• Эміграцыя пра беларускія газэты й часопісы - 3
  • 28.06.2006

Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі на сваіх старонках адводзілі характарыстыцы беларускага друку дасавецкага й савецкага пэрыядаў. У іх ацэнцы, ідэйны напрамак беларускай прэсы зьмяніўся ў Савецкай Беларусі. Тады колькасьць і наклад выданьняў павялічыліся, але беларускі друк перастаў быць духовым правадыром чытачоў.

У публікацыі Зь гісторыі газэты Савецкая Беларусь (у: „Бацькаўшчына”, № 44 (430), Мюнхэн, 16 лістапада 1958, с. 2) мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына” піша пра першыя беларускія савецкія газэты ў Менску ў 1920 годзе. „Савецкая Беларусь” з 15 жніўня 1920 году пачала ізноў выходзіць у беларускай мове. Ейным рэдактарам быў, закатаваны пазьней бальшавікамі, старшыня першага беларускага савецкага ўраду Зьмітра Жылуновіч, вядомы ў беларускай літаратуры пад псэўданімам Цішкі Гартнага).

Праскі часопіс „Іскры Скарыны” прыводзіць афіцыйныя даныя пра колькасьць газэтаў у Беларусі ў палове 1930-х гадоў, зь якіх вынікае, што выходзіла 256 газэт і 8 часопісаў (N-ka, U Savieckaj Biełarusi, u: „Iskry Skaryny”, № 5, Praha 1935, s. 82).

У артыкуле Аб прэсе ў Савецкай Беларусі (у: „Бацькаўшчына”, № 100, Мюнхэн, 25 сакавіка 1952, с. 2-3) М. Вольны (псэўданім Міколы Панькова) разглядае ролю друку ў БССР у 1950-х гадох. На ягоную думку, нельга гэтай прэсы назваць беларускай, таму што яна чужая для беларускага народу, ды й мова ў ёй не беларуская.

„Даволі нават павярховага і эпізадычнага знаёмства з гэтай «беларускай» прэсай БССР, каб пераканацца, што яна мае зусім іншыя функцыі і заданьні. Друкаванае слова ў Беларускай ССР ёсьць зброяй духовага паняволеньня і вынішчэньня нашага народу, адным і, магчыма галоўным, сродкам барацьбы з нацыянальна-дзяржаўнымі ідэаламі нашага народу. Варожы, сілай накінуты чужакамі нашаму народу маскоўска-бальшавіцкі рэжым паставіў і прэсу на Беларусі на службу маскоўскім, а не беларускім інтарэсам”. (Тамсама, с. 2).

Згодна паведамленьням М. Вольнага, у 1950-х гадох выдавалася ў БССР 530 рэспубліканскіх, абласных, мястовых, раённых ды фабрычных газэтаў і 48 розных часопісаў. Пры гэтым аўтар адзначае, што колькасьць выданьняў у беларуска-маскоўскім жаргоне безупынку зьмяншалася на карысьць мовы расейскай. (Тамсама)

Таксама й нью-ёрскі часопіс „Запісы”( Друк і прэса БССР, у: „Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1952, с. 125-126) заўважае, што ўсё болей газэтаў, для русыфікацыйных мэтаў, пачынала выходзіць не па-беларуску, але па-расейску.

У 1950-х гадох паўстала пытаньне аб выданьні часопіса па беларускаму мовазнаўству, але ў той час не было неабходных кадраў. Сытуацыя рэзка зьмянілася ў другой палове 60-х гадоў. Усебаковае вывучэньне беларускае мовы па такіх праблемах, як сучасная беларуская літаратурная мова, гісторыя мовы й дыялекталёгія, лексыкалёгія й лексыкаграфія ды сувязь беларускай мовы зь іншымі славянскімі мовамі ажыцьцяўлялася ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Пытаньні беларускае мовы знаходзіліся ў цэнтры ўвагі шматлікіх выкладчыкаў і асьпірантаў філялягічных факультэтаў вышэйшых навучальных установаў і катэдраў замежных моваў. Інтарэс да беларускае мовы ўзрос таксама за мяжою, і паяўленьне мовазнаўчага часопіса сталася неабходным. Апрача навуковага значэньня ён быў бы рэальным дапаможнікам настаўнікам беларускае мовы – напісалі на старонках „Звязды” беларускія мовазнаўцы, пісьменьнікі й настаўнікі, а зьвярнуў увагу на гэтую публікацыю эміграцыйны часопіс „Навіны зь Беларусі”.

„Нявырашанасьць многіх праблемаў разьвіцьця мовы, яе культуры, правапісу, вымаўленьня, нармалізацыі, пытаньняў стылістыкі, урэшце гэтая прыкрая адарванасьць нашага мовазнаўства ад жывое практыкі слова ў значнай ступені тлумачыцца адсутнасьцю друкаванага органу, які-б зьвязваў навуку з жыцьцём і на старонках якога можна было-б правесьці шырокае абмеркаваньне сёньняшніх моўных працэсаў”. (Ізноў пытаньне моваведнага часапісу, у: „Навіны зь Беларусі”, № 15 (110), Нью-Ёрк, 15 жніўня 1968, с. 4, спасылка на: М. Г. Булахаў, М. А. Жыдовіч, Ю. Ф. Мацкевіч, А. Я. Супрун, Л. М. Шакун – дактары філалагічных навук; А. С. Аксамітаў, А. Я. Баханькоў, А. І. Жураўскі, В. У. Мартынаў, Ф. М. Янкоўскі – кандыдаты філалагічных навук; М. І. Жыркевіч – заслужаны дзеяч навукі БССР; А. М. Бачыла, М. П. Лобан, І. П. Мележ – пісьменнікі; Е. І. Кандратовіч – заслужаная настаўніца БССР, Патрэбен часопіс па мовазанўству, „Звязда”, Мінск, 12 ліпеня 1968).

„Навіны зь Беларусі” зьвяртаюць увагу на зьмяншэньне накладу штомесячнага літаратурна-мастацкага й грамадзка-палітычнага часопіса „Маладосць”. За 10 гадоў, ад ліпеня 1958 году да ліпеня 1968 году наклад зьменшыўся амаль на 1,5 тысячы асобнікаў: з 12 тысяч упаў да 10628 экзэмпляраў (Тыраж „Маладосьці” за 10 год зьменшыўся, у: „Навіны зь Беларусі”, № 18 (113), Нью-Ёрк, 30 верасьня 1968, с. 4).

Таксама нью-ёрска газэта „Беларус” заўважае паніжэньне накладаў беларускіх часопісаў (Абніжэньне тыражоў беларускіх часапісаў, у: „Беларус”, № 299, Нью-Ёрк, красавік 1982, с. 1).

Павелічэньне тыражу расейскамоўнага часопіса „Нёман” нельга патлумачыць бракам паперы, як гэта часта апраўдоўвалася абніжэньне тыражу беларускамоўных часопісаў – падкрэсьліваецца на старонках „Беларуса”.

Ніна Баршчэўская