• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 8
  • 21.09.2006

Справа навучаньня беларускае мовы яшчэ больш пацярпела ў выніку зьмены ў лютым 1971 году прынцыпу дабраахвотнасьці навучаньня роднае мовы, а таксама ў выніку „незаконных пастановаў мясцовых уладаў”, занядбаньня ў галіне падручнікаў і навучальных праграмаў. У выніку гэтага лік колькасьці вучняў, які ў гадох 1950-1960 быў замацаваўся на ўзроўні 10-11 тысяч, у 1980/1981 годзе ўпаў да 3400. Заіснавала пагроза, што калі ўтрымаецца такая тэндэнцыя, дык беларускае школьніцтва на Беласточчыне падпадзе пад поўную ліквідацыю альбо абмяжуецца да сымбалічных ці гратэскавых памераў (Здушваньне беларускае культуры ў Польшчы, у: „Беларус”, № 288, Нью-Ёрк, сакавік 1981, с. 1).

У такіх умовах вельмі вялікая роля ўскладалася на настаўнікаў. Па словах мюнхэнскай „Бацькаўшчыны”:

„Беларускі настаўнік павінен імкнуцца абудзіць зацікаўленьне да беларускай мовы, як да мовы роднай. Вучань пачатковай, сярэдняй школы павінен бачыць усю яе прыгажосьць, багацьце, гістарычную спадчыну. Настаўнік павінен навучаць ад сэрца”. (Ніва й Беларусы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 38 (320), Мюнхэн, 16 верасьня 1956, с. 2)

Апрача гэтага, настаўнік павінен арганізаваць культурнае жыцьцё ў школе, забясьпечваць бібліятэкі беларускімі кніжкамі, павінен прапагаваць беларускую культуру, гісторыю, арганізаваць гурткі мастацкае самадзейнасьці й калектыўнага жыцьця сярод моладзі й старэйшых.

„Бацькаўшчына”, спасылаючыся на беластоцкую „Ніву”, адзначала як добрую й карысную зьяву тое, што многія беларускія настаўнікі Беласточчыны выкарыстоўвалі час летняга адпачынку на павышэньне сваіх пэдагагічных кваліфікацыяў і вучыліся ці то ў Завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку, ці ў іншых вышэйшых навучальных установах Варшавы, Кракава, Ольштына (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, у: „Бацькаўшчына”, № 30 (514), Мюнхэн, 31 ліпеня 1960, с. 4).

Нью-ёрскі „Беларус” паведамляе пра стварэньне ў Варшаўскім унівэрсытэце Катэдры беларускай філялёгіі (Катэдра Беларускай Філялёгіі, у: „Беларус”, № 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 2). Пастанова аб стварэньні катэдры была прынятая Сэнатам Варшаўскага ўнівэрсытэту у 1956 годзе. Катэдрай стала кіраваць прафэсар Антаніна Абрэмбска-Яблоньска, а выкладчыкамі былі беларусазнаўцы зь БССР. Беларускую літаратуру выкладалі Васіль Тарасаў і Мікола Бірыла, а ў 1960 годзе – Міхась Ларчанка. Мэтай катэдры была падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў для беларускіх школаў у Польшчы. Усе студэнты абавязкова праходзілі практыку ў беларускіх школах на Беласточчыне.

На першы курс плянавалася прыняць 20 студэнтаў. Катэдра мела супрацоўнічаць з сэкцыяй беларускае мовы пры завочнай Настаўніцкай студыі, якая арганізавалася ў Беластоку (Ніва й Беларусы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 38 (320), Мюнхэн, 16 верасьня 1956, с. 2).

На канфэрэнцыі, наладжанай Міністэрствам асьветы, прапанавалася: арганізаваць сыстэматычнае ўдасканальваньне пэдагагічных кадраў, узмоцніць набор на Катэдру беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту й Настаўніцкую студыю ў Беластоку, якая пачала працу з 28 сьнежня 1957 году. Годам пазьней беларускую філялёгію вывучала там 44 настаўнікі, сярод іх 23 на першым курсе (З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, у: „Бацькаўшчына”, № 6 (392), Мюнхэн, 9 лютага 1958, с. 4).

Нямала было на старонках „Бацькаўшчыны” таксама й крытыкі, датычнай спосабу навучаньня ды спосабу правядзеньня ўступных экзаменаў, напрыклад: на беларускую філялёгію Варшаўскага ўнівэрсытэту ў другой палове верасьня 1958 году кандыдаты маглі здаваць пісьмовы экзамен зь беларускае альбо расейскае мовы, а вусны – з польскае й беларускае літаратуры. П. Залужны зь іроніяй адзначыў, што ня толькі ў Беларусі хуткімі тэмпамі праводзіцца русыфікацыя й дэнацыяналізацыя беларускага народу, але нават у Польшчы беларуская мова так лёгка магла падмяняцца расейскай. Аўтар заўважыў, што беларуская моладзь у Польшчы, несумненна, нядрэнна ведае польскую мову, а беларуская мова гэтак жа параднёная з польскай мовай, як і з расейскай. Да гэтага яшчэ даходзіць польская дзяржаўная прыналежнасьць беларускае моладзі ды факт паступленьня яе на беларусістыку польскім унівэрсытэце. У сувязі з гэтым лягічна было б на першы плян высунуць калі не беларускую, дык польскую мову, а расейскую мову адсунуць на задні плян. Так яно й сталася ў сёньняшні час.

„Гэтае зьявішча замены беларускае мовы расейскай пры ўступных экзаменах на аддзел беларускай філялёгіі можа ўважацца такім чынам нічым іншым, як толькі сьведамым ціскам Масквы, скіраваным на русыфікаваньне беларускае моладзі”. (П. Залужны, Расейшчына й беларускае грамадзтва ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 35 (421), Мюнхэн, 14 верасьня 1958, с. 2)

У ацэнцы часопіса „Навіны зь Беларусі”, важнай галіной, якую вялі супольна варшаўскія й менскія беларусазнаўцы, было ўкладаньне польска-беларускага слоўніка, які выйшаў з друку пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (Беларуская філялёгія ў Варшаве, у: „Навіны зь Беларусі”, № 13 (15), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1964, с. 5-6, спасылка на: „Ніва”, Беласток, 3 траўня 1964) .

Эміграцыйны друк зьвяртае ўвагу на актыўнасьць студэнцкае моладзі ў Польшчы. У 1981 годзе было заснаванае Беларускае аб’яднаньне студэнтаў, што было заўважана газэтай „Беларус” (Я. З. - крыптонім Янкі Запрудніка, Беларускае Аб’еднаньне Студэнтаў у Польшчы, у: „Беларус”, №№ 306-307, Нью-Ёрк, лістапад – сьнежань 1982, с. 6). Узьнікненьне БАС сьведчыць пра зацікаўленьне беларускае моладзі ў Польшчы справамі свае нацыянальнае культуры.

Ніна Баршчэўская