• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 5
  • 31.08.2006



У станаўленьні нацыянальнае тоеснасьці вялікую ролю адыгрывае школа. Зразумела, добра, калі гэта нацыянальная школа, якая прывівае ў дзецях любоў да такіх каштоўнасьцяў, як родная мова, культура, гісторыя. У Беларусі сёньня, на жаль, школа не выконвае гэтакай ролі, але наадварот, выхоўваючы моладзь у расейскім руху, прычыняецца да яе дэнацыяналізацыі.

Для Беларусі гэта не першыня – пэрыяды русыфікацыі перапляталіся з палянізаыйнымі, што шырока абмяркоўвалася на старонках эміграцыйнага друку. Сёньня гутарка пойдзе пра складаныя ўмовы працы беларускіх школаў у міжваенны пэрыяд. НБ


Калі ў 1921 годзе быў падпісаны ў Рызе мір паміж Савецкім Саюзам і Польшчаю, то, згодна з польскай Канстытуцыяй, усе нацыянальныя мяншыні мелі права вучыць сваіх дзяцей у роднай мове. Аднак гэтыя законы для беларусаў былі толькі на паперы, – заўважае Пласкавіцкі на старонках мюнхэнскай „Бацькаўшчыны”, – бо ня толькі не адкрываліся беларускія школы, але паступова закрываліся ўжо існуючыя, што ўтрымоўваліся коштам саміх бацькоў. (Да праблемы беларускіх школаў у перадваеннай Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 6-7 (288-289), Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 6)

У публікаваным Чэславам Мадайчыкам пратаколе канфэрэнцыі ваяводаў з „Крэсаў Усходніх”, што адбылася ў Луцку на Валыні 23 сьнежня 1929 году, паведамляецца, што пра палітыку ў дачыненьні да беларусаў выказаўся наваградзкі ваявода Зыгмунт Бэчковіч. Адзначыў ён, што беларускі рух на Наваградчыне, у сувязі з большай нацыянальнай сьвядомасьцю сярод масаў і блізкасьцю Менску, значна мацнейшы, чым на Віленшчыне. Таму трэба наладзіць кантакты зь цьвярозымі дзеячамі беларускага грамадзтва. Пачаткам арыентацыі беларусаў на Варшаву магло б быць Таварыства беларускае бурсы, што будавалася ў Наваградку. Утраквізацыя школаў была непапулярная і сярод беларусаў, і сярод палякаў. Таму, меркаваньнем міністра Бэчковіча, трэба пастарацца, каб школа польская была лепшая за беларускую, што можа прывесьці да павольнага зьнікненьня беларускае школы. (А. Багровіч, Czesław Madajczyk. Dokumenty w sprawie polityki narodowościowej władz polskich po przewrocie majowym („Dzieje najnowsze”, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, rocznik IV, № 3, 1972, 137-169), у: „Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с.127).
(Сёньня такая практыка назіраецца ў Беларусі на карысьць расейскамоўных школ).

Школьны візытатар Юльян Панятоўскі перасьцерагаў перад занадта павярхоўнымі мэтадамі асыміляцыі ды перад гвалтоўнай ліквідацыяй школаў украінскіх ці беларускіх, „пакуль выпрабаваны тып школы двукультурнай не загарантуе дзяржаўнай думцы ўдачы ў асьветнай палітыцы на «Крэсах Усходніх»”. (Тамсама, с. 127)

У Луцку была прынятая пастанова да ўраду, „каб узяў пад развагу, ці ня трэ было-б завесьці ў беларускія школьныя падручнікі заміж «гражданкі» лацінскі альфабэт, асабліва таму, што прапагандныя падручнікі, якія выдаюцца на тэрыторыі савецкай, паслугоўваюцца ўжо гэтым якраз альфабэтам для агітацыйных мэтаў сярод беларускага жыхарства”. (Тамсама, с. 128)

А. Багровіч падкрэсьлівае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што завостраная санацыйным урадам палянізацыйная палітыка праявілася хутка ва ўсіх галінах жыцьця няпольскага жыхарства дзяржавы. Зь інфармацыяў, пададзеных Чэславам Мадайчыкам, вынікае, што:

„Лік беларускіх школаў з 514 у 1920/21 годзе ўжо ў годзе 1922/23 быў сагнаны да 22, у 1926/27 быў зьведзены да 3-х. Таму аднак-жа, што пачалі паўставаць беларускія тайныя школы, у 1927/28 годзе ўрад быў змушаны лік беларускіх школаў ізноў павялічыць да 23-х. Столькі-ж было адкрыта й школаў утраквістычных, польска-беларускіх. Дадаць тут трэба, што колькі гадоў пазьней і гэтыя ўсе 46 школаў былі ізноў зьліквідаваныя. Закрытыя паступова былі й усе сярэднія школы, што яшчэ існавалі – 4 гімназіі ды заснаваная ў першыя гады санацыйных урадаў дзяржаўная настаўніцкая сэмінарыя”. (Тамсама )

Падобны лёс сустрэў і беларускую бурсу ў Наваградку. Будынак быў пабудаваны. Заставалася толькі закончыць яго ў сярэдзіне. Аднак разам з антыбеларускім курсам Масквы ды масавымі перасьледамі ў БССР, завастрылася палітыка й санацыйных уладаў да беларусаў пад Польшчай. У Наваградак на месца Зыгмунта Бэчковіча быў прызначаны ваяводам пазьнейшы арганізатар канцэнтрацыйнага лягеру ў Картуз-Бярозе Вацлаў Костэк-Бярнацкі. Будынак, а разам зь ім і ўкладзеная праца беларускіх бацькоў і вучняў, быў перададзены пад польскую школу. (Тамсама, с. 129)

У 1926-1927 гадох Таварыства беларускае школы ў Вільні з дапамогаю Беларускага пасольскага клюбу, дзеля ратаваньня беларускага школьніцтва, пачало акцыю складаньня дэклярацыяў. Але пра гэта слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская