• 210-годзьдзе з дня народзінаў Яна Чачота
  • 07.07.2006

7 ліпеня мінае 210 гадоў з дня народзінаў Яна Чачота – беларускага й польскага паэта ды фальклярыста. У сувязі з гэтым прыгадаем вам важнейшыя даты зь ягонага жыццёвага й творчага шляху.

Ян Антоні Чачот нарадзіўся 24 чэрвеня (7 ліпеня) 1796 году ў сям’і арандатара Тадэвуша Чачота, жанатага з Клярай Гасьціцкай, у вёсцы Малюшычы Наваградзкага ваяводзтва. Цяпер гэта Карэліцкі раён Гарадзенскае вобласьці. Маленства Яна Чачота прайшло ў маёнтку графа Тызэнгаўза Рэпіхава, што непадалёк ад Баранавічаў.

Прайшоўшы хатняе навучаньне, у 1809 годзе паступіў ён у павятовую школу дамініканцаў у Наваградку. Там у старэйшых клясах зблізіўся й на ўсё жыцьцё пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Восеньню 1816 году паступіў на аддзяленьне маральных і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту, але, ня маючы матэрыяльнае падтрымкі ад сям’і, быў прымушаны пакінуць навуку і ўладкавацца на працу ў Віленскае бюро па ўпарадкаваньні архіваў князёў Радзівілаў.

У 1818 г. Ян Чачот уступіў у Таварыства філяматаў. Выступаў на філямацкіх пасяджэньнях з рэфэратамі. Шмат увагі прыдаваў вывучэньню Статуту Вялікага Княства Літоўскага. З 1820 году ўзначальваў Літаратурны аддзел у складзе Таварыства філярэтаў. Падчас выкрыцьця царскімі ўладамі тайных студэнцкіх згуртаваньняў быў арыштаваны як адзін зь першых і цэлы год – з 10 кастрычніка 1823 году да 22 кастрычніка 1824 году – знаходзіўся ў мурох базыльянскага кляштара.

Там склаў рукапісны зборнік Песенькі і іншыя вершы, якія ўдалося перадаць дачцэ рэктара Віленскага ўнівэрсытэту спадарыні З.Малеўскай. У дадатку да яго меліся першыя ў гісторыі беларускай фальклярыстыкі разважаньні наконт зьбіраньня вуснапаэтычных твораў.

Пакараньне за прыналежнасьць да нелегальнага студэнцкага гуртка Ян Чачот адбываў на Ўрале. Спачатку ў крэпасьці ў Кізіле. Праз паўгоду, у траўні 1825 году, калі пагоршылася ягонае здароўе, атрымаў дазвол пераехаць у Уфу, а ў 1828 годзе паступіў там на дзяржаўную службу ў бюро губэрнатара й паказаў сябе з добрага боку. Вызвалены з-пад нагляду паліцыі, у снежні 1830 году Чачот выехаў з Уфы праз Арэнбург, дзе знаходзіўся Тамаш Зан, у Маскву, каб сустрэцца з Ануфрыем Петрашкевічам, які працаваў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Затым быў у Цьверы, Таржку, і, праз хадайніцтва цьвярскога губэрнатара апынуўся нарэшце ў 1833 годзе на Віцебшчыне – у Лепелі, дзе працаваў у кіраўніцтве Бярэзінскага каналу – спачатку звычайным канцылярыстам, затым сакратаром. У 1841 годзе атрымаў дазвол пераехаць на Наваградчыну й працаваў у Шчорсаўскай бібліятэцы Храптовіча да сьмерці яе ўладальніка ў 1844 годзе. Пазьней разлічваў на службу ў бібліятэцы ў Лагойску, але Канстанцін Тышкевіч не адгукнуўся на ягоную прапанову. З гэтага часу Ян Чачот жыў у сваіх сяброў, пераяжджаў зь месца на месца. Вясною 1847 году выехаў на лячэньне ў Друскенікі, дзе й памёр 11 жніўня. Пахаваны ў вёсцы Ротніца на тэрыторыі Летувы.

Сваю літаратурную творчасьць, заснаваную на беларускім фальклёры, пачаў Ян Чачот у 1819 годзе. Тады напісаў па-беларуску некалькі імянінных вітаньняў і драматургічных сцэнак, як напр. Да пакіньце ж горла драць ці Едзе міленькі Адам. Фальклярыстычна-мастацкія прынцыпы адбіліся й на ягоных польскамоўных балядах: Бекеш, Наваградзкі замак, Калдычэўскі шчупак, Узногі, Мышанка, Сьвіцязь і іншыя. Абапіраючыся на існуючыя запісы ды на ўласныя матэрыялы, Ян Чачот выдаў у Вільні ў гадох 1837-46 6 кніг Piosnek wieśniaczych z nad Niemna i Dźwiny (Сялянскіх песенак з-над Нёмана і Дзьвіны), дзякуючы чаму пазнаёміў польскага чытача з народнай беларускай паэзіяй.

Вось як Максім Гарэцкі ацаніў прысутнасьць Яна Чачота ў беларускай літаратуры:

„Значэньне Чачота ў гісторыі нашае літаратуры, галоўным чынам, такое, што ён пабуджаў беларускасьць і натуральным спосабам вывеў кніжную творчасьць з творчасьці народнай, а зрабіў гэта ў беларускай мове (...), значыцца, даў ёй нацыянальны грунт для далейшага разьвіцьця. Літаратурная беларуская мова Чачота адбівае на сабе нешырокі пагляд на яе песьняра-этнографа, і карыстаецца ён выключна народным слоўнікам; у яго – шмат палянізмаў. Верш Чачота чытаецца лёгка, мае народны склад, хаця часам дужа псуецца вялікім уплывам польскай вэрсіфікацыі і зьбіваецца на няўломную сылябічнасьць.”

Ніна Баршчэўская