• Першыя беларускія газэты
  • 08.06.2006


Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы беларускага друку. У якасьці першай беларускай газэты найчасьцей разглядаецца „Мужыцкая Праўда” Кастуся Каліноўскага.

Як заўважае часопіс „Запісы” – папярэдніцай „Мужыцкай Праўды” была „Гутарка двух суседаў” (Рыгор Максімовіч – псэўданім Вітаўта Тумаша, Дзьве папярэдніцы „Мужыцкае Праўды”, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 69-74), якая, таксама як і „Мужыцкая Праўда”, друкавалася лацінкай. Ведама 6 нумароў гэтага нелегальнага беларускага вершаванага выданьня, першы нумар якога выйшаў вясною 1861 году. „Гутарка” разыходзілася галоўным чынам па Беласточчыне й Гарадзеншчыне, але вядомыя прыклады яе пашырэньня і ў Ашмянскім павеце. Ініцыятарам выдаваньня „Гутаркі двух суседаў” быў Браніслаў Шварцэ, які знаходзіўся ў блізкім кантакце з Кастусём Каліноўскім, а рэдагавалі яе Адольф Белакоз ды Ігнат Грынявіцкі. Магчыма, што да справы мелі дачыненьне таксама Ўладыслаў Сыракомля й Вінцэсь Каратынскі. „Гутарка” перастала выходзіць пры канцы 1862 году ці з паяўленьнем „Мужыцкай Праўды”. (Тамсама, с. 70)

Ад восені 1861 году, таксама пры ўдзеле Браніслава Шварцэ, беластоцкім гуртком рэвалюцыянераў выдавалася „Гутарка Старога Дзеда”, прызначаная, як і „Гутарка двух суседаў”, для сялянаў. У аўтарстве гэтага антымаскоўскага выданьня браў удзел Вінцэсь Каратынскі, а магчыма й Уладыслаў Сыракомля. Царская жандармэрыя падазравала таксама Вінцука Дуніна-Марцінкевіча. (Тамсама, с. 70-72)

Першы нумар газэты „Мужыцкая Праўда” ўбачыў сьвет у чэрвені 1862 году. Характар „Мужыцкае Праўды” падрабязна быў апісаны ў кніжцы Адама Станкевіча Кастусь Каліноўскі, „Мужыцкая Праўда” і ідэя незалежнасьці Беларусі (Адам Станкевіч, Кастусь Каліноўскі, „Мужыцкая Праўда” і ідэя незалежнасьці Беларусі, Вільня 1933). „Мужыцкая Праўда” друкавалася лацінкай, даволі чыстай беларускай мовай. „Бацькаўшчына” піша, што выдаваў яе ў падпольнай друкарні на Беласточчыне Кастусь Каліноўскі, які падпісваўся мянушкай Яська гаспадар спад Вільні. (Мужыцкая Праўда Кастуся Каліноўскага, у: „Бацькаўшчына”, №№ 24-25 (410-411), Мюнхэн, 29 чэрвеня 1958, с. 5)

7 нумароў нелегальнае беларускае газэты „Мужыцкая Праўда” зьяўляюцца ці не найважнейшай крыніцай вывучэньня паўстаньня 1863 году ў Беларусі – адзначае на старонках „Запісаў” Янка Запруднік. („Мужыцкая Праўда” – набат паўстаньня 1863 году, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 93-103). „Мужыцкая Праўда” адыграла істотную ролю ў падрыхтоўцы паўстаньня. Яна ўпершыню на беларускай мове несла рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі ў асяродзьдзе сялянства й заклікала да барацьбы з прыгоньніцтвам. Я. Запруднік характарызуе „Мужыцкую Праўду” як „першы зварот з вольным і праўдзівым словам да селяніна-беларуса ў ягонай роднай мове”, а Кастуся Каліноўскага – як „вялікага знаўцу народных гаворак, які тонка адчуваў слова, унёс буйны ўклад у справу стварэньня беларускай літаратурнай мовы”. (Тамсама, с. 93)

Тэксты ўсіх сямёх нумароў – лацінкаю, гэтак як у арыгінале – былі апублікаваныя ўпершыню ў кнізе Самуіла Агурскага Очерки по истории революционного движения в Белоруссии, 1863-1917 (Менск 1928).

„Агурскі атрымаў іх зь Інбелкульту, як сам пра гэта піша: «’Мужыцкая Праўда’ з № 1 па 7 дадзеная нам Інбелкультам, для якога гэты тэкст быў зьняты з арыгіналу жандарскіх справаў т. І. Віткоўскім».” (Янка Запруднік, „Мужыцкая Праўда” – набат паўстаньня 1863 году, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 94)

Да Агурскага тры нумары газэты (3, 5, 7) апублікаваў Аляксандар Шлюбскі ў 1 нумары часопіса „Полымя” за 1926 год. Шлюбскі не карыстаўся аднак арыгіналамі. Ён перадрукаваў 3 і 7 нумары з ковенскага часопіса „Karo Archyvas”, а нумар 5 з „Савецкай Беларусі”. Пасьля Агурскага расейскія пераклады „Мужыцкае Праўды” былі апублікаваныя ў Маскве ў 1964-1965 гадох: № 1-6 у Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861-1862 гг., а № 7 у Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. У 1966 г. у Польшчы тэксты ўсіх 7 нумароў „Мужыцкае Праўды” былі апублікаваныя ў зборніку дакумэнтаў Польскае Акадэміі Навук Prasa tajna z lat 1861-1864.( Тамсама, с. 95)

Тэксты й мова „Мужыцкае Праўды” дайшлі да нас у розных варыянтах – адзначае Я. Запруднік, які параўноўвае мову выданьняў Агурскага й зборніка Prasa tajna.

Аляксандар Шлюбскі перадрукоўваў „Мужыцкую Праўду” не лацінкай, а кірыліцай, што магло яшчэ пабольшыць лік памылак. Ня могучы расшыфраваць некаторых словаў, Шлюбскі пакідаў іх у лацінічным напісаньні: czcien (у арыгінале chacieu), nadurad (у арыгінале nam rąd), pamoju rukoju (у арыгінале pounaju rukoju)...( Тамсама, с. 97-98)

Параўнаньне мовы 7 нумароў „Мужыцкай Праўды” зь лістамі „з-пад шыбеніцы” ды з роднай гаворкай К. Каліноўскага ў вёсцы Мастаўляны дазваляе меркаваць, што К. Каліноўскі быў аўтарам 1-6 нумароў „Мужыцкай Праўды”, нумар 7 значна адрозьніваецца ад шасьці папярэдніх. (Глядзі: Nina Omeljaniuk, Wersje językowe gazety „Mużycka Prauda”, w: Studia z Filologii Rosyjskiej i Słowiańskiej. Językoznawstwo, t. 15, Warszawa 1989, s. 101-109; Jeszcze o języku i autorstwie „Mużyckiej Praudy” i listów „z-pad szybienicy”, w: Studia z Filologii Rosyjskiej i Słowiańskiej. Językoznawstwo, t. 18, Warszawa 1989, s. 201-208)

Прыхільны водгук у народзе на рэвалюцыйныя заклікі друкаванай беларускаю моваю газэты „Мужыцкая Праўда” прычыніўся да пастаўленьня ворганам расейскіх славянафілаў „День” пытаньня пра патрэбу афіцыйных публікацыяў у беларускай мове для прапаганды расейскіх вялікадзяржаўных інтарэсаў, каб такім чынам нэўтралізаваць палітычнае ўзьдзеяньне друкаванай па-беларуску рэвалюцыйна-паўстанцкай літаратуры. (Рыгор Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша), Дзьве папярэдніцы „Мужыцкае Праўды”, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 73)

Ніна Баршчэўская