• Беларуская мова й культура ў Польшчы
  • 06.07.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты час ад часу зьмяшчалі публікацыі пра беларусаў у Польшчы. Закраналіся такія тэмы, як: рэпатрыяцыя насельніцтва зь Беларусі ў Польшчу ды наогул колькасьць беларусаў у Польшчы, сытуацыя беларускага насельніцтва ў даваеннай і паваеннай Польшчы, разьвіцьцё беларускай культуры, мовы й школьнай сыстэмы. Асаблівую актыўнасьць у гэтай галіне праяўляла „Бацькаўшчына”. (Глядзі: Nina Barszczewska, Беларуская культурна-асьветніцкая дзейнасьць у Польшчы на старонках часопіса „Бацькаўшчына”, у: Acta Polono-Ruthenica, V, Olsztyn 2000, c. 75-91)

Беларускі эміграцыйны дасьледнік А. Багровіч у рэцэнзіі публікацыі Чэслава Мадайчыка пра дакумэнты, датычныя нацыянальнай палітыкі польскіх уладаў пасьля травеньскага перавароту, зьмешчанай на старонках нью-ёрскага часопіса„Запісы” , зьвяртае ўвагу на асыміляцыйную палітыку ўрадаў Польшчы міжваеннае пары да жыхароў няпольскай нацыянальнасьці, якія складалі каля 40% ад усяго насельніцтва дзяржавы. У ягонай ацэнцы, зьмены палітыкі ў гэтай галіне паасобных урадаў былі зьменамі толькі спосабаў дэнацыяналізацыі. (А.Багровіч, Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: „Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 125-130)

Юзаф Пілсудскі раіў не перабольшваць праблемы нацыянальных мяншыняў. Зьвяртаў увагу на неабходнасьць загарантаваньня належных правоў польскай мове: польская мова павінна вывучацца на тэрыторыі цэлае дзяржавы, павінна па-польску весьціся адміністрацыйна-судовая праца, польская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай.

Пілсудскі падтрымаў міністра ўнутраных справаў Казімежа Младзяноўскага, які, характарызуючы беларусаў, заявіў, што беларуская мова такая цяжкая й неразьвітая, што ня можа быць моваю школаў і ўрадаў (Тамсама, с. 126).

А. Багровіч піша на старонках „Запісаў”, што ў выніку гэтай палітыкі да пачатку Другой Сусьветнай вайны санацыйныя ўлады зьліквідавалі ня толькі ўсё беларускае пачатковае й сярэдняе школьніцтва, але адміністрацыйнымі загадамі пазакрывалі і ўсе масавыя культурна-асьветныя ды нацыянальна-грамадзкія беларускія арганізацыі.

„Забароненае было выдаваньне й важнейшых палітычна-грамадзкіх газэтаў і часапісаў, уключна з органамі Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі. (...) Нацыянальная палітыка польскіх уладаў міжваеннае пары дасягнула гэтага, што зь беларускага палітычнага жыцьця шчэзьлі зусім прапольскія кірункі й ар’ентацыі, якія існавалі ў часе Першае Сусьветнае вайны ды колькі гадоў яшчэ й пасьля. Сярод беларусаў былое Заходняе Беларусі польскае 20-гадовае панаваньне выкараніла дазваньня ўсе прапольскія сымпатыі.” (Тамсама, с. 130).

Больш аптымістычна глядзіць на беларускае жыцьцё ў міжваеннай Польшчы праскі часопіс „Іскры Скарыны”. У артыкуле З палёў Заходняй Беларусі (-ič -праўдападобна, Хведар Ільяшэвіч, Z palou Zachodniaj Biełarusi, у: „Iskry Skaryny”, Praha 1935, s. 80-82) зьвяртаецца ўвага на тое, што, незалежна ад цяжкіх абставінаў, культурнае жыцьцё на землях Заходняй Беларусі, якія знаходзіліся ў межах ІІ Рэчыпаспалітай, не замірала. З 1 студзеня 1935 году ў Вільні пачаў выходзіць беларускі літаратурна-навуковы часопіс „Калосьсе”, выдаўцом якога быў Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры. Зьявіўся беларускі каталіцкі штомесячнік „Хрысьціянская Думка” й ворган айцоў езуітаў „Да злучэньня”, а іншыя рэлігійныя выданьні, такія як: „Сьветач Беларусі”, „Царква і Народ”, „Голас Праваслаўнага Беларуса” перасталі выходзіць. Сярод непэрыядычных выданьняў называецца ворган маладой беларускай сацыялістычнай думкі „Золак”. 7 гадоў праіснаваў штомесячнік „Шлях Моладзі”. У 1934 годзе пачаў выходзіць месячнік пчалярства й мядова-лякарскіх зёлак „Беларуская Борць”. Чацьверты год выдаваўся беларускі каапэрацыйна-гаспадарчы часопіс „Самапомач”, а трэці год – ворган Беларускіх нацыянал-сацыялістаў „Новы Шлях” (Тамсама, с. 80). На шырокую дарогу ўсенароднае справы вырвалася з рамак касьцельна-царкоўнага клерыкалізму існуючая ўжо 19 гадоў у Вільні газэта „Беларуская Крыніца”, якая была ворганам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Таксама ў Вільні выдаваўся ворган групы беларускіх палянафілаў „Родны Край”.

У паваеннай Польшчы, а асабліва ад 1956 году, сытуацыя значна зьмянілася на карысьць беларускага насельніцтва, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская