• Адам Дамінік Стэфановіч
  • 27.06.2006
Вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч мае сына, якому няма яшчэ і году. Пра тое, як выбіралі імя для хлопчыка, расказвае маці – Аліна Стэфановіч.

Стэфановіч: Наш сын завецца Адам Дамінік. Адам падабалася і мне, і мужу. Імя вельмі міжнароднае. На ўсіх мовах Адам пішацца аднолькава проста, бяз гэтых цяжкіх у перадачы на пісьме гукаў «с», «ш», «ц». Але нечым імя й вельмі беларускае. Дакладна не расейскае. Пасьля высьвятлілася яшчэ, што і ў мяне, і ў мужа прадзеды былі Адамы. А Дамінік проста для прыгажосьці. Хрысьцілі двума імёнамі. У ЗАГСе нармальна адрэагавалі. Муж запісваў. Праўда, паглядзелі ў слоўнік, як пісаць Дамінік. Праблемаў не было, нават зьдзівіліся. Імёны даюцца паводле традыцыі, але й моды таксама. Апошнім часам ня ведаю, ці то мода на традыцыю, ці то на імя. Шмат стала Дамінікаў і Дамінік. Традыцыйных беларускіх імёнаў увогуле стала шмат. Дома сына завём Адасікам. Я разглядала, калі выбіралі імя, розныя імёны кшталту Ўсяслаў, Сьвятаслаў... Падабаліся гэтыя імёны. Але спыніла мяне тое, што калі падрасьце, раптам нехта назаве яго Славікам. А мы гэтага ня хочам.

Ганна Гарачка