• Цётка – паэтка радыкальных надзеяў
  • 15.07.2006


130 гадоў таму нарадзілася Алёйза Пашкевіч – найбольш вядомая пад псэўданімам Цёткі – беларуская паэтка радыкальных надзеяў. З гэтай нагоды прапануем некалькі фактаў зь ейнага жыцьцёвага й творчага шляху.

Алёйза Пашкевіч увайшла ў беларускую літаратуру як стваральніца радыкальнай рэвалюцыйнай паэзіі. Аднак, у істоце, яе творчы шлях складаўся прынамсі зь некалькіх супрацьстаўных тэматычных і інтанацыйных плыняў.

Нарадзілася Цётка 15 ліпеня 1876 году ў фальварку Пешчын Шчучынскага павету Гарадзенскай губэрні ў сям’і дробнага шляхціца.

Скончыўшы Віленскае 7-кляснае вучылішча, настаўнічала ў вёсцы. У гадох 1902-1904 вучылася на курсах выхавальніцаў у Пецярбурзе. У 1904 годзе здала экстэрнам экзамены зь гімназіяльнай праграмай.

Вярнуўшыся ў Беларусь, дзейнічала галоўным чынам на Віленшчыне й Гарадзеншчыне, пашыраючы рэвалюцыйныя антыцарскія ідэі. У 1905 годзе ў Маскве прыймала ўдзел у нелегальным жаночым зьезьдзе ўсяе Расеі. У гэтым часе была яна ўжо актыўным сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады. Царскія ўлады натрапілі на ейны сьлед.

Уцякаючы ад арышту, Алёйза Пашкевіч выехала ў Львоў, які знаходзіўся ў складзе Аўстра-Вугорскай манархіі. Там прысутнічала на лекцыях у Львоўскім унівэрсытэце, паглыбляючы свае гістарычныя й філязофскія веды. Жыла таксама ў Кракаве. Была студэнткай Ягелёнскага ўнівэрсытэту й сябрам студэнцкай арганізацыі „Spójnia”. У санаторыях Закапанэ лячыла тубэркулёз.

У 1911 годзе Алёйза Пашкевіч выйшла замуж за летувіскага інжынера Кейрыса, што дало ёй магчымасьць – пад зьмененым прозьвішчам – вярнуцца ў Беларусь. Разьвівала актыўную выдавецкую дзейнасьць. Супрацоўнічала з „Нашай Нівай”, рэдагавала часопіс для дзяцей „Лучынка”. У часе Першай сусьветнай вайны працавала мэдсястрою, м. ін. у бараку хворых на тыф. Ратуючы іншых, заразілася гэтай страшэннай хваробай і памерла 18 лютага 1916 году.

Ні шляхецтва, ні каталіцкае веравызнаньне не змаглі накіраваць ейнай сьвядомасьці ў бок польскасьці. Цьвёрда стаяла Цётка на грунце беларускасьці, і ўсё сваё практычнае й творчае жыцьцё падпарадкавала патрэбам беларускага народу.

Сваю творчасьць Цётка распачала ў 1902 годзе. Першыя ейныя творы паявіліся ў каляднай і велікоднай Пісанцы – літаратрных альманахах, якія выдаваліся перад выхадам „Нашай Долі” й „Нашай Нівы”.

Гаворачы пра творчасьць Цёткі, трэба зьвярнуць увагу на тры пэрыяды. Першы пэрыяд прыпадае на гады 1902-1905. У гэты час з-пад ейнага пяра выйшлі такія вершы, як: Мужыцкая доля, Музыкант беларускі, Лета, Восень. Па сваёй мэтадалёгіі й грамадзкай накіраванасьці вершы гэтыя зьмяшчаюцца ў рамках польскага пазытывізму. Выступае ў іх пахвала стваральнага сэнсу сялянскай працы, захапленьне хараством прыроды, спачуваньне сялянскай нядолі. Шукаючы беларускіх крыніц гэтых вершаў, трэба зьвярнуць увагу на спадчыну Францішка Багушэвіч й Янкі Лучыны.

Другі пэрыяд прыпадае на гады 1905-1908. Творы, напісаныя ў гэты час, прасякнуты грамадзкім і палітычным радыкалізмам. Адчуваецца ў іх подых пафасу рэвалюцыйных антыцарскіх надзеяў. Гэтакія творы, як Хрэст на свабоду, Прысяга над крывавымі разорамі, Мора, Рэвалюцыя народная, Пад штандарам, Бура ідзе – хутчэй за ўсё рыфмаваныя праклямацыі, адозвы, дэклярацыі й заклікі. Пішучы такія творы, Цётка ставіла перад сабою, несумненна, актуальныя палітычныя заданьні. Хацела ўплываць на настроі простых людзей дзеля іх удзелу ў антыцарскіх палітычных акцыях.

Трэці пэрыяд творчасьці Цёткі зьмяшчаецца ў гадох 1908-1915. У гэтым часе пісьменьніца вярнулася да пазытывістычнай стылістыкі. У гэтакіх вершах і апавяданьнях, як: На магіле, Грайка, З чужыны, Вясковым кабетам, Асеньнія лісты, Міхаська, Лішняя, Зялёнка не знаходзім нават сьледу тых настрояў, якія дамінавалі ў творчасьці з папярэдняга пэрыяду. У новых творах Цёткі паявіўся матыў пэсымізму, выкліканы ўпадкам рэвалюцыі ды абвастрэньнем уласнай хваробы, якая ў той час была практычна невылечнай. Вершы й апавяданьні апошняга пэрыяду адзначаюцца паглыбленай рэфлексійнасьцю, задуменьнем над жыцьцём, атмасфэрай элегійнасьці й смутку.

Апрача літартурнай творчасьці, на спадчыну Цёткі складаецца яе публіцыстыка. Вядомая яна таксама як аўтарка падручнікаў Лямантар і Першае чытаньне для дзетак беларусаў. Быў гэта вялікі ўклад у асьветніцкую беларускую справу.

Алёйза Пашкевіч пражыла ўсяго 40 гадоў. Ейны ўнівэрсальны літаратурны талент ня змог поўнасьцю вырасьці й расквітнець. Аднак і тое, што стварыла, узбагачае беларускую літаратуру шчырым пафасам, энтузіязмам і верай у лепшы лёс беларускага народу.

Алесь Барскі