• Эміграцыя пра беларускія газэты й часопісы - 2
  • 21.06.2006

Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы беларускага друку. Эпохатворчае значэньне для беларускага нацыянальнага адраджэньня мела „Наша Ніва”. Пасьля таго, як з пачаткам нямецкай акупацыі „Наша Ніва” перастала выдавацца ў Вільні, беларусы апынуліся без сваёй газэты.

Гэтую тэму разглядае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы” Кветка Вітан (Юлія Дубейкаўская) (Газэта „Гоман”, у: „Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 67-69.).

„У Вільні немцы мелі «Ўстанову друку» (Прэсэнштэльле), якая выдавала дзьве нямецкія газэты – «Вільнэр Цайтунг», як мясцовы орган, і «Цайтунг дэр X Армэ» для вайсковых. У гэтых газэтах падавалі шмат артыкулаў зь гісторыі, этнаграфіі й геаграфіі акупаваных земляў. Працаўнікі гэтых газэтаў вельмі часта зварачаліся да Івана Луцкевіча, як да знаўцы краю, па парады й матар’ялы да гэтых артыкулаў. Праз гэтыя знаёмствы зь нямецкімі працаўнікамі друку Іван Луцкевіч дасягнуў таго, што «Прэсэнштэльле» пайшла на спатканьне Беларускаму Камітэту ў выдаваньні беларускага друкаванага органу. «Прэсэнштэльле» згадзілася пакрываць выдаткі на паперу й друк беларускай газэты. (...)

Увесь краёвы друк падлягаў нямецкай ваеннай цэнзуры. Трэба было таксама зьмяшчаць нямецкія распараджэньні, загады й абвесткі, але нікому навет і ў дум ня прыйшло, каб вымагаць ад мясцовага друку якіхсьці пранямецкіх артыкулаў. Усе сябры камітэту ўважалі, што галоўным заданьнем беларускай газэты – пашырэньне беларускае нацыянальнае сьведамасьці, інфармацыя пра агульныя падзеі й беларускае жыцьцё, ды абарона беларускіх інтарэсаў у родным краі.”
(Тамсама, с. 67)

Газэта „Гоман” пачала выходзіць два разы на тыдзень – пачаткова толькі кірыліцай, а пасьля й лацінкай. Так колішнія чытачы „Нашай Нівы”, што апынуліся пад нямецкай акупацыяй, ізноў атрымалі сваю газэту, у якой працавалі тыя самыя браты Луцкевічы.

Кветка Вітан адзначае, што паклёпы на Луцкевічаў пра запраданьне іх немцам былі хлусьлівыя. Ня бралі яны ад немцаў ніякіх грошай, а ўтрымліваліся з продажу антыкварных рэчаў Іванам Луцкевічам.


Фактычным рэдактарам газэты „Гоман” быў Антон Луцкевіч, які часта раіўся з братам Іванам, якія матэрыялы зьмяшчаць у газэце. Літаратурны аддзел запаўнялі Вацлаў Ластоўскі й Францішак Аляхновіч, да абавязкаў якога належала таксама апрацоўка мясцовай хронікі ды карэкта лацінскага варыянту „Гоману” (Тамсама, с. 67-68).

Іншай крыху, чым у нашаніўскую пару, але ня меней ідэйнай – меркаваньнем аўтара публікацыі пад назовам Дзень Беларускага Друку (Непісьменьнік, у: „Вольнае Слова”, №№ 4-5 (13-14), верасень 1950, с. 37-38) – была прэса часоў Акту 25 Сакавіка: „Вольная Беларусь”, „Беларускі Шлях”, „Беларуская Рада”, „Крывічанін”, „Гоман”, „Грамада” й „Дзяньніца”.

„Кожная з газэтаў грамадзкае думкі праводзіла сваю собскую ідэалёгію, але ўсе яны высака нясьлі беларускі сьцяг да незалежнасьці. Бяз ідэёвасьці наагул нельга было ўявіць сабе беларускае газэты ня толькі тады, але і сяньня.” (Тамсама, с. 37)

Першы нумар „Вольнай Беларусі” выйшаў 28 траўня 1917 году ў Менску Выдавалася яна, зь некаторымі перапынкамі, да лістапада 1918 году (Я. Запруднік, „Вольная Беларусь” і Язэп Лёскі [Лёсік – Н. Б.], у: „Беларус”, № 186, Нью-Ёрк, кастрычнік 1972, с. 4). Газэта пачала выходзіць як ворган Беларускага нацыянальнага камітэту, створанага ў Менску 25 сакавіка 1917 году на зьезьдзе беларускіх дзеячаў. Рэдагаваў газэту выдатны беларускі палітычны дзеяч, пісьменьнік і мовазнаўца Язэп Лёсік. „Вольная Беларусь” вяла справу нацыянальнага адраджэньня, але не праз Варшаву й не праз Маскву, а толькі незалежным шляхам.

Ніна Баршчэўская