• Беларуская рэлігійная літаратура
  • 03.06.2006
Адзін з выбітных мысьляроў XX стагодзьдзя Таяр дэ Шардэн казаў пра тры ўмовы шчасьця. Па-першае, засяроджаньне на самым сабе. Па-другое, расьсяроджаньне дзеля іншых. І трэцяе - засяроджаньне на тым, што пераўзыходзіць. Такі спосаб падзелу можна выкарыстаць і да літаратуры. Літаратура можа быць лірычнай, грамадзка-палітычнай і можа быць рэлігійнай. Можа быць рэлігійнай, калі арыентуецца на тое, што пераўзыходзіць.

Што дакладна хаваецца за гэтымі словамі, распавядае дамініканін брат Пётр Рудкоўскі.

П. Рудкоўскі: Варта зрабіць засьцярогу над выразам "рэлігійная літаратура". Пад гэтым выразам ня трэба разумець літаратуру, якая распавядае пра выключна надпрыроднае жыцьцё. Гэта літаратура, якая надае рэлігійны сэнс зямной рэчаіснасьці. Сстасунак лірычнай альбо грамадзка-палітычнай літаратуры да рэлігійнай наступны: яна існуе ня столькі побач зь імі, яна хутчэй накладваецца на іх.

З такой літаратурай мы маем дачыненьне ад самага пачатку існаваньня творчага слова ў Беларусі. У вядомага багаслова Кірыла Тураўскага шмат вобразаў зь зямнога жыцьця, але ім нададзены больш глыбокі, рэлігійны сэнс. Напрыклад, ён выкарыстоўвае вобраз вясны, каб параўнаць да яе веру Хрыстову. Імкненьне надаць рэлігійны характар земскай рэчаіснасьці яскрава заўважаецца ў Рыгора Самблака й Францішка Скарыны. Беларускі філёзаф Уладзімір Конан называе гэта сымбалічным паралелізмам, які бярэцца з успрыманьня рэчаіснасьці як падвойнай еднасьці, дзе тое, што бачнае, адсылае нас да нябачнага.

У 19-20 стагодзьдзях беларуская літаратура была пазначана дзьвюма рысамі - бясхлеб'е й бязглеб'е. Бясхлеб'е можна разумець даслоўна, але й як адсутнасьць духоўнага хлеба - унівэрсытэту, недахоп божага слова на беларускай мове. Бязглеб'е –гэта адсутнасьць фундамэнту. Ёсьць шмат беларускіх песьняроў, у якіх выявіліся гэтыя дзьве ісьціны. Для іх выяўленьня выкарыстоўваліся біблійныя матывы. Напрыклад, выкарыстоўвалі матыў беднага Лазара й багацея. Удала гэта робіць Максім Багдановіч у вершы "Песьні беларускага мужыка".

Я хлеба багатых прасіў і маліў,
Яны мне каменьні давалі.
І гэтыя каменьні між імі і мной
Сьцяною вялізнаю сталі.

Для перадачы праўды пра беларускае бязглеб'е песьняры выкарыстоўвалі матыў страчанага раю. Дунін-Марцінкевіч у паэме "Люцынка" пытаецца ў Бога: Як так сталася, што Ты, Божа, выгнаўшы чалавека з раю, уклаў любасьць да роднай зямлі. Тыя ж матывы можам знайсьці ў Янкі Купалы ды іншых пісьменьнікаў нашаніўскай пары.


Брат Пётр Рудкоўскі слушна падкрэсьліў, што тэматыка беларускай рэлігійнай літаратуры зьяўляецца вялізарнай. Таму працяг чакайце роўна праз тыдзень.

Алена Пытэль