• „Брахалаўка” альбо „Свабодная Эўропа”
  • 22.06.2006
„Брахалаўка” альбо польская радыёстанцыя „Свабодная Эўропа”.
Так назвалася першая польская манаграфія гэтага радыё, якая ахоплівае 42 гады ягонага існаваньня. Кнігу апрацавала Яанна Гайдаш, журналістка, між іншым, познаньскага радыё „Мэркуры” і раней таксама карэспандэнтка радыёстанцыі ў Мюнхэне.

Як зазначае Стэфан Браткоўскі, журналіст, а таксама былы апазыцыйны дзеяч, вельмі важна, што гэтую гісторыю нарэшце нехта апісаў.

"Так склаліся абставіны, што сёньня сустракаемся з рознымі не такімі даўнімі гісторыямі і з прыкрасьцю трэба сказаць, што шмат гэтых гісторыяў цалкам адрозьніваецца ад таго, што мы перажылі." - кажа Стэфан Браткоўскі.

Стэфан Браткоўскі: Гэтая кніжка распавядае пра тое, як было насамрэч. Таксама распавядае пра тое, як было там, дзе нас не было. Бо нас не было ў Мюнхэне. Мы даведваліся пра ўсё, можна сказаць, з другіх, альбо нават трэціх вуснаў. Мне здаецца, што гэтае радыё мае вельмі незвычайную гісторыю. І менавіта таму апавяданьне гэтай гісторыі іншым мае вельмі вялікае значэньне.

"Брахалаўка” альбо польская радыёстанцыя ”Свабодная Эўропа" выйшла якраз у 50-я ўгодкі чэрвеньскіх падзеяў і, як падкрэсьлівае Стэфан Браткоўскі, калі б не радыё "Свабодная Эўропа", то ў 56 годзе ўсё ў Польшчы магло б выглядаць зусім інакш.

Стэфан Браткоўскі: Тое, што адбывалася на Вугоршчыне, было жудасным.А мы мелі там вельмі блізкіх сяброў і ведалі ўсе падрабязнасьці тых падзеяў. Там усё скончылася страшнай трагедыяй. І нам вельмі часаліся рукі, і ад гвалтоўных рухаў нас стрымлівала менавіта гэтая радыёстанцыя, даючы зразумець, што гэта неадпаведны час на ўзброеныя дзеяньні. Таксама нам тлумачыў прымас Вышыньскі.

У Вугоршчыне спроба вярнуць незалежнасьць і збудаваць дэмакратыю закончылася крывавай савецкай збройнай інтэрвэнцыяй. Стэфан Браткоўскі выказаў спадзяваньне, што гэтая кніжка будзе мець вялікае значэньне для сучасных гісторыкаў.

Ялянта Гайдаш зазначае, што выхад у сьвет гэтай працы ў 50-я ўгодкі "Чэрвеньскага познаньскага паўстаньня" мае таксама сымбалічнае значэньне.

Ялянта Гайдаш: Усе пратэстуючыя адназначна выказаліся за свабоду слова. Яны стаялі ня толькі пад будынкам службаў бясьпекі, а таксама пад будынкам дзяржстраху, бо на ім вісела апаратура, якая заглушала "Свабодную Эўропу". І яны развалілі тыя глушыцелі. Вялікі натоўп стаяў на скрыжаваньні вуліц Каханоўскага й Дамброўскага ў Познані ды назіраў, як моладзь скідвала з высокага будынку глушыцелі.

Ліквідацыя забастоўшчыкамі глушыцеляў - гэта выразны знак таго, наколькі важны быў для палякаў голас з-за жалезнай заслоны.

Праз тыдзень, 28 чэрвеня міне дакладна 50 гадоў ад гэтых падзеяў.

Ялянта Гайдаш прыгадвае, што ўдзельнікі тых пратэстаў заплацілі за гэта вельмі высокую цану.

Ялянта Гайдаш: Брутальнасьць, зь якою рапраўляліся з дэманстрантамі, колькасьць забітых, колькасьць жаўнераў на вуліцах, брутальнасьць падчас допытаў і трагічныя лёсы людзей пасьля здарэньняў. Назіраючы за лёсамі канкрэтных асобаў, можна заўважыць, якую высокую цану яны заплацілі за тое, што зрабілі 28 чэрвеня.

Аўтарка кніжкі падкрэсьліла, што тэма радыёстанцыі "Свабодная Эўропа" вельмі важная ня толькі для гісторыкаў. На сёлетніх выпускных экзаменах, між іншым, была тэма патрыятызму Яна Новака-Езяраньскага, заснавальніка радыё "Свабодная Эўропа". Ян Новак-Езяраньскі яшчэ пасьпеў прачытаць публікацыю, якая рыхтавалася да друку. Пасьля напісаў, што зрабіў гэта з пачуццём задавальненьня, прызнаньнем і ўзрушэньнем.

Караліна Русіновіч