• Лазар Богша не адзіны майстар
  • 16.05.2006
На тэрыторыі Беларусі працавала 1100 злотнікаў. Гісторык Анатоль Цітоў даводзіць, што Лазар Богша быў у Беларусі не адзіным майстар-ювэлірам. У школьных падручніках Лазар Богша згадваецца як знакаміты майстар залатых справаў эўрапейскага ўзроўню. 495 гадоў таму ён стварыў крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Анатоль Цітоў напісаў кнігу пра беларускіх ювэліраў, якую ня мае на што выдаць. Кніга можа зацікавіць таксама й цяперашніх прадстаўнікоў гэтай старажытнай прафэсіі залатароў, бо беларускі фонд каштоўных камянёў і ювэлірных вырабаў павялічваецца. Але нават такая багатая ўстанова, як Нацыянальны банк, прадаўшы сёлета толькі за два месяцы больш за 400 кіляграмаў золата – у зьлітках й вырабах заснавальнікамі беларускіх традыцыяў залатарства не зацікавіўся.

Цітоў: Падыйдзеш з цымбаламі й лапцямі, з табою яшчэ размаўляюць. А гэта палохае, бо гэта невядомая галіна. Лазар Богша нікога не зьдзіўляе, таму што са школы пра яго расказваюць. А пра астатніх не расказвалі. Па маіх падліках іх было больш за 1100 чалавек – ювэліраў-злотнікаў. Ад Лазара Богшы й да пачатку 20 ст., да 1917 года.

Карэспандэнт: Наколькі значныя гэта былі майстры ювэліры?

Цітоў: Калі пра іх не гаварыць, яны нязначныя. Мы ня ведалі раней прозвішча й Барыса Кіта, дык яно было нам нязначнае. Але дзякуючы яму чалавецтва зрабіла крок наперад.

Помнікаў ювэлірнага майстэрства ў нас захавалася вельмі мала. Яны расьцягнутыя па суседніх краінах. Іх там не саромеючыся выдаюць за свае. А дасьледчыкаў ня вельмі зь Беларусі дапускаюць. Але па архіўных матэрыялах, да 17 ст. было каля 400 злотнікаў. Цікава, што юдзеяў было толькі каля 10% . А з далучэньнем да Расеі іх стала вельмі шмат 95-96%. У нас была рыса аселасьці. Яўрэі не маглі выехаць пасьля далучэньня да Расеі. А хрысьціяне каталікі, пратэстанты, правасляўныя - ехалі, бо ў Маскве рубель больш доўгі.

Мне трапляліся ў архіве справы, што Радзівілы прасілі царскі ўрад, каб ім вярнулі каштоўнасьці, разрабаваныя ў 1813 г. Сустракаў рэчы ў Эрмітажы й пецярбурскіх музэях. Ня толькі ўпрыгожаньні. У музэі этнаграфіі ў Пецярбурзе ў куце непрыкметна стаяла лічыльная машына зь Нясьвіжа. Прыкладна 70 см на 1 м, у вышыню дзесьці 1 м 30 см. Як пральная машынка. Як куфэрачак. Трон слуцкіх князёў у Лёндане знаходзіцца. Крыж Эўфрасіньні Полацкай, дзе ён? Пісалі, што ў сховішчы каштоўнасьцяў у Расеі. Але доступу туды няма.

Каб былі грошы, я б выдаў кніжку. Трэба разбураць стэрэатыпы сталінска-ленінскай прапаганды, што беларусы лапатнікі. Могуць толькі граць на цымбалах. Памятаеце, як пісаў Някрасаў: «высокорослый больной белорус», які можа толькі капаць зямлю для чыгункі. Стэрэатып удзяўблі ў галовы. А багатая гарадзкая культура – побаку! Засталася на карысьць палякаў, яўрэяў... Будзем спадзявацца, нешта зьменіцца.

Толькі Беларусь і Албанія ня маюць энцыкляпэдыі па айчыннаму залатарству. Украіна выдала яшчэ ў 1970-я. Расея ўжо тройчы перавыдавала такія даведнікі. Літва й Латвія мелі іх яшчэ пры савецкай уладзе.

Ганна Гарачка