• Беларускія імёны
  • 23.06.2006

Паводле статыстыкі, сёлета найбольш навароджаных у сталіцы Беларусі назвалі Ўладыславамі. Таксама шмат Максімаў і Іванаў. У лідэрах цягам пяці гадоў Данілы, Арцёмы, Мікіты.

Дзяўчынак называюць часьцей за ўсё Дар’ямі, Палінамі, Марыямі й Ганнамі. Мода на Анастасіяў, Елізаветаў і Вікторыяў не мінае цэлую пяцігодку.

Страцілі папулярнасьць Васіль, Пятро, Мікалай, Сяргей. Сярод дзяўчынак стала мала Тацьцян, Ален, Вераў і Надзеяў.

Зьміцер Саўка - лінгвіст і бацька чацьвярых дзяцей.

Саўка: Кожнае імя мае сваю гісторыю. Першы сын Уладзіслаў быў названы ў гонар айца Ўладыслава Чарняўскага. Гэта вельмі сьветлая асоба. Думаю, айцец Уладылаў пакінуў сьлед у лёсе соцень людзей. Ён быў ці не адзіным сьведчаньнем той эпохі, дзеячоў якой проста пад корань зьнішчлі. Ня толькі быў беларускамоўны, але беларускадумны. Хацелася, каб напамінам пра гэтага чалавека было імя майго сына.

Наступнае дзіця – дачка. Атрымала імя Юстына. Шукаў заўсёды рэдкае імя, бо, як лінгвіст, лічу, што імя – гэта найменьне, якое адрозьнівае аднаго чалавека ад астатніх. Унікальнасьць імя ці не асноўны яго атрыбут. Хацелася выбраць імя згодна з заходняй традыцыяй.

Трэцяе дзіця Караліну мы назвалі не самі. Тры месяцы яна пражыла безь імя. На той момант беларуская супольнасьць напоўнілася нованароджанымі, якіх назвалі дастаткова арыгінальнымі імёнамі. У нашых знаёмых ужо былі і Адэлі, і Анелі, і Марты, і Дамінікі, і Агаты. Потым прабабуля Караліна прапанавала назваць дзіця яе імем. А пры хросьце дзяўчынка атрымала яшчэ адно імя Людаміра.

Чацьвеертае дзіця Стэфан-Люцыян нарадзіўся ў шчасную пару, калі адмянілі інструкцыю 60-х гадоў, паводле якой дзеці, народжаныя ад грамадзянаў СССР (аўтаматычна гэта пераносілася й на грамадзянаў РБ) не маглі мець двух імёнаў. Стэфан кароткае, пазнавальнае імя. Тым часам Сцяпанаў шмат. Хацелася назваць дзіця не па-савецку. А Люцыян... Гэта імя мне падабалася яшчэ з часоў школьных. Люцыян Таполя лірычны герой аднайменнай паэмы Максіма Танка. Народны скульптар. Урыгожваючы касцёлы, браў за мадэлі скульптур сьвятых сьв. Пятра, сьв. Паўла, Маці Божай аднавяскоўцаў. Спалучэньне сьвету духоўнага й сялянскае паходжаньне. Як і ў нашай сям'і. Хацелася гэта падкрэсьліць праз імя сына.

Ганна Гарачка