• Музэй Часлава Немэна
  • 01.07.2006
Прыхільнікі творчасьці знакамітага польскага сьпевака Часлава Немэна хочуць стварыць музэй у яго бацькоўскай хаце, якая знаходзіцца ў Старых Васілішках на Гарадзеншчыне. Ідэя нарадзілася летась ва Ўрославе, дзе, дарэчы, жыве шмат пасьляваенных перасяленцаў з Гарадзеншчыны. Але каб паўстаў музэй, спачатку трэба купіць у мясцовых уладаў хату, дзе нарадзіўся й жыў артыст. А нарадзяўся ён 16 лютага 1939 году. Называўся Часлаў Юліюш Выджыцкі. Калі яму споўнілася 19 гадоў, скарыстаўшы з апошняй магчымасьці рэпатрыяцыі, паехаў у Польшчу.

У сваіх думках ён часта вяртаўся на радзіму, у сваю вёску, да чыстай рачулкі. Ён падкрэсбліваў, што нарадзіўся ў краіне на Нёмане.

Асоба Часлава Немана вельмі блізкая розным пакаленьням палякаў, і таму ініцыятыва стварэньня музэя сустрэлася з пазытыўным водгукам.

Нягледзячы на тое, што гэтую ідэю не рэклямавалі ў СМІ, да ініцыятараў пачалі прыходзіць грашовыя пераводы і ад прыватных асобаў, і ад розных аб`яднаньняў, кажа старшыня Калегіюму Ўсходняе Эўропы Ян Дамброўскі.

Ян Дамброўскі: Мы ведаем, што гэта вельмі важная мэта, але адначасова разумеем , што цяжка будзе сабраць неабходную суму, якой хапіла б на рамонт музэя. Але пэўныя грошы ўжо маем. Іншая справа - хто будзе назіраць за музэем. Калі справа толькі пачыналася, то нам хацелася аддаць музэй пад апеку Саюзу палякаў Беларусі. Цяпер вядома, што гэта немагчыма. Калегіюм Усходняе Эўропы таксама ня можа апекавацца музэем, бо мы зьяўляемся замежнай установай. Магчыма, што з часам гэтая справа сама вырашыцца. Мы ўжо пачалі супрацоўнічаць зь беларускімі юрыстамі, каб справу адпаведна закончыць і не змарнаваць людзкіх грошай. Таму што пры ўсёй нашай сымпатыі да Беларусі, яна яшчэ не да канца прадказальная. І ў кожнай хвіліне можа здарыцца нейкая непрадугледжаная сытуацыя. Але я спадзяюся, што ўсё будзе адбывацца нармалёва.

З мэтай збору сродкаў на музэй у мастацкай галерыі Калеюму Ўсходняй Эўропы адбыўся спэцыяльны аўкцыён твораў у стылі рэнэсансу. Пачаткова здавалася, што ўсё на добрым шляку. Але сапраўды здарылася непрадугледжаная сытуацыя.

Цана за хату пачала расьці як на сапраўднай біржы нерухомасьцяў, - кажа гэнеральны консул Консульства Польшчы ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі.

Анджэй Крэнтоўскі :Відавочна, мясцовыя ўлады сарыентаваліся, што ёсьць шмат зацікаўленых, і так высока паднялі цану, што жадаючых стала мала і усё скончылася на нічым. З таго, што я ведаю, на сёньняшні дзень ніхто яе не купіў. Стартавая цана была каля 500 даляраў. А трэба падкрэсьліць, што гэта вельмі старая хата. Потым цана ўзрасла да 5 тысячаў даляраў. Гэтая хата знаходзіцца ў распараджэньні мясцовага Сельсавету, бо пасьля таго, як сям`я Выджыцкіх выехала, то там шмат гадоў была вясковая крама, а цяпер стаіць пустая хата.

Анак жа мясцовыя жыхары даглядаюць гэты будынак, - кажа консул Крэнтоўскі.

Анджэй Крэнтоўскі :Туды прыяжджаюць экскурсіі, у дзень сьмерці сьпевака адбываюцца сустрэчы, так што мясцовыя жыхары памятаюць пра свайго суайчыньніка. Спадзяюся, што гэтая мясьціна трапіць у праграму тырыстычных экскурсій, тым больш, што гэта вельмі блізка са "Шляхам Адама Міцкевіча". А месца сапраўды прыгожае. Трэба памятаць пра тое, што Часлаў Немэн дзяцінства правёў менавіта там, пасьля ўжо пераехаў у Горадню, дзе вучыўся ў музычнай школе, адкуль пасьля вайны пераехаў
у Польшчу, у Гданьск, дзе разьвіваў свой музычны талент. Але ўсё пачыналася тут.

На сёньняшні дзень ніхто ня ведае, як вырашыцца справа. Але вельмі хацелася б, каб у Старых Васілішках у хуткім часе адчыніў дзьверы музей Часлава Немэна.

Караліна Русіновіч