• Беларуская рэлігійная літаратура
  • 09.06.2006


У мінулую нядзелю дамініканін Пётр Рудкоўскі распавядаў пра пачаткі рэлігійнай літаратуры ў Беларусі. Сёньня мы прапануем працяг гэтай тэматыкі – брат Пётр распавядае пра беларускую рэлігійную літаратуру, пачынаючы ад нашаніўскай пары да сучаснасьці.

П. Рудкоўскі: Калі гаворка пра творчасьць нашаніўскай пары, трэба згадаць такую яе асаблівасьць, як прафэтызм – прароцкі характар. Вершы Гартнага, Буйло, Журбы, Арла, Гурло былі прасякнутыя вось гэтым прарочым патасам. Гэтыя песьняры былі як бы рэінкарнаванымі прарокамі Старога Запавету, якія клікалі свой народ абудзіцца й выпраставацца. Асабліва гэты дух заўважны ў адным зь вершаў Янкі Купала, за які ён ледзь не паплаціўся жыцьцём. Верш "Паўстань", - прыслухаемся некаторым яго радкам:

Паўстань з народу нашага, прарок,
Праяваў мудры варажбіт,
І словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагаў спавіт.

І далей:

Паўстань з народу нашага, пясьняр,
Паўстань з народу нашага, ўладар.

Поруч з прарокам верш прадугледжвае паўстаньне песьняра і ўладара. У гэтым трайным вобразе можна распазнаць тры функцыі Мэсіі. Бо Хрыстос адначасова зьяўляецца каралём, прарокам і сьвятаром. У згаданым вершы трэба бачыць нешта большае, чым прафэтызм. Гэта таксама мэсіянізм. Купала стаў выяўляльнікам мэсіянскай мары, якая была глыбока ў сэрцах людзей.

У пэрыяд Адраджэньня, на пачатку XX стагодзьдзя зьявілася плеяда пісьменьнікаў-духоўнікаў, якія рэпрэзэнтавалі рэлігійнае й народнае адраджэньне народу. Варта згадаць пра Казімера Сваяка, Пётру Простага. Пазьней зямля выдасьць кс. Язэпа Германовіча зь яго выбітным аўтабіяграфічным творам "Кітай. Сібір. Масква." Сёньня тым самым духам пачынаюць жыць маладыя сьвятары-пісьменьнікі, можа пакуль малавядомыя: Вячаслаў Пялінак, Яўген Бартніцкі – гэта псэўданім кс. Сяргея Сурыновіча, Павал Скрыпскі – псэўданім Віктара Місевіча. Зьявіўся й шэраг сьвецкіх рэлігійных пісьменьнікаў, напрыклад, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева, Данута Бічэль-Загнетава, Ірына Жарнасек, Ірына Лялько, Раіса Бондар, Мар'ян Дукса. Гэта людзі, якія прыналежаць да розных ідэалягічных, палітычных арыентацый, але якіх аб’ядноўвае інтэнцыя надаваць рэлігійны сэнс зямной рэчаіснасьці.

Вядомы беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч прыкмячае, што рэлігійная літаратура ў Беларусі ўсё ж такі функцыянуе на нізкім узроўні. Цяжка ацаніць, наколькі Акудовіч мае рацыю. Можа й сапраўды ёсьць тут рацыя, бо рэлігійная літаратура трохі наіўная й нясьмелая.


Аднак, тым ня менш, пачатак пакладзены. Беларуская рэлігійная літаратура мае падмурак, на якім можа разьвівацца, і яна будзе разьвівацца.

Алена Пытэль