец – дырэктарам рэдакцыі „Беларускай энцыкляпэдыі”.

Працаваў Барыс Сачанка, не ашчаджаючы сябе. Можна сказаць, што згарэў на свайго роду агні ахвярнай працы для айчыны. Памёр ён нечакана, на 59 годзе свайго жыцьця ў часе выконваньня службовых абавязкаў у рэдакцыі „Беларускай энцыкляпэдыі”.

Літаратурны талент праявіўся ў Барыса Сачанкі ў першыя студэнцкія гады. Пачынаючы з 1956 году, ягоныя творы пачалі паяўляцца ў сталічных часопісах, а таксама ў форме асоных кніжак. Да найбольш вядомых празаічных кніг Барыса Сачанкі трэба залічыць: Дарога ішла праз лес, Барвы раньняй восені, Зямля маіх продкаў, Пакуль не разьвіднела, Апошнія і першыяДарогі, Аксана, Памяць, Тры аповесьці, Чужое неба. Бадай што найбольшым дасягненьнем у творчасьці празаіка была трылёгія Вялікі лес, напісаная ў першай палове 1980-х гадоў.

Барыс Сачанка цікавіўся рознымі пэрыядамі ў жыцьці беларускага народу й рознымі тэмамі з жыцьця беларусаў. Мастацкая проза была для яго формай дасьледаваньня лёсаў айчыннага краю. Барыс Сачанка – гэта летапісец побыту Гомельскага Палесься, якое 20 гадоў таму было закранута сьмяротным подыхам Чарнобыля. У адным з найбольш забруджаных мястэчкаў Гомельшчыны – у Хойніках жыла маці пісьменьніка й ягоныя блізкія. Барыс Сачанка, як ніякі іншы беларускі пісьменьнік, перажыў драму роднага краю, які папаў у чарнобыльскую бездань.

Раней Барыс Сачанка адклікаўся да найбольш пераломных пэрыядаў у гісторыі роднага краю, між іншым, часта займаўся пэрыядам акупацыі, калі Беларусь апынулася на грані поўнага біялягічнага вынішчэньня. Нягледзячы на абавязваючы ў беларускай літаратуры сацыялістычны рэалізм, які прымушаў пісьменьнікаў ставіць ідэалёгію й палітыку вышэй за праўду, Барыс Сачанка нярэдка адклікаўся ў сваёй творчасьці да прынцыпаў крытычнага рэалізму, які пазваляў гаварыць пра рэчаіснасьць згодна з праўдай.

Барыс Сачнка пад канец свайго жыцьця прыйшоў да высновы, што ўсе беларусы, незалежна ад поглядаў, павінны служыць сваёй айчыне. Гэтакае перакананьне прывяло яго да зацікаўленьня беларускай эміграцыяй. Дзякуючы ягоным намаганьням, выйшлі такія кнігі, як: Сьняцца сны аб Беларусі, На суд гісторыі, Туга па радзіме. Усе гэтыя публікацыі мелі агромністае значэньне ў працэсе азнаямленьня беларускага чытача з той галіной беларускай літаратуры, якая раней была забытай, альбо забароненай.

Адзначаючы 70-я ўгодкі з дня народзінаў Барыса Сачанкі, хочацца падкрэсьліць, што гэты таленавіты пісьменьнік і публіцыст абарваў сваю песьню на паўслове. Аднак зробленага ім хапае для таго, каб заняць трывалае месца ў беларускай літаратуры, культуры, ды ва ўдзячнай чалавечай памяці.

Алесь Барскі