• Слоўнікі беларускае мовы - 3
  • 17.05.2006
У 1977 годзе выйшаў першы том пяцітомнага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. „Беларус” піша пра нястачу ў ім асноўных словаў, напрыклад, чамусьці выпала зь яго такое асноўнае слова як беларусізацыя, якое яшчэ было ў Беларуска-рускім слоўніку 1962 году. Гэтае паняцьце датычыцца цэлага пэрыяду ў гісторыі Беларусі, цэнтральным момантам якога было пытаньне пра беларускую мову.

„Гады беларусізацыі былі пэрыядам вялікага творчага энтузіязму й уздыму беларускае культуры, да чаго больш ужо ніколі не даходзіла пасьля сталінскага пагрому беларускае нацыянальнае культуры ды сучаснага выпраўдваньня гэнага пагрому. Цяпер-жа заціраньне сьлядоў недалёкае мінуўшчыны дайшло да таго, што выкінутае з афіцыйнае беларускае мовы й само слова «беларусізацыя»”. (А. Будзіч - псэўданім Янкі Запрудніка, Прапала „беларусізацыя”, у: „Беларус”, № 253, Нью-Ёрк, травень 1978, с. 2)

Нягледзячы на такія хібы, газэта „Беларус” заўважае выразнае паляпшэньне сытуацыі ў лексыкаграфічнай працы ў Беларусі з пачаткам 1970-х гадоў. Вітаўт Кіпель адзначае, што дзясяткі выдрукаваных спэцыяльных, двухмоўных і аўтарскіх слоўнікаў становяць значны ўклад у беларускае мовазнаўства. Посьпехі беларускіх мовазнаўцаў знайшлі пазытыўны водгук і ў іншамоўным друку. Заўважылі гэта: і ангельскі славіст Пітэр Маё, і амэрыканскі лінгвіст Джон Міш, і ангельскі мова- і літаратуразнаўца Арнольд МакМілін.

„Некаторыя слоўнікі, як прыкладам геаграфічныя Я. Рапановіча, ці слоўнік мовы Ф. Скарыны, ці распачаты гістарычны слоўнік беларускае мовы, замацоўваюць ды ўзбагачаюць беларускую тэрміналёгію й гістарычную спадчыну беларускае мовы”. (В. Кіпель, Слоўнікі выдадзеныя й нявыдадзеныя, у: „Беларус”, № 327, Нью-Ёрк, ліпень 1985, с. 6)

Аднак перад беларускімі лінгвістамі яшчэ шмат працы. В. Кіпель называе тыя слоўнікі, якіх яшчэ не хапае й над якімі варта папрацаваць, дзеля прыкладу: слоўнік зьніклых паселішчаў Беларусі, беларуска-замежныя й замежна-беларускія слоўнікі. Аўтар публікацыі піша, што сховішчы Акадэміі Навук СССР ды іншых расейскіх навуковых установаў хаваюць дзясяткі рукапісных беларускіх слоўнікаў, прыкладам: Словарь белорусского наречія, укладзены Іванам Грыгаровічам, Опыт словаря белорусского наречія Еўдакіма Раманава з 1876 году, Слоўнік Беларускай Этнаграфічнай Энцыкляпэдыі Язэпа Драздовіча, Слоўнік беларускае мовы Смаленшчыны Івана Насовіча, шматтомны Беларуска-польскі слоўнік Язэпа Ціхінскага ды многія іншыя.

„Бясспрэчна, што беларускае мовазнаўства значна ўзбагацілася-б, калі-б гэтыя скарбы беларускае лінгвістыкі былі выдрукаваныя”. (Тамсама)

Павышэньне ўвагі да роднае мовы ў 70-х гадох XX стагодзьдзя заўважае таксама Раман Шарупіч, які зьвяртае асноўную ўвагу на лексыкаграфічную працу Інстытуту Мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі Навук БССР, дзе рыхтаваліся, між іншым: Тлумачальны слоўнік сучаснай беларускай мовы і Гістарычны слоўнік беларускай мовы.

„Гэтым самым дзейнасьць Інстытуту выклікае натуральнае зацікаўленьне да роднае мовы й будзіць патрыятычную любасьць да яе. (...) Сяньняшняя моваведная дзейнасьць, паглыбляючы любасьць і пашану да роднае мовы, становіцца натуральнай абаронай перад русыфікацыйнай тэндэнцыяй. І ў гэтым вялікая заслуга беларускай моваведы, ейных носьбітаў і працаўнікоў для нацыянальнае культуры беларускага народу”. (Раман Шарупіч - псэўданім Вітаўта Тумаша), Павышэньне ўвагі да роднае мовы, у: „Беларус”, № 222, Нью-Ёрк, кастрычнік 1975, с. 5)

Доўгім ужываньнем чужых моваў у Беларусі тлумачыцца таксама вялікая колькасьць перайначаных назоваў населеных пунктаў у Беларусі, напрыклад: Будслаў, Зельва, Маладзечна, Міёры, Навагрудак, Скідэль, Слуцк замест Будслаўе (як і Заслаўе), Зэльва, Маладэчна, Мёры, Наваградак, Скідаль, Слуцак – піша В. Сянькевіч (Да пытаньня геаграфічных назоваў Беларусі, у: „Беларус”, № 288, Нью-Ёрк, сакавік 1981, с. 3.). Назовы ў небеларукім гучаньні замацаваліся ў розных дакумэнтах, у літаратуры ды на мапах. Станаўленьню й нармалізацыі беларускіх назоваў памог бы тапанімічны слоўнік Беларусі, пра які неаднойчы гаварылася ў пэрыядычным друку ды ў навуковых працах. У 1978 годзе выйшаў Слоўнік населеных пунктаў Віцебскай вобласьці Аўгена Рапановіча. Слоўнік зьмяшчае 6928 назоваў. Як наступны выйшаў Слоўнік населеных пунктаў Брэсцкай вобласьці таго самага аўтара, які ўключае 2342 назовы. Аўтар зрабіў велізарны ўклад у вывучэньне й нармалізацыю тапаніміі Беларусі – ацэньвае В. Сянькевіч, які шкадуе, што А. Рапановіч ня ўзяў пад увагу пры складаньні слоўнікаў такой вартаснай крыніцы, як Перапіс жыхарства, праведзены польскімі ўладамі 30 верасьня ў 1921 году, у якім фігуруюць літаральна ўсе населеныя пункты Заходняй Беларусі, ці працы Н. Роўбы Даведнік Літвы і Беларусі, выдадзенай у Вільні ў 1910 годзе.

„Цяпер галоўнае тое, каб слоўнікі былі выкарыстаныя для стварэньня гэтак канечна патрэбнага агульнага тапанімічнага слоўніка Беларусі, у якім замацаваліся-б правільнае напісаньне і вымаўленьне ўсіх населеных пунктаў Рэспублікі ды нарэшце былі-б зробленыя канцы блытаніне і няпісьменнасьці ў геаграфічных назовах Беларусі”. (Тамсама)

Збор усіх беларускіх лексыкаграфічных працаў знаходзіцца ў грунтоўнай апрацоўцы Вітаўта Кіпеля й Змітра Саўкі Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі (Нью-Ёрк – Менск 2001, 568 с). Выданьне складаецца з трох частак: уступнай, каталёгаў і паказьнікаў. Слоўнік выйшаў у сэрыі працаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Ніна Баршчэўская