• Разьвітаньне зь Янкам Брылём
  • 28.07.2006
Дарагія сябры! Друкавацца пачаў я на прадвесьні 1938 году ў віленскім "Шляху Моладзі". У Саюз пісьменьнікаў прыняты вясною 1945-га. Першы зборнік апавяданьняў выйшаў у канцы 46-га. Дзіўна й ледзь ня сьмешна бывае, колькі пражыў, перажыў...

З боку можа лічыцца, што ўсё было ў асноўным гладка. Але ж гэта ня так. Выпрабаваньняў хапала. Выпрабаваньні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту й калібру. Выпрабаваньні яўным і тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася галоўлітам і рэдактурай, якая была па сутнасьці цэнзурай. Часамі нават больш пасьпяхова замяняла яе...


Вось так сваю лірычную споведзь у кніжцы Блакітны зьніч, выдадзенай каталіцкім выдавецтвам "Pro Christo" пачынае Янка Брыль - беларускі пісьменьнік, які памёр 25 ліпеня гэтага году.

А падзяліцца сваімі ўспамінамі пра Янку Брыля мы папрасілі перакладчыка беларускай літаратуры Чэслава Сэнюха з Варшавы.

Янка Брыль гэта Ваш добры знаёмы... можа нават сябра...

Чэслаў Сэнюх:
Так... Гэта быў мой старэйшы сябра.

Мы знаёмыя былі зь ім гадоў 20-25. Свайго часу я пераклаў на польскую мову кніжку апавяданьняў Янкі Брыля Быстры Нёман.

Гэта была мая такая першая сур’ёзная перакладчыцкая праца. На кніжцы Янкі Брыля я вывучаў літаратурную мову беларускую й беларускую культуру ды ўсё тое, пра што ён пісаў, пра што ўспамінаў. А ён жа там успамінаў гады маладосьці, якія правёў пры Польшчы. Ён жа быў у Польскім войску, а раней вучыўся ў польскай школе у часы ІІ Рэчыпаспалітай.

Пісаў ён вельмі цікава, вельмі глыбока. Пад ягоным пяром проста з прошлага ажывалі людзі. Мне было вельмі цікава працаваць над гэтым матэрыялам, і здаецца мне, што я зрабіў тады ўсё, што мог, каб пераклад атрымаўся адпаведны да арыгіналу.

Пазьней мы зь ім неаднойчы сустракаліся ў Менску й нават калісь мы разам былі ў коласаўскай Альбуці.

Дарэчы, можна сказаць, што Янка Брыль гэта хросны бацька перакладу "Новай зямлі" Якуба Коласа на польскую мову. Гэта ён мне падказаў, каб заняцца гэтым перакладам. Прычым у спосаб нават такі, можна сказаць, правакацыйны.

Ён кажа: "Ты ведаеш, тры поўныя выданьні ўжо выйшлі Пана Тадэвуша Адама Міцкевіча ў трох розных перакладах на беларускую мову. А вось, бачыш, Новай зямлі Якуба Коласа яшчэ ніхто не пераклаў на польскую". Памаўчалі хвіліну й тады ёж кажа: "А можа б Ты ўзяўся за гэта?"

Я ня думаў у той час, што я калі-небудзь сур’ёзна патрактую гэтую прапанову. Але прыехаўшы ў Вашаву ўзяў кніжку ў рукі і стаў перакладаць. І праз два-тры месяцы пасьля майго вяртаньня ў Варшаву я яму ўжо выслаў пераклад першай песьні.

Ён гэта прачытаў і напісаў шмат вельмі добрых словаў у мой адрас. Заахвочваў мяне, каб я надалей працаваў над гэтым перакладам.

Якім чалавекам быў Янка Брыль?

Чэслаў Сэнюх:
Быў чалавекам цёплым, добрым. Чалавекам вельмі цікавым другога чалавека. У гэтым, на мой погляд, самая галоўная вартасьць ягонай творчасьці. Ён быў вельмі цікавы другога чалавека. Пры чым гэтая цікавасьць не перашкаджала яму сябраваць зь людзьмі. Наадварот – сяброўства дапамагала яму раскрыць чалавека й знутры. Гэта вельмі цікава.

І трэба сказаць, што і мае блізкія, і іншыя, хто зь ім пазнаёміўся, дзякуючы маім кантактам зь ім, усе вельмі яго палюбілі й шанавалі, і ён таксама адказваў сяброўствам, любоўю да другога чалавека.

У гэтым сэнсе, мне здаецца, што з гэтага сьвету адышоў проста добры чалавек.

Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток