• „Бельская кааліцыя”
  • 02.08.2006
Пачатак жніўня прынёс рашэньні ў справе ўдзелу беларусаў у выбарах у мясцовае самакіраваньне ў Бельску Падляскім.

Райцы й сымпатыкі „Бельскай кааліцыі”, у склад якой уваходзіць, між іншым, Беларускі выбарчы камітэт, падчас супольнай сустрэчы вырашылі, што ў выбарах трэба браць удзел менавіта пад гэтай шыльдай.

Старшынём „Бельскай кааліцыі” выбраны былы бургамістар Бельска Падляскага, сёньня – дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя зь беларускай мовай навучаньня Андрэй Сьцепанюк.

Андрэй Сьцепанюк:
Пасьля разважаньняў і размоваў, якія адбываліся ў розных асяродзьдзях, мы дайшлі да вываду, што найлепшай формай удзелу ў выбарах у мясцовае самакіраваньне будзе тое, што ўзьнікла 12 гадоў таму – значыць выбарчы камітэт „Бельская кааліцыя”. Зразумела, што цяпер, калі няма яшчэ дакладна акрэсьленага выбарчага календара, цяжка гаварыць пра выбарчы камітэт, але, тым ня менш, адбылася сустрэча райцаў, якія выводзяцца зь „Бельскай кааліцыі”, і яе сымпатыкаў, і ўсе дайшлі да вываду, што чарговы раз павінны мы прыступіць да мясцовых выбараў менавіта пад гэтай шыльдай. І тут мы думаем пра выбары ў паасобныя гміны Бельскага павету, у гарадзкую раду Бельска, а таксама пра магчымасьць удзелу ў выбарах у сэймік Падляскага ваяводзтва.

Зразумела, адной з часткаў „Бельскай кааліцыі”, магчыма, самай важнай часткай, зьяўляюцца людзі, зьвязаныя зь Беларускім выбарчым камітэтам ды зь беларускімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць у горадзе, ці ў павеце. І я перакананы, што мы вельмі актыўна будзем уключацца ў працы над канчатковым фармаваньнем кааліцыі ды адыграем у ёй важную ролю.

Як Вы сказалі, у „Бельскай кааліцыі” вядучую ролю будуць адыгрываць людзі, зьвязаныя зь Беларускім выбарчым камітэтам. Хто яшчэ ўвойдзе ў гэтую кааліцыю?

Андрэй Сьцепанюк:
Па-першае, у нас знойдуцца людзі, якім залежыць на разьвіцьці мясцовага самакіраваньня ў Бельску Падляскім. Гэта людзі, зьвязаныя зь беларускімі арганізацыямі, гэта людзі, зьвязаныя з Саюзам украінцаў Падляшша, але таксама людзі, якія не зьвязаныя зь ніякімі арганізацыямі, якія вядомыя сваёй беззаганнай дзейнасьцю й хочуць уключыцца ў самаўрадавае жыццьё гмінаў, горада ці павету.

Стараемся, каб у нас не было ніякай партыйнасьці.

Калісьці „Бельская кааліцыя” аб'ядноўвала нейкія больш арганізаваныя палітычныя групы. Сёньня мы хочам прыцягнуць да сябе тых людзей, якія вельмі актыўныя ў сваім асяродзьдзі, якія вядомыя ў сваім асяродзьдзі, якія хочуць рабіць нешта на карысьць іншых. Хочам прыцягнуць людзей актыўных і тых, якія вельмі хацелі б мець уплыў на тое, што робіцца ў гмінах, горадзе й павеце.

Я хачу адназначна сьцьвердзіць, што мы адкрытыя на размовы з рознымі актыўнымі людзьмі ў Бельску Падляскім, але хочам адначасова, каб „Бельская кааліцыя” была як найдалей ад партыйнасьці, бо нам партыйнасьць на мясцовым узроўні да нічога непатрэбная.

Мы будзем заахвочваць тых людзей, якія бачаць сэнс самаўрадавай дзейнасьці ў Бельскім павеце, а ніколі не былі сябрамі нейкіх грамадзкіх ці палітычных арганізацыяў, каб уключаліся ў працу „Бельскай кааліцыі”, і будзем прымаць іх зь вялікай ахвотай.

Зараз „Бельская кааліцыя” знаходзіцца ў апазыцыі да гарадзкіх уладаў у Бельску Падляскім. На які вынік разьлічваеце?

Андрэй Сьцепанюк: Я заўсёды падкрэсьліваю, што калі нехта хоча прымаць удзел у выбарах, дык толькі дзеля таго, каб у іх перамагчы і мець рэальны ўплыў на тое, што робіцца ў паасобных гмінах. Напэўна мы будзем мець свайго кандыдата на бургамістра Бельска Падляскага. Будзем таксама мець кандыдатаў на войтаў, перш за ўсё ў гміне Бельск ды ў гміне Орля.

Зразумела, што гэтыя пасады вельмі важныя. Палажэньне аб выбарах ды законы, якія тычацца мясцовага самакіраваньня, войту, бургамістру ці прэзыдэнту горада прыдаюць вялікае значэньне.

Але гэта ня ўсё. Мы хочам шляхам гэтых выбараў акрэсьліць сваё месца ў паасобных гмінных радах, у радзе павету так, каб мець рэальны ўплыў на тое, што робіцца ў нашых гмінах, вёсках, гарадах ды ў павеце.

Зразумела, мы ня йдзем да выбараў толькі й выключна дзеля таго, каб займаць нейкія пасады. Падчас выбарчай кампаніі хочам паказаць нашую праграму, у якой перш за ўсё будзем рабіць стаўку на гаспадарчае разьвіцьцё паасобных гмінаў, бо гэта выглядае ня так ужо й добра, калі паглядзім на Бельскі павет.

Хочам таксама быць кааліцыяй, якая аб'яднае людзей думаючых не пра спрэчкі, а пра згоду, але пры адной умове – пры захаваньні сваёй тоеснасьці й сьвядомасьці таго, што на гэтай тэрыторыі пражываюць людзі розных нацыянальнасьцяў, розных веравызнаньняў, а адну зь вядучых роляў адыгрываюць тут беларусы.

У склад „Бельскай кааліцыі” апрача суб'ектаў, пра якія Вы згадалі, уваходзілі калісь таксама мясцовыя структуры Вуніі працы (UP) ці Саюзу левых дэмакратычных сілаў (SLD). Ці зараз таксама пачнеце размовы з гэтымі групоўкамі?

Андрэй Сьцепанюк:
Мы не адмаўляемся ад размоваў зь нікім.

Хачу таскама зьвярнуць увагу на тое, што чатыры гады таму, калі не ўдалося нам дагаварыцца з Саюзам левых дэмкратычных сілаў, гэта ня мы былі тым бокам, які не хацеў гэтага пагадненьня.

Сёньня ўсе размовы павінны быць партнэрскімі. Больш таго, яны павінны таксама датычыць справаў, якімі ў Бельску трэба хутка заняцца, а не падзелу пасадаў, якія здабудзем пасьля перамогі ў выбарах.

Так што мы напэўна на размовы адкрытыя, але не дазволім трактаваць сябе як нейкі прадмет. Хочам у гэтых размовах быць раўнапраўным партнэрам і маем сьвядомасьць сваёй сілы й таго, што на працягу многіх гадоў удалося нам зрабіць.

Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток