• Беларуская мова й культура ў Польшчы - 2
  • 12.07.2006


Беларускія эміграцыйныя газэты час ад часу зьмяшчалі публікацыі пра беларусаў у Польшчы. Закраналіся такія тэмы, як: рэпатрыяцыя насельніцтва зь Беларусі ў Польшчу ды наогул колькасьць беларусаў у Польшчы, сытуацыя беларускага насельніцтва ў даваеннай і паваеннай Польшчы, разьвіцьцё беларускае культуры, школьніцтва й беларускае мовы. У паваеннай Польшчы, а асабліва ад 1956 году, сытуацыя значна зьмянілася на карысьць беларускага насельніцтва.

У кастрычніку 1956 году было створана Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, пачаў выходзіць тыднёвік „Ніва” ды паадкрываліся на Беласточчыне беларускія пачатковыя й сярэднія школы. Па-за Беласточчынай аддзелы Беларускага грамадзка-культурнага таварыства былі толькі ў Варшаве й Шчэціне (Алесь Крыга – псэўданім Станіслава Станкевіча, Лёс Беларусаў у Польшчы, „Бацькаўшчына”, № 7 (542), Мюнхэн, 12 лютага 1961, с. 1) .

На заходнюю тэрыторыю Польшчы пасьля 1955 году было пераселенае каталіцкае насельніцтва зь Беларусі, асабліва з заходняй яе часткі.

Алесь Крыга спасылаецца на дасьледаваньне Казіміра Жыгульскага, зьмешчанае ў часопісе „Przegląd Socjologiczny”, зь якога вынікае, што ў аселеных пасьля 1955 году сем’ях бальшыня прыбылых карысталася дзвюма-трыма мовамі: беларускай і польскай, ды яшчэ расейскай.

Беларускае насельніцтва ахвотна працавала на роднай ніве. Газэта „Беларус” паведамляе, што ў 1964 годзе БГКТ у Польшчы мела больш за 500 сяброў і 160 гурткоў на правінцыі. Дзейнасьць таварыства была даволі шырокая. Яно праводзіла сыстэматычныя агляды драматычных, харавых і танцавальных аматарскіх калектываў, на чале якіх стаялі пераважна настаўнікі беларускіх сярэдніх і ніжэйшых школаў. На 1 студзеня 1968 году таварыства мела ўжо 10 аддзелаў, зь якіх найбольшыя й найбольш дзейныя былі ў Беластоку, Бельску Падляскім, Гайнаўцы, Саколцы, Мілейчыцах, Міхалове, Гарадку й Варшаве, ды 173 гурткі. Усіх сяброў Таварыства было 6 093 асобы (Беластоцкія каляндары, у: „Беларус”, № 107, Нью-Ёрк, люты 1966, с. 2; Ст. Станкевіч, З жыцьця Беларусаў Беласточчыны, у: „Беларус”, № 135-136, Нью-Ёрк, жнівень 1968, с. 2)

Разьвіцьцё беларускае культуры на Беласточчыне шырока асьвятляла „Ніва”, публікацыі якой перадрукоўвала „Бацькаўшчына” (Ніва й Беларусы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 38 (320), Мюнхэн, 16 верасьня 1956, с. 2-3).

„Беларускае насельніцтва ў Польшчы атрымала шырокія магчымасьці культурнага разьвіцьця. Створаны шматлікія беларускія пачатковыя й сярэднія школы, у якіх беларуская моладзь вучыцца на сваёй роднай мове. Разьвіваюцца калектывы мастацкае самадзейнасьці, выдаецца штотыднёвік «Ніва», праводзіцца культурная праца ў гарадох і вёсках Беласточчыны. Аднак гэтыя дасягненьні яўна недастатковыя, а ўзровень культурна-асьветнае працы шмат дзе застаецца яшчэ нізкім. Найвялікшым недахопам, які сур’ёзна стрымлівае далейшае разьвіцьцё культурнае працы сярод беларускага насельніцтва, зьяўлаецца войстры недахоп кадраў з добрымі ведамі беларускае мовы й літаратуры, свае гісторыі, культуры й народных традыцыяў.” (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, у: „Бацькаўшчына”, №№ 7-8 (443-444), Мюнхэн, 22 лютага 1960, с. 7)

Таксама ў ацэнцы газэты „Беларус”, нядрэнна выглядала культурна-асьветная дзейнасьць БГКТ: праводзіліся конкурсы беларускае мовы, наладжваліся па розных мясцовасьцях бібліятэкі, выдаваліся календары-альманахі, навуковыя зборнікі зь цікавымі артыкуламі, у якіх закраналіся пытаньні беларускае гісторыі, літаратуры й мовы (Н. А., Беларусы пад Польшчай „Беларус”, № 100, Нью-Ёрк, ліпень 1965, с. 5).

Пры Беластоцкім аддзеле Польскага этнаграфічнага таварыства ўзьнікла Беларуская этнаграфічная сэкцыя, мэтай якой было зьбіраньне фальклёру й інфармацыяў аб беларускай народнай культуры на Беласточчыне, пашырэньне сярод польскіх вучоных зацікаўленьня гэтай культурай, ладжаньне выставаў беларускага народнага мастацтва. Беларуская этнаграфічная сэкцыя занялася таксама арганізацыяй па мясцох гурткоў фальклярыстаў-аматараў. У хуткім часе паўсталі 2 гурткі ў асяродзьдзі настаўнікаў, у якіх згуртавалася 58 асоб. Больш каштоўныя запісы й дасьледаваньні зь беларускага фальклёру апрацоўваліся да публікацыі ў „Ніве”, а таксама ў зборніку навуковых дасьледаваньняў (Нашыя суродзічы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 36 (472), Мюнхэн, 27 верасьня 1959, с. 4).

„Бацькаўшчына” зьвяртае ўвагу на ўзнаўленьне 13 чэрвеня 1960 году, пасьля некалькімесячнага перапынку, перадачаў на беларускай мове, трансьляваных Бельскім павятовым радыёвузлом. Радыёперадачы рыхтаваліся павятовым аддзелам БГКТ у Бельску Падляскім (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, у: „Бацькаўшчына”, № 30 (514), Мюнхэн, 31 ліпеня 1960, с. 4). Газэта „Беларус” заўважае, што аднак эфірны час, дадзены беларускай меншасьці, быў вельмі сьціплы – на пачатак толькі 15 хвілінаў у тыдзень (Беларусы пад Польшчай, у: „Беларус”, № 84, Нью-Ёрк, сакавік 1964, с. 3).

У 1967 годзе быў заснаваны Беларускі этнаграфічны музэй у Белавежы. Беларускае асяродзьдзе з пачуцьцём крыўды сустрэла ліквідацыю ў палове 70-х гадоў XX стагодзьдзя Беларускага этнаграфічнага музэя ў Белавежы, створанага грамадзкім намаганьнем. На сталае супрацьдзеяньне адміністрацыйных уладаў натыкаліся спробы апрацаваць супольна з Варшаўскім унівэрсытэтам манаграфію беларускага фальклёру. Падобнае стаўленьне было й да выданьня навуковых працаў (Здушваньне беларускае культуры ў Польшчы, у: „Беларус”, № 288, Нью-Ёрк, сакавік 1981, с. 1).

Ніна Баршчэўская