• 25 № Беларускага гістарычнага зборніка
  • 28.07.2006
Днямі выйшаў з друку 25. нумар Беларускага гістарычнага зборніка, выдаўцом якога зьяўляецца Беларускае гістарычнае таварыства зь Беластоку.

Што вартае асаблівае ўвагі ў гэтым нумары?

праф. Яўген Мірановіч, навуковы рэдактар БГЗ:
Як заўсёды, у Зборніку знайшліся вельмі разнастайныя матэрыялы, разнародныя тэмы.

Ёсьць, між іншым, артыкулы, прысьвечаныя сярэднявеччу на беларускіх землях у гістарыяграфіі.

Адзін з артыкулаў прысьвечаны таксама прысутнасьці езуітаў на беларускай зямлі. Гэты ордэн адыграў даволі важную ролю ў гісторыі Беларусі, і то ў пераломным моманце, бо ў XVІІ-XVІІІ стагодзьдзях. Адзін з дасьледчыкаў, які зараз жыве ў Парыжы, але родам ён зь Беларусі, напісаў пра гэты ордэн артыкул у "Зборнік".

Шмат таксама месца ў гэтым нумары прысьвечана прысутнасьці яўрэяў у гісторыі Беларусі. Беларускія гісторыкі сёньня ўсё больш цікавяцца гэтай тэмай, таму і ў нашым часопісе мае яна сваё адлюстраваньне.

Найбольш аднак месца прысьвечана польска-беларускім адносінам у XX ст. Пачынаючы ад палітыкі "санацыі" ў адносінах да беларусаў у канцы 1939. гадоў. Асабліва ў кантэксьце ўспрыманьня беларусаў як нацыі, якая вельмі прыхільна ставілася да камунізму. У сапраўднасьці гэта выглядала зусім інакш, што відаць са зьмешчанага матэрыялу.

Адзін зь беларускіх гісторыкаў зьмяшчае ў сваю чаргу матэрыял пра польска-беларускія адносіны ў час нямецкай акупацыі. Гэта, трэба прызнаць, даволі складаны пэрыяд для высьвятленьня. І ў нас за гэтую тэму ўзяўся адзін з маладых менскіх гісторыкаў. Ня ёсьць гэта, праўда, першая спроба, але важна зараз тое, што беларускія гісторыкі пачынаюць вельмі адважна карыстацца крыніцамі, якія знаходзяцца і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, ды ўсебакова асьвятляць гэтую праблематыку.

Гэтай тэме прысьвечаныя працы, якія выйшлі ў Нямеччыне. Яны перш за ўсё прысьвечныя, праўда, нямецка-беларускім адносінам, але й пра польска-беларускія дачыненьні ў пэрыяд акупацыі ў іх згадваецца. А цяпер у беларускай гістарыяграфіі здымаецца такая змова маўчаньня вакол гэтай тэмы, і беларускія, асабліва маладыя, гісторыкі пачынаюць гэтым займацца.

Таксама польска-беларускім адносінам прысьвечаны артыкул маладой гарадзенскай дасьледчыцы пра АК-оўскае падпольле на Гарадзеншчыне. Яна піша там пра тое, як яно ўзьнікла, якую адыгрывала ролю і які быў лёс АК-оўскіх фарміраваньняў пасьля Другой сусьветнай вайны.

Можна тады сказаць, што польска-беларускія адносіны ў XX ст., займаюць найбольш месца ў гэтым нумары Беларускага гістарычнага зборніка.

Ці гэта абазначае, што ўсё больш гісторыкаў цікавіцца гэтай тэмай?

праф. Яўген Мірановіч:
Неабавязкова. Проста, наш часопіс арыентаваны на польска-беларускае памежжа й польска-беларускія адносіны. І гэтыя адносіны з XX ст. выклікаюць найбольш эмоцыяў. Таму калі знаходзяцца цікавыя матэрыялы, прысьвечаныя гэтай тэме, мы абавязкова іх зьмяшчаем. Проста, хочацца нам, каб была такая хроніка падзеяў на гэтай зямлі, асьветленая з усіх бакоў. Несумненна, з польскага боку, з боку польскіх вучоных, ёсьць больш працаў, больш выданьняў, больш выказваньняў палітыкаў, дзеячаў. Зь беларускага – несумненна, менш у кожнай катэгорыі. І гэта вельмі добра, што апошнім часам беларускія гісторыкі сягаюць менавіта па гэтую тэму. Добра, што ўзьнікае другі бок у дыскусіі, бо да гэтага часу дыскусія была такая аднабаковая, а хутчэй за ўсё – яе амаль і не было. Быў нейкі савецкі пункт гледжаньня, цяпер яго няма, а пачынае ўзьнікаць беларускі пункт гледжаньня. І вось тое, што мы зьмяшчаем, прадстаўленае зь беларускага нацыянальнага пункту гледжаньня.

Ці гэты польскі і беларускі пункты гледжаньня на тэму польска-беларускіх адносінаў у XX ст. шмат паміж сабою адрозьніваюцца?

праф. Яўген Мірановіч:
Калі б глянулі на гэта дзесяць гадоў таму, то былі б гэта зусім іншыя погляды й ацэнкі. Цяпер чытаю нашых польскіх калегаў, нават з нашага Ўнівэрсытэту ў Беластоку, якія пішуць пра міжваенны пэрыяд, пра тое менавіта, чым я займаюся, і магу сказаць, што мы сёньня ўжо вельмі блізкія ў сваіх ацэнках.

Зразумела, поўнай згоды ў навуцы ніколі няма, бо тады быў бы канец навукі. Калі ўсё будзе высьветленае, тады няма аб чым гаварыць, і навука не існуе. Але мы вельмі набліжаемся ў сваіх пунктах гледжаньня асабліва таму, што даступнымі сталі шматлікія крыніцы і для беларускіх, і для польскіх гісторыкаў.

Беларускія дасьледчыкі прыяжджаюць у Варшаву і дасьледуюць крыніцы, якія знаходзяцца ў Польшчы. Ёсьць таксама магчымасьці паехаць у Горадню, Берасьце ці ў Менск і атрымаць дакуманты, якія агульнадаступныя. А дакуманты, датычныя міжваеннага пэрыяду ці Другой сусьветнай вайны ўжо даступныя. Зразумела, з апошняга пэрыяду і ў Польшчы, і ў Беларусі ня ўсё можна атрымаць, але тыя дакуманты, якія ўзьніклі паўстагодзьдзя таму, ужо наогул і ў Польшчы, і ў Беларусі даступныя.

Размаўляў Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток