• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 7
  • 14.09.2006


Сытуацыя беларускага школьніцтва ў Польшчы пасьля Другой Сусьветнай вайны была незайздроснай. На тэрыторыі Бельскага, Гайнаўскага й Сакольскага паветаў у жніўні 1946 году ўлады перавялі ўсё школьніцтва на польскую мову (А. Г. – крыптонім Аляксандра Марговіча, Дні беларускай культуры ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 44 (274), Мюнхэн, 30 кастрычніка 1955, с. 2-3).

Пазьней наступілі зьмены ў лепшым напраму. Нью-ёрская газэта „Беларус” паведамляе, што беларусам у Польшчы, дзякуючы доўгаму змаганьню, удалося адваяваць ад польскага ўраду дазвол на беларускія школы, друк і культурна-грамадзкае жыцьцё, якім на Беласточчыне, Бельшчыне, Сакольшчыне ды ў іншых паветах кіравала Беларускае грамадзка-культурнае таварыства зь сядзібаю ў Беластоку (Н. К., У Беларусі пад Польшчай, у: „Беларус, № 91, Нью-Ёрк, кастрычнік 1964, с. 5).

Мюнхэнская „Бацькаўшчына” спаслалася на „Советскую Белоруссию” („Советская Белоруссия”, Мінск, 2 кастрычніка 1955), якая апублікавала выказваньне міністра асьветы ПНР Вітальда Ярасіньскага, дзе міністар прывёў дадзеныя аб беларускім школьніцтве ў Польшчы. Па яго словах, у Польшчы беларускую мову й беларускую літаратуру як абавязковы прадмет у 1955 годзе вывучала 5530 дзяцей, былі адчынены 62 сяміклясавыя беларускія школы, у якіх вучылася 4500 дзяцей, дзьве сярэднія школы на 600 месцаў і дзьве пэдагагічныя школы на 250 месцаў (А. Г., Дні беларускай культуры ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 44 (274), Мюнхэн, 30 кастрычніка 1955, с. 2-3).

Колькасьць беларускіх школ хутка расла. У 1960 годзе, як паведамлялася на ІІІ Зьезьдзе БГКТ, што адбыўся 29 траўня 1960 году, на Беласточчыне былі 43 пачатковыя школы зь беларускай мовай навучаньня й 127 школ зь беларускай мовай як прадметам, з агульнай колькасьцю каля 12 тысяч дзяцей. Існавалі таксама беларускія сярэднія школы: Беларускія ліцэі ў Гайнаўцы й Бельску Падляскім ды беларускія клясы ў Пэдагагічным ліцэі ў Бельску. Беларуская мова як прадмет выкладалася ў Ліцэі ў Міхалове й Ліцэі ўзгадавальніц дзіцячых садкоў у Беластоку (ІІІ Зьезд БГКТ у Польшчы, „Бацькаўшчына”, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), Мюнхэн, с. 3).

На ІІІ Зьездзе БГКТ была прынятая пастанова па пытаньнях беларускае асьветы ў Польшчы, у якой гаварылася, што:
- таварыства павінна кіраваць усе сілы на прапаганду беларускае асьветы,
- трэба стварыць Стыпэндыяльную раду, якая, зьбіраючы ахвяраваньні на стыпэндыяльны фонд, несла б матэрыяльную дапамогу школьнай моладзі,
- трэба прыкласьці намаганьні, каб пры Катэдры беларускае філялёгіі ў Варшаве зарганізаваць Завочную студыю для настаўнікаў беларускае мовы, якія, ня маючы поўнае вышэйшае адукацыі, маглі б яе здабыць завочна.

Газэта „Беларус” крытычна паставілася да беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Піша пра хуткае скарачэньне колькасьці сапраўдных беларускіх школаў. Калі яшчэ ў 1953-1954 школьным годзе ў Польшчы было 67 беларускіх школаў, дык 10 гадоў пазьней іх засталося толькі 35. Усе іншыя былі пераведзеныя на польскую мову, у якіх беларуская мова выкладалася толькі як дадатковы прадмет. З часам не засталося ніводнае беларускае школы. Газэта „Беларус” заяўляе:

„Ніякіх школаў Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства не кантралюе, і беларускіх школаў няма, так як няма іх і ў БССР. Беларускімі школамі там завуцца тыя школы, у якіх дазволена выкладаць беларускую мову й часамі штось ізь беларусаведы. Яшчэ горшае – адсутнасьць беларускай літаратуры, як школьнай, гэтак тэатральнай, гэтак і наагул – кніжак да чытаньня. І калі ёсьць людзі, што хочуць працаваць у культурна-нацыянальным кірунку, дык яны ў стане майстроў бяз прыладаў” (М-скі, Беласточчына пад Польшчай, у: „Беларус”, № 138, Нью-Ёрк, кастрычнік 1968, с. 6).

Яшчэ больш нэгатыўна піша пра беларускае школьніцтва ў Польшчы таронцкі „Беларускі Голас”, у ацэнцы якога, няма падставаў дзеля таго, каб гаварыць пра беларускае школьніцтва, паколькі ў многіх школах Беласточчыны беларуская мова й беларуская літаратура выкладаюцца толькі як дадатковыя прадметы. Няма ніводнае школы, у якой навучаньне сапраўды вялося б па-беларуску. Такія школы існавалі ў Польшчы да пачатку 60-70-х гадоў XX стагодзьдзя (Міф – „Беларускія школы” на Беласточчыне пад Польшчай, у: „Беларускі Голас”, № 360, Таронта, сакавік 1991, с. 3).

Ніна Баршчэўская