• Эміграцыя пра беларускія газэты й часопісы
  • 15.06.2006

Эпохатворчае значэньне для беларускага нацыянальнага адраджэньня мела „Наша Ніва”(Аляксандар Баршчэўскі, Ігнат Дварчанін – дасьледнік нашаніўскай літаратуры, у: „Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 27-65; Thomas E. Bird, Naša Niva: An Introductory Word, тамсама, с. 3-7; Thomas E. Bird, The vitality and timeliness of Naša Niva, тамсама, № 20, Нью-Ёрк 1992, с. 59-65; Вітаўт Кіпель, Эміграцыя зь Беларусі й газэта „Наша Ніва”, тамсама, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 66-96; В. Сянькевіч, Вытокі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі і „Наша Ніва”, тамсама, с. 8-25).

Першы нумар „Нашай Нівы” – прадаўжальніцы „Нашай Долі”, якая паявілася ў Вільні 14 верасьня (паводле старога стылю) 1906 году – і якой выйшла толькі 6 нумароў – убачыў сьвет 23 лістапада 1906 году. „Наша Доля”, „Наша Ніва” й заснаваная ў траўні 1906 году ў Пецярбурзе выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” „паклалі пачатак гісторыі сучаснага друкаванага слова, адкрылі новы этап у разьвіцьці беларускага нацыянальнага руху”(В. Сянькевіч, Вытокі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі і „Наша Ніва”, тамсама, с. 8).

Выхад пачаткова „Нашай Долі”, а пазьней „Нашай Нівы”, як першых легальных беларускіх газэт, быў вынікам адкліканьня царскім урадам у 1905 годзе забароны беларускага друку, якая трывала ад 1867 году.

„Наша Ніва” выходзіла на працягу 9 гадоў – да 1915 году. Яна гуртавала вакол сябе палітычныя, культурныя й літаратурныя сілы беларускага адраджэнскага руху. „Наша Ніва” стварыла сабой цэлую эпоху ў беларускім нацыянальным адраджэньні, званую агульна нашаніўскай (50-я гадавіна „Нашай Нівы” й нашаніўства, у: „Бацькаўшчына”, №№ 47-48, Мюнхэн, 25 лістапада 1956, с. 3).

Дзеячы, якія засяродзіліся вакол газэты, выйшлі з народу, ведалі яго патрэбы й мову. Для многіх тысяч людзей „Наша Ніва” была першай прачытанай імі газэтай, якая зьвярталася да іх зразумелай мовай, узбуджаючы пачуцьцё ўласнай годнасьці (А. Баршчэўскі, Ігнат Дварчанін – дасьледнік нашаніўскай літаратуры, у: „Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 32-33). „Наша Ніва” старалася „ажывіць край у сучаснасьці, адрадзіць калішнюю славу, уваскросіць тую мову, якая была калісь ува ўрадах, а цяпер засталася толькі між простага народу” (Тамсама, с. 34).

„Наша Ніва”, падобным чынам як і яе папярэдніца „Наша Доля”, ад самага пачатку друкавалася двума шрыфтамі: кірыліцай і лацінкай. Але з прычыны вялікіх коштаў падвойнага выданьня, з 1912 году, пасьля агульнага апытаньня чытачоў, яна перайшла на адзін кірылічны шрыфт.

Нашаніўцы, ставячы ў цэнтар сваёй увагі шырокае нацыянальнае ўсьведамленьне беларускага народу, прыпісвалі асабліва вялікае значэньне да захаваньня роднае беларускае мовы ды ўзбуджэньня пашаны да яе. Яны падхапілі й разьвілі кліч, сфармуляваны Францішкам Багушэвічам: Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Сярод усіх нашаніўцаў Янка Купала паказаў найбольш ярка велізарную ролю роднае мовы ў працэсе нацыянальнага адраджэньня.

„Наша Ніва” ўзбудзіла магутны літаратурны рух. Яна сталася цэнтрам усіх беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх найбольшую ролю адыгралі: Янка Купала й Якуб Колас, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Канстанцыя Буйла, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі й Францішак Аляхновіч.

Выхад „Нашай Нівы” спыніўся ўвосень 1915 году, калі нямецкая армія акупавала Вільню падчас Першае Сусьветнае вайны. Але нашаніўская пара працягвалася далей. І толькі ў 1926 годзе на зьмену нашаніўства прыйшла новая пара ў разьвіцьці беларускае літаратуры, а разам з гэтым і беларускае мовы, пара ўзвышэнства, бязьлітасна спыненая ў 1931 годзе, калі было разьвязанае літаратурнае згуртаваньне „Ўзвышша”.

Ніна Баршчэўская