• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 6
  • 07.09.2006
У станаўленьні нацыянальнае тоеснасьці вялікую ролю адыгрывае школа. Зразумела, добра, калі гэта нацыянальная школа, якая прывівае ў дзецях любоў да такіх каштоўнасьцяў, як родная мова, культура, гісторыя. У Беларусі сёньня, на жаль, школа не выконвае гэтакай ролі, але наадварот, выхоўваючы моладзь у расейскім руху, прычыняецца да яе дэнацыяналізацыі.

Для Беларусі гэта не першыня – пэрыяды русыфікацыі перапляталіся з палянізацыйнымі, што шырока абмяркоўвалася на старонках эміграцыйнага друку. На мінулым тыдні мы гаварылі пра складаныя ўмовы працы беларускіх школаў у міжваенны пэрыяд. Сёньня працяг тэмы.


У 1926-1927 гадох Таварыства беларускае школы ў Вільні з дапамогаю Беларускага пасольскага клюбу, дзеля ратаваньня беларускага школьніцтва, пачало акцыю складаньня дэклярацыяў. Якую вялікую падтрымку гэтае справы выказала беларускае насельніцтва, сьведчыць факт, што на працягу некалькіх месяцаў было складзена дзясяткі тысяч дэклярацыяў.

„Іх прысылалі ў галоўную ўправу Таварыства Беларускае Школы ў Вільню, а адтуль ужо гэтыя дэклярацыі накіроўваліся да Акруговага Інспэктарыяту. Аднак ня інспэктар накладаў на іх рэзалюцыі, а яны чамусьці йшлі далей – да рэфэрэнта... дзяржаўнае бясьпекі, які даручаў сваім урадаўцам «заняцца» пытаньнем беларускіх школаў...

У вызначаны дзень усе бацькі-Беларусы, што злажылі дэклярацыі, павінны былі зьявіцца ў воласьць, дзе прысланы ўрадавец праводзіў розныя допыты. чаму хочаш беларускай школы? чаму не пасылаеш дзяцей у польскую? хто намовіў падпісаць? і г. д., і г. д.
(Пласкавіцкі, Да праблемы беларускіх школаў у перадваеннай Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 6-7 (288-289), Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 6)

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, сярод беларускіх настаўнікаў назіралася імкненьне да адкрыцьця хоць некалькіх беларускіх школаў.

„Ужо ў 1927 г. галоўная-ж управа Таварыства Беларускае Школы, маючы надзею, што ўсё-ж можна будзе адкрыць хоць колькі беларускіх школаў, зарганізавала ў Радашкавічах Настаўніцкія Курсы, на якія зьехалася каля 200 настаўнікаў. Была гэта часткова моладзь, што кончыла сарэднюю асьвету, а пераважна – старэйшыя настаўнікі, якія былі пазбаўлены польскім урадам працы. Вялікая колькасьць настаўнікаў была з Горадзеншчыны, дзе былі беларускія школы ўжо ў часе нямецкае акупацыі (1915-1918), калі быў выдадзены галоўнакамандуючым нямецкімі войскамі фэльдмаршалам Гіндэнбургам загад аб праве карыстацца ў школах ды самаўрадах і беларускаю моваю.” (Тамсама, с. 6)

Настаўніцкія курсы ў Радашкавічах адведаў быў і польскі школьны інспэктар, які прызнаў удзельнікаў Курсаў годнымі быць настаўнікамі. Аднак дазволу на адкрыцьцё беларускіх школаў не ўдалося атрымаць.

Таксама праскі часопіс „Іскры Скарыны” заўважае, што ў 30-х гадох ХХ стагодзьдзя сытуацыя школьніцтва ў Заходняй Беларусі прадстаўлялася вельмі дрэнна. Улады ІІ РП зачынілі больш за 400 беларускіх пачатковых школ, 4 гімназіі й 3 настаўніцкія сэмінарыі. Засталася толькі адна беларуская філія польскае гімназіі ў Вільні й некалькі польска-беларускіх утраквістычных школаў на вёсцы (-ič – праўдападобна, Хведар Ільяшэвіч, Z palou Zachodniaj Biełarusi, у: „Iskry Skaryny”, Praha 1935, s. 81.).

Польскія ўлады тлумачылі сваё рашэньне тым, што беларускія школы былі захоплены бальшавікамі. Каб даказаць, што ня маюць нічога супраць разьвіцьця беларускае культуры, падтрымлівалі фінансава беларускую выдавецкую справу. Пры іх грашовай дапамозе выйшлі: месячнік „Родная мова”, прысьвечаны пытаньням беларускае мовы (Вільня 1930-1931), а таксама „Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні” (Вільня 1933).

Увосень 1934 году Эрвін Кашмідар, вядомы польскі філёляг, пачаў выкладаць на аддзеле славянскае філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту гістарычную граматыку беларускае мовы. Лекцыі адбываліся раз на два тыдні. Апрача гэтага, раз на тыдзень праводзіліся сэмінарныя практыкаваньні .

Ніна Баршчэўская