• 38 гадавіна чэхаславацкіх падзеяў
  • 21.08.2006
Сёньня 38 гадавіна ўмяшальніцтва збройных сілаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыне. 200 тысяч жаўнераў з 5 сацыялістычных дзяржаваў увайшло ў гэтую краіну, з мэтаю карных дзеяньняў за гэтак званую "праскую вясну"- гэта значыць, спробу дэмакратызацыі камуністычнай сыстэмы й атрыманьне чэхамі ды славакамі большай незалежнасьці ад Масквы.

21 жніўня 1968 году ноччу каля паловы на трэцюю Чэскае радыё перадало ў эфір паведамленьне, у якім паінфармавала жыхароў краіны пра нашэсьце ўзброеных сілаў з гэтак званых краін - сябровак. Запіс паведамленьня захаваўся ў архіве радыё "Свабодная Эўропа"

Камунікат: Учора, каля 23 гадзіны, узброеныя сілы Савецкага Саюзу, Польскай Народнай Рэспублікі, Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, Вугорскай Народнай Рэспублікі ды Баўгарскай Сацыялістычнай Рэспублікі перасяклі дзяржаўную мяжу Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Раніцай да чэхаў і славакаў у тэлевізійным выступленьні зьвярнуўся прэзыдэнт Людвік Свабода, які паспрабаваў супакоіць грамадзян.

Л. Свабода: У апошніх гадзінах у нашай дзяржаве ўзьнікла вельмі складаная сытуацыя. Будучы прэзыдэнтам Чэхаславацкай Сацыяльістычнай Рэспублікі, я зьвяртаюся да вас з поўнаю адказнасьцю, якая ўскаладзена на мяне ад моманту прыняцьця на сябе гэтай функцыі. Вельмі прашу захаваць разважлівасьць і поўны спакой.

Умяшальніцтва ўзброеных сілаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыне матывавана "палітычнай дактрынай Брэжнева", згодна зь якою, "сувэрэнітэт некаторых сацыялістычных краін ня можа супрацьставіцца інтарэсам міжнароднага сацыялізму."
Чэскае радыё Будзеёвіцэ перадало ў эфір камунікат на расейскай мове,
скіраваны да акупантаў. Жаўнеры, якія ноччу перасякалі мяжу Чэхаславаччыны, пачулі наступныя словы:

Камунікат: Нам сказалі, што ў нас контррэвалюцыя. Але вы бачыце, гледзячы на нашых працаўнікоў ды сялянаў, што гэта няпраўда. Нам сказалі, што Чэхаславаччыне пагражае імпэрыялізм - самі бачыце, што гэта няпраўда. Усё хлусьня. Да нас прыехалі не амэрыканскія, не захадненямецкія, а вашыя танкі. Гэта вы зьяўляецеся агрэсарамі.

26 жніўня кіраўніцтва Чэхаславацкай камуністычнай партыі на чале зь яе лідэрам Аляксандрам Дубчэкам сілай вывезьлі ў Маскву ды прымусілі падпісаць згоду на прысутнасьць саюзных войскаў на тэрыторыі Чэхаславаччыны.

Напярэдадні падпісаньня дамовы Радыё Паўднёвых Мараваў, якое трансьлявала з Брна, зьвярнулася на польскай мове да жыхароў Познані, якая сябравала з чэскім Брном.

Камунікат: Сябры, уявіце сабе, што азначае прысутнасьць акупацыйных узброеных сілаў у Чэхаславаччыне. Вы ж вельмі добра ведаеце, што такое акупацыя. Польскія жаўнеры ў ролі акупантаў штодзённа бачаць, што іх ашукалі. Зрабіце ўсё магчымае, каб польскі народ даведаўся праўду. Зрабіце ўсё магчымае, каб польскае войска выйшла з Чэхаславаччыны.

Празь некалькі тыдняў лічба ўзброеных сілаў ў Чэхаслаччыне ўзрасла да 700 тысяч. Ацэньваецца, што падчас акцыяў пратэсту супраць іх прысутнасьці забіта каля 200 асобаў.

Наступствам трагічных здарэньняў жніўня 1968 году было самападпаленьне студэнта Праскага ўнівэрсытэту Яна Паляха на знак пратэсту супраць чужых войскаў. Ягоная сьмерць выклікала новую хвалю антысавецкіх пратэстаў.

У сакавіку 1969 году савецкія ўлады ўвялі зьмены на пасадзе першага сакратара камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Дубчэка зьмяніў Густаў Гусак, які пачаў ад знясеньня ранейшых рэформаў.

У 1989 годзе, пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму, Аляксандар Дубчэк вярнуўся ў палітычнае жыцьцё й быў абраны старшынём дзяржаўнага парлямэнту.


Караліна Русіновіч