• Неўзабаве Беларускі трыялёг
  • 24.07.2006
Напрыканцы ліпеня ў Лапічах, што непадалёк Крынкаў, сустрэнуцца навукоўцы, літаратары й перакладчыкі з усяе Эўропы, каб дыскутаваць пра прысутнасьць беларускай культуры й літаратуры ў сьвеце.

Беларускі трыялёг сёмы ўжо раз ладзіць грамадзкая арганізацыя Аб’яднаньне Villa Sokrates, якое ўзначальвае вядомы беларускі пісьменьнік і публіцыст Сакрат Яновіч.

Спадару Сакраце, пачынаючы ладзіць Беларускі трыялёг, Вы гаварылі, што асноўнай яго мэтай зьяўляецца экспансія беларускай літаратуры ў Эўропе. Ці пасьля гэтых некалькіх гадоў можна сказаць, што беларуская культура, літаратура гэтую экспансію пачала ўжо сапраўды праводзіць?

Сакрат Яновіч:
Можна так сказаць і я нават з радасьцю гэта сьцьвярджаю. Бо на сёлетнім трыялёзе будзе значна больш людзей, больш навукоўцаў і літаратараў з Эўропы, зацікаўленых беларускай культурай, а асабліва літаратурай, чым было на пачатку. У першым трыялёзе, які адбыўся ў 2000 годзе, быў толькі адзін немец і трохі нашых – і гэта ўсё. А цяпер будзе больш чым 10 асобаў з Эўропы і, вядома, некалькі цікавых асобаў ад нас. Але перад усім залежыць мне на тым, каб пачала існаваць беларуская літаратура ў Эўропе.

Ну, скажам, я дапамог у падрыхтоўцы анталёгіі беларускай паэзіі ў Італіі. Гэтым займаецца спадар Антоніё Рафо з Флярэнцыі. Я дапамог у падрыхтоўцы анталёгіі на Вугошчыне. Робіць гэта Пальфальві Ляёш. Маю намер і думаю, што ўдасца мне, заінсьпіраваць падрыхтоўку анталёгіі беларускай літаратуры ў Францыі на францускай мове. У Англіі ўжо нешта такое як анталёгія ўзьнікла значна раней, яшчэ без майго ўдзелу. Рыхтуецца нешта падобнае ў Швэцыі.

Можна тады сказаць, што беларуская літаратура пачынае быць прысутнай у Эўропе. У Эўропе пачынаюць пра яе даведвацца.

Скажам, у Францыі да нядаўна ніхто ня ведаў пра існаваньне беларускай літаратуры. Ведалі пра расейскую, крыху пра польскую ці ўкраінскую, а пра беларускую – нічога. І трэба гэтую цішыню неяк перамагаць. І такі ёсьць галоўны сэнс гэтых канфэрэнцыяў, якія ладзяцца адзін раз у год пад назвай „Беларускі трыялёг”. І гэта ёсьць свайго роду канфэрэнцыі аўтараў гадавіка „Annus Albarthenicus” – „Год беларускі”, які я рэдагую й выдаю. У гэтым тоўстым томе публікуюцца працы аўтараў з усяе Эўропы на іх мовах. І мы прынялі такі прынцып, што ўсё, што датычыць беларускай літаратуры, павінна публікавацца на мовах Эўропы. А з другога боку – усё, што эўрапейскае, асабліва зь літаратуры, мае быць па-беларуску.

І такім чынам, выдаючы гэты гадавік, мы праводзім свайго роду экспансію – падабаецца мне гэтае слова (сьмех) – беларускай культуры ў Эўропу й адначасна эўрапеізацыю тае ж беларускай літаратуры шляхам беларускіх перакладаў з заходніх літаратураў.

Ну, вядома ж, я на гэта ўсё гляджу даволі рэальна. Гэта ня ёсьць нейкая гіганцкая імпрэза, ня ёсьць гэта прадпрыняцьце вялікага маштабу, але гэта ёсьць такі добры пачатак. І магу нават зьдзіўляцца, чаму акурат у нас на Беласточчыне нехта дадумаўся рабіць гэты „Annus Albarthenicus” ці канфэрэнцыю „Беларускі трыялёг”, а чаму ніхто не дадумаўся да такой звычайнай справы ў Менску, дзе патэнцыял значна большы, бо гэта і беларуская дзяржава, і гэтак далей. Але я разумею, чаму. Папросту Рэспубліка Беларусь зьяўляецца рэспублікай антыбеларускай і не спрыяе разьвіцьцю беларускай нацыі, а хоча закансэрваваць гэтую савецкасьць,

Каго сёлета ўдалося Вам прыцягнуць да гэтай ідэі экспансіі беларускай літаратуры ў Эўропе?

С. Яновіч:
Удалося мне зацікавіць беларускай тэматыкай новых людзей.

Гэта будзе, між іншым, італьянец, прафэсар Флярэнтыйскага ўнівэрсытэту Антоніё Марыя Рафо, гэта будзе швэд польскага паходжаньня Матыяс Новак з унівэрсытэту ў Люндзе. Будзе таксама мадзяр Пальфальві Ляёш, які рыхтуе анталёгію беларускай паэзіі на вэнгерскай мове. Гэта нешта такое рыхтуецца ўпершыню, бо дагэтуль для мадзяраў беларуская літаратура проста не існавала. Падобным чынам можна сказаць пра неіснаваньне беларускай літаратуры ў Італіі, хаця зацікаўленьне беларушчынай у іх зьявілася трошкі раней, бо гадоў таму шэсьць ці сем назад у Вэнэцыі выйшла мая кніжыца кароткіх міньяцюраў. Але выйшла яна перад усім таму, што італьянцаў зацікавіў маёй творчасьцю Лёнік Тарасэвіч, які там бываў і бывае часта. Калі б ня ён, то гэтай кніжыцы не было б.

Зьявіўся цяпер таксама новы чалавек у Бэрліне – праф. Гельмут Вагнэр, які займаецца цяпер падрыхтоўкай анталёгіі беларускага апавяданьня. Гэта вельмі важная справа, бо беларуская паэзія на нямецкай мове ўжо ёсьць, а апавяданьняў яшчэ не было.

Так што яшчэ раз паўтару – зацікаўленьне беларускай літаратурай у Эўропе расьце. Не без значэньне тут і той факт, што Польшча апынулася ў Эўразьвязе, і ў нейкім сэнсе перасталі існаваць межы ды павялічылася зацікаўленьне самой Польшчай. І гэтыя эўрапейцы, якія цікавяцца Польшчай, раней ці пазьней сустракаюцца зь існаваньнем беларускай меншасьці й заадно – зь беларускай культурай і літаратурай.

На самы пачатку была Нямеччына, Швэцыя, Вялікабрытанія, зараз – Італія, Вугоршчына, згадваеце пра Францыю. Якія іншыя абшары ў бліжэйшыя гады знойдуцца ў полі зацікаўленьня Аб’яднаньня Villa Sokrates, гадавіка „Annus Albarthenicus” і Беларускага трыялёгу?

С. Яновіч:
Я ўсё прыглядаюся да Гішпаніі й да Партугаліі. Там ужо першыя кантакты маю наладжаныя на Маёрскіх астравах. Гэта ёсьць вельмі важнае, што паяўляюцца людзі, якія ў гэтым бачаць сэнс.

Я аднак разумею, у чым тут справа й чаму так параўнаўча лёгка ўдаецца мне пашыраць зацікаўленьне беларускай літаратурай у сьвеце. Нават наклад гадавіка „Annus Albarthenicus” за гэты час павялічыўся ў чатыры разы. Як сказаў мне ангелец Арнольд МакМілін – зацікаўленьне беларускай літаратурай будзе павялічвацца вельмі хутка перад усім таму, што ніхто раней пра гэтую культуру ня чуў і гэта ёсьць своеасаблівая сэнсацыя, гэта ёсьць тэма абсалютна новая. А тое, што новае й дагэтуль нечуванае, успрымаецца вельмі ахвотна.

Нават апошнім часам атрымаў я просьбу ад швэйцарцаў, каб даслаць ім „Annus Albarthenicus”, бо яны чулі пра такое выданьне й хочуць яго мець.

І ўсё гэта стварае ў мяне пачуцьцё радасьці, што мая праца мае сэнс, што ўдалося мне прыдумаць цікавую ініцыятыву. І гэта дае мне пачуцьцё ненадарэмна пражытых гадоў.

Размаўляў Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток