• „Праваслаўная царква ў Польшчы”
  • 24.07.2006


„Праваслаўная царква ў Польшчы” – гэта новая кніга прафэсара Антона Мірановіча, якая нядаўна выйшла пад шыльдай Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку.

Гэта збор Вашых трох папярэдніх публікацыяў, прысьвечаных гісторыя праваслаўя на землях Рэчыпаспалітае ў розныя пэрыяды гісторыі, але гэта ўсё ж ня ёсьць простая кампіляцыя тамоў, якія выйшлі раней.

праф. Антон Мірановіч:
Так, гэта ня простая кампіляцыя. Я шмат што памяняў у паасобных частках гэтай кнігі, датычных розных пэрыядаў гісторыі праваслаўя на польскіх землях. Гэта аднак ня толькі дададзеныя новыя матэрыялы ці бібліяграфія. Гэта – што найважнейшае – была такая спроба паказаць поўны сынтэз гісторыі Праваслаўнай царквы і яе лёсу, які быў зьвязаны з рознымі дзяржавамі. Ня толькі з польскай, але і зь Вялікім Княствам, і зь іншымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі, якія існавалі на польскіх землях у розныя пэрыяды гісторыі, як хаця б у час Першай сусьветнай вайны, Другой сусьветнай вайны.

І здаецца мне, што ўдалося мне паказаць лёс праваслаўя на гэтай тэрыторыі. Удалося паказаць зьмены ў адміністрацыйнай структуры, паасобныя епархіі, мэтраполіі, паказаць, як зьмяняліся юрыдычныя падставы функцыянаваньня Праваслаўнае царквы. І – што найважнейшае – прадставіць уклад Праваслаўнай царквы ў разьвіцьцё тоеснасьці жыхароў як І, гэтак і ІІ Рэчыпаспалітай, а таксама пасьля Другой сусьветнай вайны.

Як далёка сягае гісторыя праваслаўя на польскіх землях?

праф. Антон Мірановіч:
Пачаткі праваслаўя на польскіх землях зьвязаныя зь місіяй сьвятых Кірылы й Мяфодзія, а асабліва іх вучняў, якія ўжо ў ІІ палове XІX стагодзьдзя перакрочылі мяжу Карпатаў. Яны пачалі прапаведваць Божае слова сярод жыхораў сёньняшняе Малапольшчы. Мы зараз маем шмат архэалягічных і дакумэнтальных доказаў, якія адназначна пацьвярджаюць, што місія братоў Кірылы й Мяфодзія праводзілася на тэрыторыі сёньняшняй Польшчы. Гэта ратонды ў Кракаве, Вісьліцы, Сандомежы, Плоцку, пад базылікай у Гнезна, у Познані, на Сьнежцы, ва Ўроцлаве. Гэта амаль уся Польшча да Плоцка была населеная гэтымі часоўнямі, якія нагадваюць мараўскія ратонды. Калі мы зараз знаходзім чарговыя архэалягічныя доказы, то яны толькі зьяўляюцца пацьвярджэньнем таго, дзе праводзілася місія сьвятых Кірылы й Мяфодзія. Дарэчы, існуе таксама шмат пісаных крыніцаў, якія гэта пацьвярджаюць.

Другой такой плыньню, якая замацавала праваслаўе ў Польшчы, была плынь з Усходу пасьля хрышэньня Русі. Тады менавіта на польскую тэрыторыю пачалася экспансія Праваслаўнае царквы з Усходу. Аднак адназначна трэба сказаць, што пачаткі былі зьвязаныя зь місіяй сьвятых Кірылы й Мяфодзія.

Ці заўсёды на польскіх землях, на землях Рэчыпаспалітае праваслаўе карысталася поўнай талерантнасьцю?

праф. Антон Мірановіч:
Не. Былі такія пэрыяды, як хаця б у сярэднявеччы, калі праваслаўе мела аграмадную падтрымку князёў і літоўскіх, і рускіх, і польскіх таксама. Тут трэба адзначыць, што ў сярэднявеччы шмат польскіх князёў мазавецкіх і паморскіх было зьвязаных з рускімі сем’ямі – мелі праваслаўную маці, ці жонку – і праводзілі ў адносінах да праваслаўя талерантную палітыку. З гэтага менавіта пэрыяду паходзіць шмат розных царкоўных інскрыпцыяў у каталіцкіх касьцёлах.

Варта тут таксама згадаць такі ліст княгіні з Брандэнбургіі, якая прыехала ў Плоцк над Віслай і просіць свайго брата, каб той прыслаў для яе трэбнікі на латыні, бо ў Плоцку ўсе па-руску напісаныя. Гэта паказвае, як выглядала сытуацыя хаця б у Плоцку ў XІІІ ст. Гэта дазваляе сьцьвердзіць, што талерантнасьць была тады намнога шырэйшай, чым у пазьнешыя пэрыяды.

Праваслаўныя страцілі шмат правоў, асабліва пасьля Крэўскай вуніі, калі Ягелёны абмежавалі правы, асабліва Ўладыслаў Ягайла. А пазьней ужо пасьля царкоўнай вуніі ў Берасьці ў 1596 годзе, калі польская дзяржава пачала праводзіць контрэфармацыйную палітыку, якая на нашых землях была менш накіраваная супраць пратэстантаў, а больш супраць праваслаўных.

І такая самая цёмная стапрнка ў гісторыі адносінаў да Праваслаўнае царквы - гэта саксонскі час, калі праваслаўным забараняўся доступ да розных функцыяў і пасадаў у горадзе й дзяржаве.

Апошні такі драматычны пэрыяд – гэта канец 30-х гадоў у міжваенны час, калі масава зьнішчаліся праваслаўныя храмы, калі праводзілася акцыя разбурэньня цэркваў на Холмшчыне й Падляшшы.

Урэшце – пасьля Другой сусьветнай вайны Праваслаўная царква карысталася такімі самымі правамі як і Каталіцкая царква, і можна сказаць, што быў гэта пэрыяд вельмі карысны. Царква адбудавала тады сваю структуру, а пасьля 1989 году – ужо ў новай дэмакратычнай рэчаіснасьці – царква карыстаецца ўсімі юрыдычнымі правамі.

Размаўляў Яраслаў Іванюк, Радыё Беласток