• Набліжаецца пачатак навучальнага году
  • 31.08.2006

Хуткімі крокамі набліжаецца пачатак новага навучальнага году. Гэта заўсёды вялікае хваляваньне як для бацькоў, гэтак і для вучняў. А што ўжо гаварыць, калі чарговы навучальны год трэба пачынаць у падпольнай школе. Менавіта ў такой школе – у ліквідаваным беларускімі ўладамі у 2003 годзе Ліцэі імя Якуба Коласа ў Менску – пачне вучобу восем дзясяткаў маладых людзей. Зараз ліцэісты яшчэ адпачываюць, але настаўнікі й дырэкцыя рыхтуюцца ўжо да пачатку навучальнага году.

Гаворыць дырэктар Ліцэя Ўладзімер Колас.

У.Колас:
Як звычайна, ідзе падрыхтоўка, будуць сходы настаўнікаў. Дарэчы, празь некалькі дзён мы дабор ліцэістаў ажыцьцяўляем – у нас яшчэ ўступныя іспыты – адзін тур, бо паступалі заявы на прыём у ліцэй падчас летніх вакацыяў. Таксама ідуць пошукі месца, дзе мы будзем вучыцца, бо, як вядома, у нашым будынку цяпер разьмясьціўся суд. Гэта таксама ілюструе сытуацыю з правамі чалавека і ўвогуле са справядлівасьцю й законнасьцю ў нашай краіне.

А па-за ўсім гэтым нашыя ліцэісты пакуль яшчэ адпачываюць.

Падчас вакацыяў ліцэісты адзін месяц правучыліся ў Польшчы. Раскажыце, як гэта выглядала?

У.Колас:
Ужо ня першы раз падчас вакацыяў, калі вольныя інтэрнаты й школьныя памяшканьні, мы прыяжджаем у Польшчу. Дарэчы, ня толькі ў Польшчу, бо такія навучальныя сэсіі мы праводзілі таксама і ў Літве, і ў Францыі, зараз ідуць перамовы, каб паехаць вучыцца ў Нямеччыну.

У ліпені гэтага году мы якраз былі ў Польшчы. Нам прадставілі інтэрнаты й школьныя памешканьні. Наведалі мы Гданьск і Варшаву, і проста вучыліся там.

Мы вельмі ўдзячныя Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі з Варшавы, які стаў ужо нашым сталым партнэрам у гэтых праектах у Польшчы, а таксама польскай амбасадзе ў Беларусі ды навучальным установам у Польшчы. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што ёсьць людзі, якія разумеюць нашую сытуацыю. Дарэчы, у Польшчы як нідзе нас разумеюць. Ну, у Літве хіба таксама, але ў Польшчы асабліва. Асабліва у Гданьску разумеюць, што такое існаваць у такіх умовах, адстойваць свае прынцыпы перад таталітарнай уладай. Таму менавіта мы вельмі ўдзячныя за такую шчырую, сяброўскую падтрымку.

Колькі ахвотных захацела сёлета паступіць у Ліцэй імя Якуба Коласа?

У.Колас:
50 чалавек выявілі жаданьне вучыцца ў Ліцэі. Гэта надта многа як на нашыя магчымасьці. Мы ня можам усіх прыняць, таму ў Ліцэі ў гэтым годзе ўпершыню за час нашага існаваньня вось у такіх умовах быў конкурс даволі такі вялікі. І дзякуючы гэтаму конкурсу ўзровень абітурыентаў быў значна больш высокім і выкладчыкі вельмі задаволеныя тымі, хто паступіў у гэтым годзе ў Ліцэй. Значыць ізноў паступіў ліцэйскі кантынгент, нашым вэтэранам даводзіцца цягнуцца зараз, напружвацца. І, у прынцыпе, гэтая ліцэйская атмасфэра аднаўляецца – атмасфэра таленавітых, разумных дзяцей, якія сабраліся разам дзеля таго, каб вучыцца – вучыцца на роднай мове.

Ліцэй ня можа дзейнічаць афіцыйна, ня можа дзейнічаць легальна, але тым ня менш зацікаўленьне навукай у ім вялікае. Чым, на Вашую думку, можна гэта тлумачыць?

У.Колас:
З самага пачатку мы ставілі за мэту прэстыжнасьць беларускамоўнай навучальнай установы. Гэтая прэстыжнасьць перш за ўсё дасягаецца ўзроўнем адукацыі, узроўнем выкладчыкаў і асаблівай атмасфэрай, якая з самага пачатку ўсталявалася ў нашым Ліцэі. Гэта атмасфэра сяброўства, партнэрства, узаемнай павагі, таварыства. Вось гэта й вабіць у наш Ліцэй маладых людзей. А бацькоў вабіць перш за ўсё ўзровень ведаў, якія атрымліваюць ліцэісты, і тое, што зь Ліцэя выходзяць нармальныя, адукаваныя й добра выхаваныя маладыя людзі.

Некаторыя бацькі прыводзяць да нас і другіх, і трэціх сваіх сыноў, і дочак. Нягледзячы на тое, у якой сытуацыі знаходзіцца зараз Ліцэй і якое стаўленьне ўладаў да нашага Ліцэя, яны ўсё ж такі вядуць сваіх дзяцей да нас, менавіта таму, што хочуць для іх дабра.

Размаўляў Яраслаў Іванюк, Польскае Радыё Беласток