• Данута Зайкоўская
  • 27.06.2006
Вядомы гісторык, археоляг Эдвард Зайкоўскі й філёляг Галіна Тычка выбіралі для сваёй адзінай дачкі сапраўднае беларускае імя. Калі дзяўчынка падрасла, яна ацаніла стараньні бацькоў і сваім імем цяпер ганарыцца.

Расказвае Эдвард Зайкоўскі.

Зайкоўскі: Нашу дачку завуць Данута. Гэта, бадай, адно з самых беларускіх імёнаў. Можа не зусім этымалягічна беларускае, калі акрэсьліваць, дык хутчэй ліцьвінскае. Яшчэ ў канцы 14 ст. у Вітаўта была сястра Данута. Асабліва ў Заходняй Беларусі гэтае імя распаўсюджанае. Таксама ў летувісаў. Ад нас палякі яго запазычылі. Як нарадзілася мая дачка, да нас у інстытут прыяжджала полька. Калі яна пачула, што назваў дачку Данута, зарэагавала так: «О! Данута! Была ў нас ксёнжна Мазавецка». А гэта якраз і была сястра Вітаўта. Праблемаў у ЗАГСе, калі выпісвалі мэтрыку, не было, але работніца папрасіла напісаць імя на паперцы, каб не было памылкі. Цяпер у Беларусі гэта рэдкае імя. А на Беласточчыне знайшоў у тэлефонным даведніку ажно 5 Данутаў Зайкоўскіх. Дачцэ імя падабаецца. Яна ганарыцца.

Ганна Гарачка