• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 4
  • 27.07.2006


Беларускія эміграцыйныя газэты час ад часу зьмяшчалі публікацыі пра польскіх беларусаў. Сёньня гутарка пойдзе пра пашырэньне беларусаведнай інфармацыі ў Польшчы.

У Польшчы з 30 верасьня па 9 кастрычніка 1955 году праводзіліся Дні беларускай культуры. Выклікалі яны шырокае зацікаўленьне беларусамі сярод тагачаснай польскай прэсы. Мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына” таксама дала справаздачу зь іх адкрыцьця. Урачыстасьць была наладжана 30 верасьня ў варшаўскім опэрным тэатры. Адкрыў яе старшыня Саюзу польскіх пісьменьнікаў Леон Кручкоўскі. Потым выступілі польскі й беларускі міністры культуры: Уладзімеж Сакорскі й Генадзь Кісялёў. Затым адбыўся вялікі канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх артыстаў. Пазьней хваля падобных мерапрыемстваў пракацілася па іншых польскіх гарадох: Лодзі, Беластоку, Познані, Белавежы, Кракаве. Гастролі ў Польшчы беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў працягнуліся да 9 кастрычніка. ( А. Г. - крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 44 (274), Мюнхэн, 30 кастрычніка 1955, с. 2-3)

Беларусаведныя тэмы закраналіся на розных канфэрэнцыях у Варшаве, між іншым падчас 7 Міжнароднага кангрэсу славістаў 21-27 жніўня 1973 году, у якім узялі ўдзел беларусісты зь Беларусі, між іншым, Мікалай Бірыла, Аркадзь Жураўскі, Іван Крамко, Валянціна Лемцюгова, Віктар Мартынаў, ды з заходніх краінаў – Арнольд МакМілін (Вялікабрытанія), Герман Бідэр (Аўстрыя) Дж. Паўэльс (ЗША) – паведамляе Ст. Станкевіч на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус.”(Ст. Станкевіч, Беларусы й беларусіка на Міжнародным Кангрэсе Славістых у Варшаве, у: „Беларус”, № 198, Нью-Ёрк, кастрычнік 1973, с. 3.).

Беларуская эміграцыйная прэса шырока асьвятляла польска-беларускія культурна-літаратурныя сувязі. У галіне беларусазнаўства польская літаратура ў ХІХ стагодзьдзі займала другое месца, за расейскай – паведамляецца на старонках ковенскага часопіса „Крывіч”. (С. П., Важнейшыя працы аб беларусах у польскай мове, у: „Крывіч”, № 3, Каўнас 1923, с. 48-51).

„Працы аб Беларусі ў польскай мове маюць яшчэ тую карысьць для нас, што яны ўзіраюцца на беларускую справу з іншага пункту гледжаньня, як працы ў расійскай мове; чым, становячы ў многіх здарэньнях контраст расійскім працам, прычыняюцца да выясьненьня праўды”. (Тамсама, с. 48).

Увагу нью-ёрскага часопіса „Запісы” зьвярнула выдадзеная ў Польшчы ў 1978 годзе Анталёгія беларускай паэзіі (Р. Максімовіч - псэўданім Вітаўта Тумаша, Antologia poezji białoruskiej. Wybrał i opracował Jan Huszcza. Wstęp napisał Aleksander Barszczewski. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Biblioteka Narodowa, Seria II, Nr 198, 1978, LVIII + 350 б. Тыраж 5300 экз., у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 143-146)

У анталёгіі зьмешчана ў перакладзе на польскую мову 274 творы: 18 беларускіх народных песьняў, тры ананімныя вершы XІX стагодзьдзя, паэма Тарас на Парнасе ды вершы 32 паэтаў, 8 зь якіх XІX стагодзьдзя, 12 нашаніўскае пары ды 12 паэтаў савецкіх часоў. Пры падборцы аўтараў да перакладу ня бралася пад увагу паэтаў эміграцыйных. Над перакладамі працавалі 22 аўтары, але найбольшая колькасьць твораў – аж 187 – перакладзена рэдактарам выданьня Янам Гушчам (Тамсама, с. 143)

Меркаваньнем Р. Максімовіча:

„Анталёгія, калі й не дае поўнае ды ўсебаковае панарамы беларускае паэтычнае творчасьці, (...) усё-ж уводзіць польскага чытача ў сьвет беларускае паэзіі, ейных тварцоў, хвалюючых іхных тэмаў, ідэяў”. (Тамсама, с. 145)

А. Багровіч (Aleksandra Bergman. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, „Książka i Wiedza”, 1977, 244 б. + ілюстрацыі 32 б., у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 136-143) зьвяртае ўвагу на выхад у Польшчы працы Аляксандры Бэргман пра Браніслава Тарашкевіча, аўтара першай Беларускай Граматыкі для школ. Аўтар адзначае, што А. Бэргман прывяла ў сваёй кніжцы мала вядомыя на Захадзе факты з жыцьця Б. Тарашкевіча.

Эміграцыйныя беларускія мовазнаўцы, крытыкі й публіцысты адзначалі розныя аспэкты польска-беларускіх узаемадачыненьняў. Зьвярталі вялікую ўвагу на кантакты абодвух народаў у галіне літаратуры ды на ўзаемаўзбагачэньне абедзьвюх моваў за кошт моўных сродкаў мовы-суседкі, крытычна адносячыся пры гэтым да бяздумнага запазычваньня адной мовай элемэнтаў мовы другой.

У Польшчы ў Навуковым зборніку Лодзінскага ўнівэрсытэту за 1964 год была зьмешчаная праца аўтарства Мсьціслава Аляхновіча пад назовам Зацікаўленьне беларускай мовай у Польшчы (Новая навуковая праца, у: „Навіны зь Беларусі”, № 13 (15), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1964, с. 6, спасылка на: П. Юр’еў, Беларуская мова і зацікаўленьне ёю ў Польшчы, „Ніва”, 14 чэрвеня 1964). У ёй выкарыстаныя цікавыя гістарычныя матэрыялы, і даецца глыбокая даведка пра выказваньні польскіх летапісцаў, пісьменьнікаў, вучоных і палітычных дзеячаў пра беларускую мову. Праца М. Аляхновіча каштоўная й тым, што яна сыстэматызуе выказваньні польскіх аўтараў, раскіданыя па шматлікіх крыніцах.

Ніна Баршчэўская