• Міжнародны дзень памяці ахвяраў СНІД-у
  • 21.05.2006
Штогод у 3-ю нядзелю траўня ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр СНІД-у. У Беларусі гэтай праблематыкай займаюцца як дзяржаўныя, гэтак і царкоўныя арганізацыі.

Мы размаўляем з Анастасіяй Крывіцкай – каардынытаркай праграмы ВІЧ/СНІД Міжканфэсійнай місіі «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне».

Эпідемія ВІЧ/СНІД-у – няўжо яна такая небясьпечная?

А. Крывіцкая: Так, вельмі. Паглядзіце самі – з пачатку эпідэміі ва ўсім сьвеце хвароба забрала жыцьці 28 млн. чалавек. Толькі ў Беларусіі на 1 траўня бягучага году зарэгістравана 7309 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыяў. Але ж рэальныя лічбы ў 5 разоў большыя, чым афіцыйныя. У дадатак трэба разумець, што за кожнай статыстычнай лічбай знаходзіцца мноства трагедыяў канкрэтных людзей.

Гэтай праблемай здаўна займаецца дзяржава. А як даўно Царква распачала працу ў гэтым накірунку?

А. Крывіцкая: З 2001 году царкоўныя арганізацыі ў Беларусі праводзяць дзейнасьць у гэтым напрамку. А з 2002 году Беларусь зьяўляецца ўдзельнікам Царкоўнай анты-СНІД сеткі, якая аб’ядноўвае царкоўныя арганізацыі Расеі, Беларусі й Украіны.

Раскажыце больш падрабязна пра дзейнасьць вашай арганізацыі.

А. Крывіцкая: Мы праводзім адукацыйныя мерапрыемствы як для сьвятароў, сясьцёр міласэрнасьці, гэтак і для моладзі. Апрача гэтага займаемся выданьнем інфармацыйных матэрыялаў на гэтую тэматыку (відыяфільмы, часопіс «Сьвяча», плякаты й інш.). Ладзім рэгулярныя малебны за ВІЧ-пазытыўных, аказваем сацыяльную й духоўную падтрымку ВІЧ-інфэкаваным асобам і іх сем’ям.

Тут такая праблема, што існуюць стэрэатыпы, паводле якіх, у грамадзтве ВІЧ –інфэкаваныя асобы зьяўляюцца непрызнанымі, адкінутымі. Таму яны заслугоўваюць асаблівай увагі з боку Царквы.

Штогод праводзяцца грамадзкія мерапрыемствы – акцыі 1 сьнежня ды ў 3-ю нядзелю траўня.


Якія акцыі царкоўныя арганізацыі падрыхтавалі на 21 траўня бягучага году?

А. Крывіцкая: Па-першае, Дзень памяці. Гэта грамадзкае адлюстраваньне смутку па прычыне страты нашых братоў і сясцёр, памерлых ад СНІД-у. У цэрквах адбудуцца спэцыяльныя службы. Яны пройдуць у розных гарадах Беларусі – Менску, Берасьці, Гомлі, Сьветлагорску, Віцебску, Лідзе. Наладжаны інфармацыйныя мерапрыемствы, конкурсы малюнкаў, віктарыны, кіналекторыі, музычныя вечарыны, спартыўныя гульні. У Гомельскай вобласьці ў гонар людзей, памерлых ад СНІД-у, будзе зроблена Алея памяці.

У гэты дзень вернікі моляцца аб Нябесным каралеўстве для людзей, якія памерлі ад гэтай жахлівай хваробы. Нагадваюць моладзі, каб яна была больш уважлівай у сваіх паводзінах, заклікаюць людзей не судзіць іншых.

Алена Пытэль