• Міхаліна й Сьвятаяна
  • 27.06.2006
У сям'і двух паэтаў – Алеся Емельянава й Антаніны Хатэнкі – нарадзіліся дзьве дачкі. Пра тое, як выбіралі для дзяўчынак імёны, расказвае Антаніна Хатэнка.

Хатэнка: Калі нарадзілася мая першая дачка, сьвядомасьць мая нацыянальная была павярхоўная. Муж угаворваў назваць Міхаліна, а я супраціўлялася: будуць дражніць у садку, на вуліцы. Няхай будзе, як у людзей. Тады ён раззлаваўся й запісаў дачку так, як звалі адну з маіх бабуляў і дзяўчыну - ягонае першае каханьне. І гэта была не Міхаліна, а Тацьцяна. Дачка вельмі чамусьці свайго імя не любіла. Злавалася на Таню. Гэта быў 80-ы год. А ў 90-х пайшла хваля адраджэньня. Яна ўжо бралася на падлетка. І тут яна дазналася, што была б ня Таня, а Міхаліна, каб я згадзілася. Паціху сама стала ўсім казаць, што яна ня Таня, а Міхаліна. І гэта прыжылося. Усе й забыліся, што яна была Тацьцяна. Цяпер, калі бацька памёр, хацела нават дакумэнты памяняць, але занадта шмат гэта займае часу й клопату. Але жыве цяпер у гармоніі зь імем. Імя стала нават дапамагаць у жыцьці, усё стала складацца. Пацьвердзіліся законы нашых продкаў.

Калі нарадзілася малодшая, мы былі ўжо сьвядомыя. Доўга-доўга шукалі сапраўднае беларускае імя. То мне не падабалася, то мужу, то старэйшай дачцэ. Гарталі даведнікі. А потым муж зазірнуў у батанічны даведнік пра зёлкі. Улетку народжанае дзіця... А нашыя ж далёкія продкі называлі дзяцей прыроднымі імёнамі – Бяроза, напрыклад... Знайшлі «сьвятаяннік», так і назвалі дачку Сьвятаяна. Завем дома то Сьвята, то Яна. Было цяжка давесьці ў ЗАГСе, каб запісалі менавіта так - зь мяккім знакам і без злучка Сьвятаяна.

Ганна Гарачка