• Беларуская літаратура ў асьвятленьні эміграцыі
  • 24.05.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы беларускай навуковай і мастацкай літаратуры.

Часопіс „Іскры Скарыны” прыводзіць афіцыйныя даныя пра колькасьць выданых твораў мастацкай літаратуры. Вынікае зь іх, што за гады 1930-1935 выдадзена 458 назоваў мастацкай літаратуры (N-ka, U Savieckaj Biełarusi, u: „Iskry Skaryny”, № 5, Praha 1935, s. 82).

Пра новыя кніжныя выданьні, якія паяўляліся на Бацькаўшчыне, паведамляецца таксама на старонках часопіса „Навіны зь Беларусі”. Зьвяртаецца ўвага на ўдзел беларускіх лінгвістаў у стварэньні Агульнаславянскага лінгвістычнага атляса. Гэта першая манумэнтальная сумесная праца вучоных розных дзяржаваў, мэта якой – апрацоўка мапы ўсіх славянскіх моваў і дыялектаў (Агульнаславянскі лінгвістычны атляс, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (39), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1965, с. 2; спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 10 жніўня 1965).

Іншай важнай падзеяй было стварэньне ў складзе АН БССР новай навуковай установы – Галоўнай рэдакцыі Беларускай савецкай энцыкляпэдыі. Заканчэньне асноўнай працы па складаньні БелСЭ плянавалася да 15 ліпеня 1967 году (Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя, у: „Навіны зь Беларусі”, № 14 (85), Нью-Ёрк, 31 ліпеня 1967, с. 5-6).

У 1960-х гадох рыхтавалася таксама 25-томнае выданьне беларускага фальклёру. У сувязі з гэтым штогод адбываліся фальклёрныя экспэдыцыі вучоных зь Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру АН БССР, якія ў розных мясцовасьцях Беларусі зьбіралі скарбы вуснай народнай творчасьці: легенды, паданьні, казкі, песьні, прымаўкі, прыказкі, трапныя словы, замовы, прыкметы (Рыхтаваньне 25-томнага выданьня, у: „Навіны зь Беларусі”, № 19 (90), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка 1967, с. 6; спасылка на: В. Бечы, З невычэрпнай крыніцы, „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 26 верасьня 1967).

„Сьлімачаю хадою” – як паведамляецца на старонках „Навінаў зь Беларусі” – ішла праца над выданьнем Гісторыі БССР. У 1962 годзе шматтомнік Гісторыя БССР быў заплянаваны на 1960-1967 гады як асноўная тэма навукова-дасьледчай працы Інстытуту гісторыі АН БССР. Тым часам у 1968 годзе падрыхтаваны быў да друку толькі першы том і заканчавалася рэдагаваньне другога тому пяцітоманай Гісторыі БССР („Гісторыя БССР”: сьлімачаю хадою, у: „Навіны зь Беларусі”, № 23 (118), Нью-Ёрк, 15 сьнежня 1968, с. 2; спасылка на: Н. Каменская, Пытанні гісторыі беларускага народа і Кампартыі Беларусі ў святле Праграмы КПСС, „Камуніст Беларусі”, Мінск 1962, № 9, с. 30; „Весці АН БССР”. Серыя грамадскіх навук, № 2, Мінск 1966, с. 127; „Полымя”, № 11, Мінск 1968, с. 255).

Рыхтавалася таксама шматтомнае выданьне кніг з сэрыі Беларускі раман. Плянавалася выпусьціць вялікім накладам больш за 30 тамоў раманаў беларускіх пісьменьнікаў. У 1969 годзе 36-тысячным накладам выйшла першая кніга з гэтае сэрыі – раман Івана Шамякіна Сэрца на далоні (Шматтомнае выданьне „Беларускі раман”, у: „Навіны зь Беларусі”, № 7 (126), Нью-Ёрк, 15 красавіка 1969, с. 4, cпасылка на: „Звязда”, Мінск, 25 сакавіка 1969).

Газэта „Беларус” прыводзіць статыстычныя даныя ў галіне кнігадрукаваньня, якія пацьвярджаюць мэтанакіраваную русыфікацыйную палітыку ўладаў. З гэтых даных вынікае, што беларускамоўная кніга складала прыблізна 20% ад усяе кніжнае прадукцыі, а расейскамоўная – каля 80% (У гарне русыфікацыі, у: „Беларус”, № 166, Нью-Ёрк, люты 1971, с. 1). Станіслаў Станкевіч на такія прапорцыі глядзіць зь недаверам.

„Тыя мізэрныя 20 працэнтаў, што з усяе кніжнае прадукцыі Беларусі адводзяцца для беларускай кнігі, гэта адно прапагандава-паказовы трык, бо кнігі гэныя, з прычыны тыражных абмежаваньняў і байкатаваньня іх бібліятэкамі й кнігагандлем, практычна амаль не даходзяць да беларускага чытача.” (Ст. Станкевіч, Кніга – зброя русыфікацыі, або: няхай гавораць факты, у: „Беларус”, № 191, Нью-Ёрк, сакавік 1973, с. 1).

У 1980 гадох сытуацыя беларускага кніжнага рынку зьмянілася яшчэ на горшае. Кнігавыдавецкая справа навочна паказвае стан роднае ў мовы ў Беларусі – адзначаецца ў Лісьце да Гарбачова (у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1, 8).

„Даволі сказаць, што ўдзельная вага мастацкае літаратуры (у друкаваных аркушах-адбітках), якую выпушчаюць рэспубліканскія выдавецтвы ў расейскай мове, узрасла з 89,9% у 1981 г. да 95,3% (!) у 1984 годзе.” (Тамсама, с. 8).

Ніна Баршчэўская