• Усясьветны дзень уцекача
  • 20.06.2006

20 чэрвеня – Усясьветны дзень уцекача. Генэральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў устанавяла гэты дзень з мэтаю зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на праблемы ўцекачоў.

Штогод толькі ў Польскі дэпартамэнт па справах рэпатрыяцыі й іншаземцаў зьвяртаецца некалькі тысяч чалавек з просьбай атрымаць статус уцекача. 90% зь іх – гэта грамадзене Расейскай Фэдэрацыі чачэнскай начыянальнасьці.

У гэтым годзе назіраецца xваля ўцекачоў зь Беларусі, – кажа Анна Борціш з Цэнтра дапамогі ўцекачам Польскай гуманітарнай акцыі.

Анна Борціш
: Сапраўды, ад нейкага часу можна заўважыць, што шмат беларусаў просяць статус уцекача. Такую вялікую xвалю ўцекачоў можна было назіраць перад выбарамі, а другая хваля назіралася пасьля выбараў. Большасьць зь іх ужо атрымала альбо статус уцекача, альбо права на пасяленьне. Трэба падкрэсьліць, што гэтая група людзей вельмі актыўная, добра інтэгруецца з польскім насельніцтвам. Яны гавораць, што адчуваюць сябе, як дома. Гэта зьвязана з тым, што гэта славяне – у нас падобныя мовы, блізкія культуры. Таксама вялікае значэньне мае той факт, што палякі прыхільна ставяцца да беларусаў і падтрымліваюць іх у барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю.

Чаму адукаваныя людзі пакідаюць радзіму й бадзяюцца па сьвеце?
У кожнага свае матывы. Нажаль, у большасьці – палітычныя.
Ільля Глыбоўскі некалькі гадоў таму па гэтых жа прычынах пакінуў Беларусь і знайшоў сваё месца ў Чэхіі. На сёньняшні дзень ён працуе ў Гуманітарным цэнтры дапамогі людзям у нядолі.

Ільля Глыбоўскі:
Чэхію я абраў таму, што ўжо раней я меў там шмат знаёмых і калі трэба была вырашаць, куды паехаць, то ў галаву прыйшла менавіта Чэхія. Такая сытуацыя прыходзіць нечакана, і тады трэба хутка вырашаць, куды зьехаць. У кожнага чалавека гэта выглядае інакш, гэта не такая рэч, што вырашаеш паўгоду, куды б гэта паехаць. У мяне гэта быў амаль дзесяцідзённы шлях празь Беларусь ды Расею. Свае першыя крокі я скіраваў да заёмых, каб абмеркаваць, што трэба далей зрабіць. Бо трэба вельмі ўважліва падыходзіць да ўсіх законаў той дзяржавы, у якой знаходзішся. Безумоўна, існуе розная дапамога, напрыклад, юрыдычная ў адмысловых арганізацыях. Але перш за ўсё трэба імкнуцца самому зразумець, як выглядае жыцьцё ў дадзенай краіне.

Паводле статыстыкаў, штогод у Чэхіі ад 100 да 200 чалавек зьвяртаецца па прытулак, але толькі 5 % зь іх атрымоўвае.

Ільля Глыбоўскі: Безумоўна , большую частку зь іх складаюць эканамічныя эмігранты, пры чым маюць абсалютна іншыя мэты. Мне вельмі шкада, калі гэтыя эканамічныя эмігранты хочуць атрымаць тое, на што яны ня маюць права. Пры чым існуюць розныя эміграцыйныя эканамічныя праграмы: на працягу 2,5 гадоў чалавек можа атрымаць сталае жыхарства, калі мае адпаведныя кваліфікацыі. Проста ў расейскіх ды беларускіх тэлеканалах паказваюць, што ўцекачам добра жывецца. Вось усе й думаюць, што тут мёдам намазана й на вакзале выдаюць даляры. Насамрэч, усё залежыць ад чалавека ды ягоных здольнасьцяў. Калі чалавек умее працаваць, хоча вучыцца далей, то для яго я праблемаў ня бачу. Але калі толькі хоча атрымліваць сацыяльную дапамогу й лічыць, што гэтага мінімуму яму хопіць – няхай жыве.

А ў Польшчы знайшла прытулак журналіста Вольга Класкоўская, якая на сёньняшні дзень працуе на „Эўрапейскім радыё для Беларусі.”

Вольга Класкоўская
Чаму я абрала Польшчу? Тут, у прынцыпе, усё даволі проста: калі я зьяжджала зь Беларусі, то ў мяне, нажаль, склаліся такія варункі й не было шмат часу вырашаць, куды ехаць, ды не было такога канкрэтнага пляну. Акрамя таго мне, як і ўсім беларусам, было прасьцей у гэтую краіну атрымаць візу: без усялякіх праблемаў на працягу аднаго дня. Такім чынам я апынулася ў Польшчы. Калі казаць пра ўмовы, то, канешне, спачатку была вельмі разгубленая, бо чужая краіна, новыя варункі – з маленькаю дачкой на руках я проста ня ведала, што рабіць. Але мне пашанцавала ў тым сэнсе, што ў мяне былі знаёмыя журналісты ў Польшчы, і я адразу да іх зьвярнулася. Яны мне дапамаглі ў тым сэнсе, што сарыентавалі, з чаго трэба пачынаць і як гэта ўсё выглядае ў сэнсе працэдуры па атрыманьню статуса. Я хацела б зазначыць, што асаблівых праблемаў у мяне не было, і стаўленьне ва ўсіх структурах было вельмі пазытыўнае, а нават, можна сказаць, добразычлівае. Калі разважаць больш глябальна й казаць пра сёньняшні дзень, то адаптацыя ў мяне прайшла даволі хутка, мне здаецца, дзякуючы таму, што я апынулася ў Польшчы. Таму што польскае грамадзтва – добразычлівае, культурнае й адказнае. Да таго ж палякі вельмі добра ставяцца да беларусаў, вельмі добра ведаюць, што ў нас адбываецца, і вельмі салідарныя з намі.

Кожны з уцекачоў мае сваё асабістае „хаджэньне па муках”. Аднак, магчыма, гэтыя парады камусьці дапамогуць.

Вольга Класкоўская:
Пажадана, канешне, знайсьці нейкае кола знаёмых, альбо дыяспару. Каб гэтыя людзі спачатку проста сарыентаваліся, з чаго пачынаць. Таму што аднаму чалавеку вельмі цяжка сарыентавацца, улічваючы псыхалягічны стан, калі ты з адной торбай апынаешся ў чужой краіне. І па мажлівасьці, натуральна, сабраць максымум інфармацыяў аб гэтай краіне, аб працэдуры яшчэ да выезду, каб хоць трошкі мець нейкае ўяўленьне, з чаго пачынаць.

Паводле дадзеных Дэпартамэнту па справах рэпатрыяцыі й іншаземцаў, летась з просьбаю аб наданьні статусу ўцекача зьвярнулася больш за 6800 чалавек. Толькі 335 зь іх атрымалі гэты статус.

Караліна Русіновіч