• Нішчэньне кніг на Беларусі
  • 01.06.2006

Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы беларускай навуковай і мастацкай літаратуры. Паведамлялі, між іншым, пра частыя выпадкі нішчэньня кніг.

Многія беларускія кнігі адразу йшлі ў макулятуру. Праскі часопіс „Іскры Скарыны” піша пра становішча беларускае навуковае працы й твораў мастацкае літаратуры ў 30-х гадох ХХ стагодзьдзя. Спасылаецца пры гэтым на выказваньне Д. Коніка, які, выступаючы на сходзе з нагоды Дня друку, прывёў шэраг фактаў аб выпусканьні выдавецтвамі кніг, якія йшлі ў макулятуру.

„З мастацкай літаратуры, напрыклад, былі зданыя ў макулятуру такія творы, як: другі том паэзіі Максіма Багдановіча (акадэмічнае выданьне з аўтографам паэта) і зборнік вершаў Уладзімера Жылкі З палёў Заходняй Беларусі.” (N-ka, U Savieckaj Biełarusi, u: „Iskry Skaryny”, № 5, Praha 1935, s. 83)

Таксама на старонках бэрлінскага тыднёвіка „Беларускі Работнік” зьмешчаная інфармацыя пра нішчэньне беларускіх кніг бальшавікамі. Аўтар публікацыі Аўген Ясенскі (псэўданім Аўгена Калубовіча) паклікаецца на гэтак званы Зводны кантрольны сьпіс выданьняў ДВБ, якія сьпісаны ў макулятуру, 1935 год. У гэтым сьпісе на 125 старонках пералічана 1778 назоваў кніг і часопісаў з агульным накладам 12 мільёнаў асобнікаў, якія падлягалі зьнішчэньню. Былі гэта выданьні на беларускай мове й мовах нацыянальных меншасьцяў.

„Сярод паказаных тут і зьнішчаных кніг мы знаходзім кнігі беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, вучоных і публіцыстых. Вось некаторыя зь іх: М. Байкоў і М. Гарэцкі «Практычны расейска-беларускі слоўнік», праф. А. Барычэўскі «Паэтыка літаратурных жанраў», праф. П. Бузук «Асноўныя пытаньні мовазнаўства», Ц. Гартны «Прысады» (апавяданьні), М. Гарэцкі «Гісторыя беларускае літаратуры», А. Гурло «Зорнасьць» (вершы), У. Дзяржынскі «Выпісы з беларускае літаратуры XІX-XX ст.ст.», У. Дубоўка «Трысьцё», М. Зарэцкі «Падарожжа на Новую Зямлю» (раман), праф. Ігнатоўскі «Беларусь – Тэрыторыя, насельніцтва, эканоміка. Галоўныя мамэнты гісторыі», «Гісторыя Беларусі ў XІX і пачатку XX ст.ст.», Я. Лёсік «Беларускі правапіс», «Практычны курс граматыкі беларускае мовы», М. Лужанін «Новая ростань» (паэзія), М. Нікановіч «Вясновы прамень» (апавяданьні), «Золак» (апавяданьні), «Крык працы» (апавяданьні), праф. Пятуховіч «Нарыс гісторыі беларускае літаратуры», Я. Пушча «Дні вясны» (паэзія), «Крывавы плякат» і «Песьні на руінах» (вершы), Л. Радзевіч «Пакрыўджаныя» (драма у 4-х дзеях), праф. А. Смоліч «Кароткі курс геаграфіі Беларусі», Б. Тарашкевіч «Беларуская граматыка», К. Чорны «Зямля» (раман), Ядвігін Ш. «Бярозка» (апавяданьні), часапісы «Маладняк», «Полымя рэвалюцыі» (за 1932 г.), «Чырвоная Беларусь», нат ноты зь беларускімі песьнямі кампазытараў А. Аладава («А ў бары, бары. З асеньніх напеваў. Лісты валяцца. Як прышла я на ток малаціць»), А. Грэчанінава («А ды ня пыл па дарожцы»), Іпалітава-Іванава («Ой, ты белая бяроза»), Нікольскага («Валачобная», «А ў лесе»), Прохарава («У імгле») і інш., карты Беларусі 1924 і 1929 г.г., карта Савецкай і Заходняй Беларусі 1930 г., партрэт Ц. Гартнага і г. д і г. д.” (А. Ясенскі, Як бальшавікі нішчылі нашыя кнігі, у: „Беларускі Работнік”, № 37, Бэрлін, 10 верасьня 1944).

Гэтая кніга-сьпіс зьяўляецца далёка не адной у сваім родзе. А. Ясенскі паведамляе:

„У нашы рукі трапіла яшчэ пяць гэткіх сьпісаў за адзін толькі 1936 год. У гэтых сьпісах, названых «Папка № 2 Актаў ізьятых кніг у 1936 г. па загаду Галоўліта», «Папка № 3 Актаў лішніх экзэмпляраў, зьнішчаных па загаду Галоўліта» і г. д., як і ў пярэднім сьпісе, пералічаныя тысячы кніг, якія бальшавікі зьнішчылі ў бібліятэках за адзін толькі 1936 год. (...)

Нішчачы гэткія горы кніг, барбары цывілізацыі – бальшавікі стараліся схаваць сьляды свае бруднае працы: яны, пасьля кажнае такое акцыі зьнішчэньня, адбіралі назад самыя сьпісы зьнішчаных імі кніг і таксама нішчылі іх. Сярод успомненых пяці «папак» актаў знаходзіцца «Сьпіс ізьятых сьпісаў па ізьяцьцю літаратуры для звароту Галоўліту». У гэтым сьпісе пералічаны 26 такіх аб’ёмных друкаваных кніг са сьпісамі зьнішчанае літаратуры.”
(Тамсама ).

Падобнага тыпу публікацыя паявілася на старонках бэрлінскай „Раніцы”. Архіварыус, аўтар артыкулу Як бальшавікі зьнішчалі беларускія архівы (у: „Раніца”, Бэрлін, 9 студзеня 1944), спасылаючыся на сьведчаньне прэзыдэнта Акадэміі Навук БССР Канстанціна Горава, піша пра спосаб перавозу зь Вільні ў Менск часткі Віленскага архіву.

10 кастрычніка 1940 году прэзыдэнт Акадэміі Навук дакладаў намесьніку начальніка Галоўнага архіўнага кіраўніцтва СССР наступнае:

„З прычыны дрэннай арганізацыі транспартаваньня матар’ялаў архіву з Вільні, Акадэмія Навук прыняла гэты архіў у хаатычным стане: шмат зьвязак было паразьвязаных і парассыпаных, пры прыйме давялося зьвязваць іх сьпехам, без разбору. Частка матар’ялаў наагул ня трапіла да нас. Адзін вагон із матар’яламі трапіў (памылкова!) у Маскву.” (Тамсама )

Прэзыдэнт К. Гораў паведаміў, што прапала значная частка рукапісу архіваў старадаўных актаў, архіву Мураўёва, камісіі Радзівіла. Загінула бальшыня інвэнтароў і каталёгаў.

Акты былі зьмешчаныя ў будынку Акадэміі Навук у небясьпечным для іх месцы: пад харчовым інстытутам прамысловасьці, дзе праводзіліся досьледы пры дапамозе газу. Пагражаў ім ня толькі пажар, але й зьнішчэньне вадою, таму што ляжалі яны на падлозе, а вадаправодныя трубы няраз трэскаліся й вада залівала частку матэрыялаў. (Тамсама )

Аўген Калубовіч у публікацыі Мова ў гісторыі беларускага пісьменства ( Мюнхэн – Лёндан 1974-1975, 85 с) спасылаецца на газэту „Савецкая Беларусь”, паводле справаздачаў якой, за час Першай сусьветнай вайны, бальшавіцкай рэвалюцыі ды першых гадоў савецкай улады ў Беларусі толькі на адной Віцебшчыне было зьнішчана 68 розных архіваў. (Тамсама, с. 55)

Ніна Баршчэўская