• "Сябры прасілі нас, каб мы вярталіся"
  • 18.07.2006
Беларускія судэнты ў Польшчы: cябры прасілі нас, каб мы вярталіся

- Якія твае першыя ўражаньні ад Польшчы, чым Польшча адрозьніваецца ад Беларусі?
Кацярына Тамковіч, белaруская студэнтка стыпэндыйнай праграмы ім. Кастуся Каліноўскага:


Адразу кідаеца ў вочы тое, што людзі тут усьміхаюцца, вельмі ветлівыя, пануюць зусім іншыя адносіны паміж людзьмі.Тут усе просяць адзін у аднаго прабачэньня, аднак ніколі не саступяць табе мейсца ў транспарце. Магчыма, не хапае шчырасьці за гэтай усьмешкай. Але агульныя ўражаньні станоўчыя.

- Як твае сябры й бацькі ўспрынялі навіну аб тым, што ты едзеш вучыцца ў Польшчу? Радаваліся яны ці зайздросьцілі, што казалі табе на разьвітаньне?

Яны казалі:"Вяртайся, мы цябе чакаем!" Бацькі былі маральна падрыхтаваныя да таго, што ў Беларусі я вучыцца не змагу. Сябры казалі, што ім мяне будзе не хапаць, прасілі, каб вярталaся. Магчыма, хтосьці й зайздросьціў, але я гэтага не заўважыла. Спадзяюся, што сярод маіх сяброў няшмат такіх людзей, якія будуць зайздросьціць у падобнай сытуацыі.

- Якія натроі пануюць зараз сярод белaрускай моладзі? Ці зьмянілася штосьці за астатні час?

На сёньняшні момант настроі крыху пэсымістычныя. Некалькі дзён таму ў Варшаве была акцыя салідарнасьці. Мы свабодна прайшлі маршам праз увесь горад. А сябры пішуць, што ў Менску сорак чалавек затрымалі на падыходзе й яшчэ дзесяць каля расейскай амбасады. Шмат каго пасадзілі. Які тут можа быць настрой? Канешне, зараз адчуваньні зусім ня тыя, што былі ў сакавіку. Але ўсе ўпэўненыя, што ня трэба спыняцца, трэба змагацца, працаваць.

- Якую прафэсію ты абярэш у жыцьці і чым, на тваю думку, яна будзе карысная для Беларусі?

Маёй марай была заўсёды прафэсія палітоляга, але я разумела, што на Беларусі атрымаць якасную адукацыю ў дадзенай галіне проста немажліва. Я б хацела займацца журналістыкай. Але ў Польшчы я б усё ж такі хацела вучыцца на палітоляга. Я лічу, што павінна разьбірацца ў гэтай галіне вельмі дасканала, каб рабіць па-сапраўднаму якасную аналітыку.

- Чым Польшча адрозьніваецца ад Беларусі?

Барыс Гарэцкі, актывіст "Маладога Фронту", стыпэндыст праграмы ім. Кастуся Каліноўскага:


Польшча - гэта цудоўная эўрапейская краіна, пабудаваная на хрысьціянскіх прынцыпах дэмакратычнага жыцьця. Палякі - вельмі ветлівы народ, яны вельмі падтрымліваюць нас, бо людзі добра памятаюць часы "Салідарнасьці", калі яны самі змагаліся за сваю свабоду й дэмакратыю.

- Ці спраўдзіліся твае спадзяваньні наконт Польшчы, што табе тут падабаецца, а што - не?

Усё тое, на што я спадзяваўся перад прыездам у Польшчу, спраўдзілася. Я быў упэўнены, што нас тут цёпла сустрэнуць. Палякі насамрэч вельмі добра да нас ставяцца - як да сваіх сяброў. Калі якія недахоы й ёсьць – мы іх паправім самі.

- Ці зьбіраешся ты працягваць сваю грамадзкую дзейнасьць у Польшчы?

Безумоўна, так. На Беларусі я працаваў прэсавым сакратаром "Маладога Фронту", на мяне заведзена ў сувязі з гэтым крымінальная справа. Мне вельмі прыкра знаходзіцца тут у той час, калі маіх сяброў хутка будуць судзіць. Я спадзяюся, што тут нам удасца арганізаваць шырокі рух падтрымкі тых людзей, якія змагаюцца за нашу свабоду ў Беларусі. Я думаю, што правучуся ў Польшчы год, перавядуся на завочную форму й вярнуся ў Беларусь, бо маё месца там.

- На якім факультэце ты зьбіраешся вучыцца?

Нягледзячы на тое, што я працаваў прэсавым сакратаром, я на Беларусі вучыўся на праграміста. Сваю адукацыю па гэтай спэцыяльнасьці я зьбіраюся працягваць у варшаўскай Палітэхнічнай акадэміі.

- Як зьмяніліся настроі студэнтаў за апошні час і ці паўплывалі на гэта падзеі, якія адбыліся ў сакавіку?

Безумоўна, сакавіцкія падзеі ўскалыхнулі студэнцкі рух, спазыцыянавалі моладзь. Зараз гэты дух, які быў у сакавіку, трохі згас. Вядома - лета, час вакацыяў. Але ўжо на пачатку восені дэмакратычныя сілы плянуюць правесьці шырокамаштабныя вулічныя акцыі. Безумоўна, мы - студэнты, мы - беларусы, надалей будзем адстойваць нашыя дэмакратычныя ідэалы й змагацца супраць дыктатуры.

- Каця, чаго табе больш за ўсё не хапае тут, аб чым ты больш за ўсё сумуеш?

Мне не хапае людзей, якіх я лічу роднымі: гэта ня толькі бацькі, але й сябры, якія ўжо сталі больш, чым проста сябрамі. Мне не хапае маёй працы, усіх тых рэчаў, якія дапамагалі мне самарэалізавацца. Часамі зьяўляюцца думкі аб тым, што я больш патрэбная дома, што маё месца там, а ня тут. Не хапае майго ранейшага жыцьця, але на яго месца прыйшло новае, якое я стараюся зрабіць карысным для сябе й для іншых.

Матэрыял падрыхтаваў Аляксандар Папко