• Беларуская мова й культура ў Польшчы - 3
  • 19.07.2006

Беларускія эміграцыйныя газэты час ад часу зьмяшчалі публікацыі пра беларусаў у Польшчы. Закраналіся такія тэмы, як: рэпатрыяцыя насельніцтва зь Беларусі ў Польшчу ды наогул колькасьць беларусаў у Польшчы, а таксама сытуацыя беларускага насельніцтва ў даваеннай і паваеннай Польшчы - пра разьвіцьцё беларускае культуры, школьніцтва й беларускае мовы. Сёньня гутарка пойдзе пра 1970-я гады.>

Нью-ёрская газэта „Беларус” заўважае пагаршэньне сытуацыі беларускага насельніцтва ў Польшчы ў 1970-х гадох ((Здушваньне беларускае культуры ў Польшчы, у: „Беларус”, № 288, Нью-Ёрк, сакавік 1981, с. 1). Спасылаецца на мэмарандум Галоўнае ўправы Беларускага грамадзка-культурнага таварыства з 25 лістапада 1980 году да першага сакратара ПАРП Станіслава Кані, у якім апісваюцца дзеяньні польскіх уладаў за апошнія 10 гадоў, скіраваныя на абмежаваньне грамадзка-культурнага жыцьця беларусаў у Польшчы, што было выклікана пастановай Цэнтральнага камітэту Польскае аб’яднанае рабочае партыі з 20 лютага 1976 году, якая фармулявала прынцып аднароднае польскае этнічнае дзяржаўнасьці. Яна стварыла аснову да непрызнаньня нацыянальнае асобнасьці беларусаў – грамадзянаў Польшчы.

У мэмарандуме пералічаліся неабходныя дзеяньні дзеля нармалізацыі стану беларускага жыхарства Беласточчыны ў кірунку раўнапраўя, асабліва ў галіне асьветы й культуры. Патрабавалася, між іншым:
- забесьпячэньня стабільных прынцыпаў навучаньня роднае мовы для дзяцей беларускае нацыянальнасьці,
- аднаўленьня дзейнасьці зьліквідаваных культурных установаў,
- забесьпячэньня нармальных умоваў творчае літаратурнае й навуковае працы шляхам пабольшаньня выдавецкіх магчымасьцяў, павелічэньня накладу тыднёвіка „Ніва” й стварэньня магчымасьці перадачаў на беластоцкай радыёстанцыі Польскага радыё й тэлебачаньня ў беларускай мове (у той час існавала адна 20-хвілінная радыёперадача на тыдзень). (Тамсама)

„Беларус” зьвяртае ўвагу на прапанову тагачаснага старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Аляксандра Баршчэўскага, прадстаўленую на ваяводзкім пленуме ПАРП, аб стварэньні ва ўсходняй частцы Беластоцкага ваяводзтва беларускае аўтаномнае акругі з усімі пасьлядоўнымі вынікамі, як, прыкладам, абавязковым навучаньнем беларускае мовы (Аўтаномію Беларусам Беласточчыны, у: „Беларус”, № 363, Нью-Ёрк, кастрычнік 1989, с. 2). Гэтая прапанова сталася „кіем у муравейніку”. Адгукнуўся на яе Яцэк Грын, які напісаў, што ў Польшчы няма беларускае праблемы.

„Паводля Грына, беларуская мова – гэта толькі гаворка беларуска-расейскага сумежжа, а гэта значыць, што няма й такой нацыі, як Беларусы” (Юрка Ляшчынскі, Польска-беларускі „дыялёг”, у: „Беларус”, № 365, Нью-Ёрк, сьнежань 1989, с. 5)

У адказ на такія сьцьвярджэньні, „Беларус” працытаваў выказваньне Яўгена Мірановіча:

„Весьці нам спрэчкі ў друку зь некім, хто на поўным сур’ёзе, а разам з тым і заядла цьвердзіць, што няма беларускай мовы, а затым няма й Беларусаў – які-ж сэнс? Нічога такому не дакажаш, бо чым больш рацыяў будзеш мець, тым мацней разьюшыш”. (Тамсама)

У польскім грамадзтве, несумненна, ёсьць шмат людзей, зь якімі варта весьці польска-беларускі дыялёг, але трэба ведаць і пра беластоцкіх цемрашалаў – заўважае на старонках „Беларуса” Юрка Ляшчынскі.

Ніна Баршчэўская