• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 9
  • 28.09.2006



Беларускія эміграцыйныя газэты вялікую ўвагу зьвярталі на паяўленьне ў суседніх краінах Беларусі, у тым ліку і ў Польшчы, літаратуры й прэсы на беларускай мове.

Мюнхэнская „Бацькаўшчына” з задавальненьнем аднатавала паяўленьне беларускіх выданьняў, падрыхтаваных беларусамі ў Польшчы, а менавіта: выхад накладам 4000 асобнікаў Календара БГКТ ды накладам 2000 асобнікаў Зборніка вершаў беларускіх паэтаў у Польшчы, які зьмяшчаў у сабе творы 13 паэтаў, што друкаваліся на старонках „Нівы” (А. Г. - крыптонім Аляксандра Марговіча, З жыцьця Беларусаў пад Польшчай, у: „Бацькаўшчына”, №№ 7-8 (443-444), Мюнхэн, 22 лютага 1960, с. 7). Пра выхад у Польшчы настольнага Беларускага календара на 1969 год, выдаванага Беларускім грамадзка-культурным таварыствам, паведамілі таксама нью-ёрскія „Навіны зь Беларусі” (Ня маючы свайго каледара, расказваюць пра суседзкі, у: „Навіны зь Беларусі”, № 24 (119), Нью-Ёрк, 31 сьнежня 1968, с. 5).

Мюнхэнскі тыднёвік зьвярнуў увагу на зборнік Рунь, выдадзены Галоўным праўленьнем БГКТ, у які ўвайшлі вершы беларускіх паэтаў у Польшчы, згуртаваных у Беларускім літаратурным аб’яднаньні, трыбунай якіх зьяўлялася Літаратурная старонка ў беластоцкай „Ніве” (Нашыя суродзічы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 36 (392), Мюнхэн, 27 верасьня 1959, с. 4).

Нью-ёрская газэта „Беларус” паведамляе пра літаратурнае згуртаваньне „Белавежа”, сябры якога друкуюць свае творы ў тыднёвіку „Ніва”. „Беларус” адзначае таксама выхад вялікіх альманахаў твораў пісьменьнікаў Беласточчыны ды зборнікаў вершаў такіх аўтараў, як: Алесь Барскі, Яша Бурш і Віктар Швэд. Станіслаў Станкевіч выхад Альманаха „Белавежа” акрэсьліў важнай і прыемнай зьявай у беларускім літаратурным жыцьці Беласточчыны (Ст. Станкевіч, Літаратурны Альманах „Белавежа”, у: „Беларус”, № 113, Нью-Ёрк, верасень 1966, с. 3).

Беларускія эміграцыйныя газэты высока ацэньваюць тыднёвік беларусаў у Польшчы. „Бацькаўшчына” заўважае, што „Ніва” павінна быць у кожнай беларускай сям’і, а „Зорка” (дадатак „Нівы” для дзяцей) – выконваць ролю школьнага дапаможніка (ІІІ Зьезд БГКТ у Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 26 (510), Мюнхэн, 3 ліпеня 1960, с. 3). Аднак з горыччу канстатуе, што Народнай Польшчы спатрэбілася аж 10 гадоў, каб “на этнаграфічных беларускіх землях, якімі зьяўлаецца Беласточчына, паўстала першая беларуская арганізацыя (і то толькі грамадзка-культурнага характару) ды выйшла першая газэта ў беларускай мове” (А. Г. - крыптонім Аляксандра Марговіча, Да пытаньня Беларусаў у Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 15 (297), Мюнхэн, 8 красавіка 1956, с. 1).

Ацэньваючы мову „Нівы”, „Бацькаўшчына” піша, што яна не такая стандарызаваная, як у савецкіх газэтах, хоць аднак заўважаецца выразная й галоўная арыентацыя на мову й правапіс савецкі. Сустракаюцца правінцыяналізмы, русыцызмы й палянізмы (лексычныя й граматычныя). Правапіс мае некаторыя (нязначныя й нешматлікія) адхіленьні ад савецкага (магчыма нават не зусім сьвядомыя). Беларускі эміграцыйны тыднёвік адзначае, што „Ніва”, у адрозьненьне ад беларускіх савецкіх газэтаў, часта выступае ў абароне беларускае мовы, пішучы, як важным зьяўляецца карыстаньне сваёй роднай мовай у штодзённым жыцьці (Ніва й Беларусы ў Польшчы, у: „Бацькаўшчына”, № 38 (320), Мюнхэн, 16 верасьня 1956, с. 2).

З часам, у ацэнцы „Бацькаўшчыны”, „спачатна беларуская мова газэты «Ніва» была замененая зрусыфікаваным бээсэсэраўскім жаргонам” (Тамсама). Тым ня меней, аднак беларуская дзейнасьць падтрымлівала беларускую нацыянальную сьвядомасьць і абараняла насельніцтва перад палянізацыяй.

Рост зацікаўленьня беларускім тыднёвікам „Ніва” ў Польшчы, а асабліва на Беласточчыне, заўважыў часопіс „Навіны зь Беларусі”. У яго ацэнцы, ніякая польскамоўная газэта не карысталася на ўсходняй Беласточчыне такой папулярнасьцю, як „Ніва” (Расьце падпіска на беларускую газэту „Ніву”, у: „Навіны зь Беларусі”, № 13 (15), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1964, с. 5, спасылка на: „Ніва”, Беласток, 3 траўня 1964).

Ніна Баршчэўская