• Міхась Машара – паэт дзьвюх эпохаў
  • 07.06.2006

Сёньня мінае 30 гадоў з дня сьмерці Міхася Машары – беларускага паэта дзьвюх эпохаў.

Міхась Машара нарадзіўся 18 лістапада 1902 году на хутары Падсосна ў сялянскай сям’і на Віцебшчыне. У царскія часы здолеў закончыць ня толькі пачатковую школу, але й гэтак званае вышэйшае пачатковае вучылішча. У часе Кастрычніцкай рэвалюцыі захапіўся яе ідэаламі і добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію. З бліжэй невядомых прычын не застаўся аднак жыць у Савецкай Беларусі, але перасяліўся ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася ў межах даваеннай Польшчы. Тут працаваў – пачаткова на гаспадарцы, пасьля служыў у польскім войску, урэшце рэдагаваў у Вільні беларускую газэту „Наша Воля” зь яўна выражаным нацыянальным і палітычным абліччам. Быў пастаўлены перад польскім судом, які прысудзіў яго да 4-гадовага турэмнага зьняволеньня. Пасьля ўпадку Польшчы ў 1939 годзе быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. У часе нямецка-савецкай вайны працаваў у гэтакіх газэтах, як: „Звязда”, „Савецкая Беларусь”, „Партызанскае слова”. Пасьля вайны пасяліўся ў Менску й працаваў у часопісе „Полымя” ды ў „Настаўніцкай газеце”.

Памёр Міхась Машара 7 чэрвеня 1976 году на 74 годзе свайго складанага жыцьця.

Беручы пад увагу тое, што заходнебеларуская літаратура выразна дзеліцца на 2 плыні: палітычна-радыкальную й апалітычна-эстэтычную, трэба сказаць, што Міхась Машара – разам з Максімам Танкам і Міхасём Васільком – быў прыхільнікам беларускага літаратурнага радыкалізму.

Ягоныя першыя вершы паявіліся ў друку ў 1927 годзе. На працягу ўсяго 10 гадоў выдаў ён такія зборнікі, як: Малюнкі, На сонечны бераг, На прадвесні, З-пад стрэх саламяных. Апрача гэтага апублікаваў паэмы: Вяселле, Смерць Кастуся Каліноўскага, Мамчына горка, а таксама п’есы: Вось тут і зразумей, Лёгкі хлеб, Чорт з падпечка. Міхась Машара быў, несуменна, найболь плённым заходнебеларускім пісьменьнікам. Плённасьць гэтая ня значыць, што належаў ён да найлепшых сярод пляяды тагачасных паэтаў. Маштабнасьцю й глыбінёю таленту ўступаў ён, несумненна, такім заходнебеларукім аўтарам, як: Максім Танк, Натальля Арсеньнева й Хведар Ільяшэвіч. І ўсё ж такі Міхась Машара сказаў сваё арыгінальнае слова ў заходнебеларускай пісьмовасьці. У ягонай міжваеннай творчасьці як бы спаборнічаюць паміж сабою вершы пэйзажныя й грамадзкія. З аднаго боку, паэт захапляецца беларускай прыродай, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на колер і гармонію паэтычнага слова. З другога боку, паэта безупынна вабіць і прыцягвае грамадзкі радыкалізм. Пісьменьнік не падтрымліваў даваеннага польскага грамадзкага ладу й вельмі часта выяўляў гэта ў сваіх паэтычных канструкцыях. Міжваенная творчасьць Міхася Машары сьведчыць аб той прасторы, якою карысталіся тагачасныя беларускія аўтары, нягледзячы на пэўныя цэнзурныя абмежаваньні.

У другі, гэта значыць у савецкі пэрыяд творчасьці Міхася Машары паяўляюцца такія паэтычныя зборнікі, як: Беларусі, Выбраная лірыка, Праз навальніцы, Урачыстасць, Ад родных аселіц, Мая азёрная краіна. Амаль усе вершы, якія ўвайшлі ў аналізаваныя кнігі, адпавядалі прынцыпам сацрэалізму. Насычаны яны бадзёрасьцю, аптымізмам і перакананьнем у тым, што савецкая сыстэма пасьпяхова пераможа ўсе перашкоды й давядзе людзей да шчасьця. Пісьменьнік выразна абышоў у сваіх творах такія балючыя праблемы, як прымусовая калектывізацыя заходнебеларускай вёскі, перасьлед людзей за погляды, высылка беларусаў у Сібір. Менавіта з гэтаых прычынаў можам гаварыць пра аднабаковы й тэндэнцыйны характар творчасьці Міхася Машары ў савецкі пэрыяд.

У міжваенны пэрыяд Міхась Машара атакаваў палітычную сыстэму ў імя свабоды людзей. У савецкі час перайшоў ён на пазыцыі абароны сыстэмы з поўнай абыякавасьцю да інтарэсаў людзей.

Міхась Машара ў другой палове 1960-х гадоў выдаў тры раманы: Крэсы змагаюцца, Сонца за кратамі і Лукішкі, напісаныя на біяграфічным матэрыяле.

Адзначаючы сёньня 30-я ўгодкі з дня сьмерці Міхася Машары, хочацца падкрэсьліць, што ягоная творчасьць у аднолькавай ступені радуе й расчароўвае. Многае зь яе, асабліва тое, што было напісана пад палітычным прэсінгам, усё меней кранае і хвалюе сёньняшняга чытача. Аднак у суме – ягоная паэзія, а асабліва проза, мае дакумэнтальны характар, які дапамагае зразумець як міжваенную Польшчу, гэтак і савецкую паваенную рэчаіснасьць.

Алесь Барскі