• "Беларускія nрыялёгі" ў Лапічах
  • 29.07.2006


Сёмы раз запар у Лапічы непадалёк Крынак на Падляшшы прыехалі навукоўцы, літаратары й перакладчыкі, якія цікавяцца Беларусьсю, з розных эўрапейскіх краінаў, між ішым, з Польшчы, Беларусі, Вэнгрыі, Швэцыі і Італіі.

Арганізатарам імпрэзы зьяўляецца Аб’яднаньне Villa Socrates, якім кіруе вядомы беларускі пісьменьнік і публіцыст Сакрат Яновіч.

Чаго ў васноўным хочаце дабіцца? арганізуючы "Беларускія nрыялёгі"?

Сакрат Яновіч (Крынкі):
Перш за ўсё хацелася б мне пашырыць прысутнасьць беларускай культуры ў Эўропе. У Лапічах адбываюцца сустрэчы аўтараў, зацікаўленых беларускай культурай. Гэта сустрэчы элітныя, сустрэчы, якія маюць сямейны характар. Удзельнікаў няшмат - 10-12 асобаў, і прыяжджаюць сюды людзі з розных куткоў Эўропы - у гэтым годзе, напрыклад, зь Нямеччыны, са Швэцыі, зь Італіі ці з Вэнгрыі.

Яны ўсе так ці інакш цікавяцца беларускай культурай, а гэтую ж культуру трэба неяк папулярызаваць у Эўропе, бо пра яе няшмат у Эўропе яшчэ ведаюць.

Кожная такая сустрэча канчаецца яшчэ й тым, што зімою ўсе прадстаўленыя ў Лапічах рэфэраты мы выдаем у гадавіку "Annus Albaruthenicus". У гэтым гадавіку ўсё пра Беларусь друкуецца на мовах Эўропы, а ўсё эўрапейскае – па-беларуску.

Ці думаеце, што сапраўды гэта добрая задума, каб менавіта шляхам "Беларускіх трыялёгаў" ці гадавіка "Annus Albaruthenicus" папулярызаваць беларускую культуру, літаратуру ў Эўропе?

Алег Латышонак (Беласток):
Аказваецца, што так, бо я, напрыклад, ад некалькіх гадоў публікую ў гэтым гадавіку, і штораз людзі з Эўропы мне гавораць, што бачылі мае публікацыі менавіта ў "Аннусе".

Самы цікавы прыклад быў тады , калі я апублікаваў у "Аннусе" на вэнгерскай мове артыкул пра беларуска-вэнгерскія менавіта адносіны. Проста, хацелася мне, каб і вэнгры пра гэта ведалі, а ім гэта спадабалася й пераклалі ў сваім славістычным часопісе на нямецкую мову, бо кажуць: "Ну, то мы ведаем, а цяпер няхай і сьвет даведаецца".

Юры Вашкевіч (Менск): Я пільна сачу за такога тыпу імпрэзамі і, праўду гаворачы, іншай падобнай імпрэзы ў сьвеце няма. Тыя канфэрэнцыі, якія адбываюцца ў Беларусі, то на іх разглядаюцца такія чыста фармальныя справы. Да таго ж яны абмежаваныя цэнзурай ці самацэнзурай. Тут ёсьць магчымасьць выказацца шчыра, нават калі гэтыя выказваньні супярэчаць думкам іншых.

А па-другое, гэтая інцыятыва друкаваць і даводзіць да іншых народаў на зразумелых для іх мовах інфармацыю пра беларускую культуру зьяўляецца вельмі добрай. Я апошнім часам заўважыў, што літоўцы амаль усё істотнае, што ў іх зьяўляецца ў гісторыі, ці наогул у гуманістыцы, дублююць па-ангельску. Праўда, гэта робіць дзяржава літоўская. І гэта вельмі разумна робіцца, бо літоўскую мову вельмі цяжка вывучыць, і мала хто зь не-літоўцаў яе ведае, а яны такім чынам па-ангельску, па-нямецку, па-француску даносяць да ўсіх свой пункт гледжаньня, які часам бывае спэцыфічны. Таму менавіта лічу, што вось гэтая ініцыятыва вельмі каштоўная.

Абшар, які гэтая ініцыятыва ахоплівае, пэўне ж яшчэ ня надта вялікі, але зь нечага трэба пачаць. Гэты гадавік трапляе ў бібліятэкі, і кожны, хто зацікавіцца, можа ў любы момант сягнуць па яго й пазнаёміцца ня толькі з альтэрнатыўным пунктам гледжаньня, але таксама атрымаць інфармацыю й даведацца, які пункт погляду на тое ці іншае пытаньне маюць беларусы, ці людзі, якія беларушчыне спрыяюць і яе разумеюць.

Вы згадалі тут пра Беларусь і пра тое, што літоўскія гістарычныя публікацыі перакладаюцца на ангельскую мову пры падтрымцы літоўскай дзяржавы.Чаму ў Беларусі ніхто не дадумаўся рабіць такога тыпу імпрэзу?

Юры Вашкевіч (Менск):
У Беларусі можа нехта й порыдумаў бы такую імпрэзу, а можа нехта нават і прыдумаў. Толькі зрабіць яе ў такім менавіта кшталце, у якім яна тут адбываецца, на Беларусі сёньня немагчыма з прычын як палітычных, гэтак і можа нават эканамічных.

Не хацелася б мне выказваць нейкія парадаксальныя параўнаньні, але перад прэзыдэнцкімі выбарамі сустрэча апазыцыйнай сацыял-дэмакратычнай партыі адбывалася ў лесе, бо яны не маглі наняць ніякага памяшканьня. У Менску, дзе 2 мільёны жыхароў, а рознага тыпу заляў можа больш нават, чым у Варшаве, ніхто не хацеў ім наняць памяшканьня, і давялося ім ехаць у лес.

Даволі дыпляматычна. У адной з размоваў са мною Сакрат Яновіч гаварыў менш дыпляматычна, што перш за ўсё беларуская дзяржава не падтрымлівае беларускасьці.

Сакрат Яновіч (Крынкі):
Яна не існуе. Беларускай дзяржавы няма, бо тое, што мы ведаем пад назвай Рэспубліка Беларусь – гэта дзяржава савецкая. Там некалі беларусы як нешта масавае калісьці будуць, але гэта ня хутка. Я даў бы на гэта нейкую біблейскую меру часу: трэба проста пакаленьняў, каб нешта зьмянілася, каб узьнікла сапраўдная беларуская нацыя, бо пакуль яна ўсё яшчэ фармуецца. Гэтая нацыя фармуецца на працягу ўсяго XX ст. і надалей, але ў гэтым фармаваньні ўсё нехта перапыняе – як не расейцы, то палякі, як не палякі, то яшчэ нехта. І таму мы, як беларусы, увесь час знаходзімся ў стане эмбрыёну. Мы ўсё родзімся – родзімся, родзімся й ня можам нарадзіцца.

Беларускай дзяржавы няма, нацыя фармуецца – сумна гэта ўсё гучыць. Але сёньня ў Эўропе клімат для Беларусі даволі спрыяльны. І – як парадаксальна гэта не гучала б – то дзякуючы прэзыдэнту Лукашэнку.

Алег Латышонак (Беласток):
Я не магу з такім поглядам пагадзіцца, бо калі б Беларусь была нармальнай дзяржавай, то для яе настрой у Эўропе быў бы яшчэ больш спрыяльны. Зь Беларусьсю іншыя краіны супрацоўнічалі б і эканамічна, і культурна, і не было б такой праблемы. Так што дзякаваць тут няма каму й за што.

Але ці ўсё ж такі гэтая палітычная сытуацыя не дапамагае ў выводжаньні Беларусі на эўрапейскія салёны?

Сакрат Яновіч (Крынкі):
Дапамагае ў тым сэнсе, што Эўропа наогул даведваецца, што ёсьць нешта такое, як Рэспубліка Беларусь і яе ўлады. Але пэрспэктыва Беларусі можа быць толькі пэрспэктывай нацыянальнай. Эўропа ёсьць проста нацыянальная. І пакуль у Беларусі не ўмацуецца беларуская нацыянальнасьць, да таго часу Беларусь ня будзе мець сур’ёзных пэрспэктываў. Пакуль яна будзе савецкай, то ўсё будзе лічыцца нейкай калёніяй – як не расейскай, то нейкай іншай. Беларусь усё яшчэ нагадвае мне нейкую славянскую Афрыку, дзе існуюць плямёны, але ўсё яшчэ няма нацыі, а ўмовай разьвіцьця зьяўляецца нацыя. Без нацыі ня будзе сур’ёзнага разьвіцьця, а толькі нейкае выжываньне, нейкая пляменнасьць. Усё будзем жыць з чужой нейкай ласкі.

Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток