• Дзеці Генэка Лойкі
  • 27.06.2006
Як беларусы называюць сваіх дзяцей. І не ў далёкай мінуўшчыне, а менавіта цяпер. Дзяцей, якія нарадзіліся і ўжо падрастаюць у бацькоў, што сьвядома далучыліся да справы беларушчыны яшчэ ў 80-я, 90-я гады мінулага стагодьдзя. Расказвае скульптар Генэк Лойка – бацька траіх дзяцей.

Лойка: Першы Яраш. Ад Караткевіча прыйшло імя - Яраш Раўбіч. Менавіта Яраш. Не Яраслаў, не Ярамір, не Яраполк. Ёсьць жа такія прозьвішчы – Ярашэвіч і г.д. Але, калі мы ўдакладнілі тэкст Караткевіча, дык аказалася, што ў яго Яраслаў Раўбіч. Проста так звалі героя скарочана. А мы ўжо назвалі дзіця Ярашам. Пасьля Вольга Бабкова кажа: якое файнае імя! Яна корпаецца ў архівах, дык у архівах Ваўкавыскіх, Менскіх поўна Ярашаў! 16-17 стагодьдзе. Простыя, звычайныя людзі. Менавіта такая форма. Сапраўды, гэта беларуская форма. Узрадаваліся моцна.

Наступнае дзіця - дзяўчынка. Назвалі яе Кіра. Мама назвала так, каб працягнуць імя бабулі. Спадчыннае імя. Я паглядзеў, што Кіра, Кірыл - гэта пэрсыдзкае імя. Я з гэтым нязгодны. Бо ў нас ёсьць слова «кірля» «чайка». Гэтак Кірцяю, Кірусяю, Кірляю мы яе й называем.

А потым нарадзіўся Любарт. Тут ужо мы доўга шукалі. Хацелі Барташам назваць. Але глядзім, ёсьць Любарт у іменьніку беларускім, які нацыяналісты нашыя выдаюць. Любарт - сын князя Гедыміна. Любаш, Яраш... падобна й гучыць. Удала трапілі. На рыцарскім турніры сустрэлі рыцара з такім імем. А рыцары бяруць для сябе рыцарскае адмысловае імя, адрознае ад таго, што ў жыцьці.

Я не хацеў даваць двайныя імёны. Але, калі хрысьцілі, давялося. Ксёндз адмовіўся даваць нашыя імёны. Яраш Караль. Кіра Караліна. А Любарт Вінцэнт.

Ганна Гарачка